Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АПАЗЫЦЫЯ ПРАПАНУЕ НЕ ПРЫМАЦЬ НІЯКІХ ІНІЦЫЯТЫВАЎ У МЕЖАХ ПА АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня ў Вену вылецела дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, у якую ўвайшлі два сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету ў ПА АБСЭ — Анатоль Лябедзька й Віктар Хоміч. Разам зь імі туды накіраваліся дэпутат Уладзімер Кудзінаў і намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук — сакратар дэлегацыі.

Якія ж аргумэнты на сваю карысьць яны агучаць на паседжаньні? Гаворыць супрацоўнік Цэнтральнай каардынацыйнай рады дзеля назіраньня за выбарамі Міхаіл Пліска:

(Пліска: ) "Я падрыхтаваў для нашай дэлегацыі заключэньне пра характар восеньскіх выбараў у так званую Палату прадстаўнікоў. Я зрабіў выснову, што выбары былі несправядлівыя, несвабодныя й непразрыстыя. Мы маем новыя зьвесткі, якія дазваляюць казаць, што выбары не адбыліся ў 43 акругах. Значыць, абрана толькі 67 дэпутатаў, а каб Палата пачала сваю дзейнасьць, трэба як найменш 74 дэпутаты".

Падзяліцца прагнозам пра магчымыя вынікі галасаваньня ў Вене я папрасіў сябра сталай дэлегацыі Вярхоўнага Савету ў ПА АБСЭ Ўладзімера Нісьцюка. І вось што ён адзначыў:

(Нісьцюк: ) "Ёсьць такая магчымасьць — не прымаць цяпер ніякіх новых ініцыятываў у межах Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ. Працэдурна гэтак можа быць: мандатная камісія заслухае два даклады — адной і другой дэлегацыі, і прыме рашэньне, каб Сталы камітэт Парлямэнцкай Асамблеі зьняў гэтае пытаньне з парадку дня як неактуальнае і якое ня мае юрыдычных падставаў. Не разглядаць такога пытаньня. Ці правесьці работу з усімі сябрамі Парлямэнцкай Асамблеі — няма зараз ні юрыдычных, ні палітычных, ні маральных, ніякіх падставаў, каб пераглядаць гэтае рашэньне ці прымаць новае".

На сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнай рады амбасадар Вік паведаміў, што ў сакавіку Беларусь мяркуюць наведаць прадстаўнікі міжнародных структураў.

З 5 па 7 сакавіка Менск наведае Парлямэнцкая тройка. 26-27 сакавіка ў Беларусі будзе ўпаўнаважаны ПА АБСЭ ў пытаньнях сродкаў масавай інфармацыі й свабоды слова сп. Дувэ. Зараз удакладняюцца дакладныя тэрміны яшчэ двух візытаў: тройкі Эўразьвязу й дзейнага старшыні АБСЭ міністра замежных справаў Румыніі Мірча Джэана.

Адметна, што прадстаўнікоў такога ўзроўню ў Менску не было ад часу адкрыцьця тут КНГ АБСЭ, калі на гэтую цырымонію прыяжджаў тагачасны дзейны старшыня, міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк.

Да таго ж, і Парлямэнцкая тройка, якая наведае Менск на пачатку наступнага месяца, складаецца з такіх уплывовых палітыкаў як старшыня ПА АБСЭ Адрыян Сэвэрын, кіраўнік Палітычнага камітэту ПА Рады Эўропы Тэры Дэйвіс ды іншых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG