Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЭС-КАНФЭРЭНЦЫЯ АКТЫВІСТАЎ ТБМ З НАГОДЫ ДНЯ МОВЫ, ЯКІ АДЗНАЧАЮЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫЯ МЯНШЫНІ


Валянціна Аксак, Менск

Міжнародны дзень матчынай мовы адзначаюць найперш тыя народы, мова якіх зьяўляецца моваю нацыянальнае меншасьці. Але ў Беларусі сытуацыя такая, што якраз мова тытульнае нацыі дыскрымінуецца, яна на мяжы фактычнага зьнікненьня.

Пра захады Таварыства беларускае мовы дзеля карэннай зьмены сытуацыі распавяла журналістам старшыня Менскае гарадзкое рады ТБМ Алена Анісім.

(Анісім: ) "Першы кірунак — культурніцкі. Прапаганда, пашырэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы. Другі — прававы кірунак. Гэта абарона права людзей на атрыманьне інфармацыі на беларускай мове, на атрыманьне выхаваньня й адукацыі па-беларуску. Гэта два нашых асноўных кірункі працы".

І ў першым, і ў другім кірунку дзейнасьці ТБМ асаблівага эфэкту дасягнуць складана. Цяперашняе заканадаўства моўныя правы грамадзянаў зводзіць да этнаграфічнага ўзроўню. Яскравы прыклад — новы праект "Закону аб адукацыі", супраць прыняцьця якога пратэстуе ТБМ.

А таксама дзейны "Закон аб сродках масавае інфармацыі", са спасылкаю на які кіраўніцтва Белдзяржтэлерадыёкампаніі практычна вывела беларускую мову з тэлеэфіру гэтак званага першага нацыянальнага каналу.

13 сакавіка гарадзкая рада ТБМ плянуе каля будынку БТ антырусіфікацыйны пікет. Пра гэта паведаміла журналістам Алена Анісім.

(Анісім: ) "Мы падалі заяўку на правядзеньне пікету, бо вельмі рэдка гучыць беларуская мова ў эфіры. Робім гэта, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці".

Актывісты ТБМ распавялі журналістам і пра падрыхтоўку да чарговага зьезду Таварыства, які мае адбыцца 20 траўня. Асноўны дакумэнт, які разгледзяць на зьезьдзе — праект стратэгіі разьвіцьця беларускае мовы ў ХХ стагодзьдзі.

Сваю гатовасьць ўдзельнічаць ў распрацоўцы гэтага дакумэнту выказалі многія навукоўцы й нацыянальна заангажаваныя грамадзкія арганізацыі й некаторыя дзяржаўныя структуры. Сёньня, да прыкладу, сакратарыят ТБМ атрымаў ліст зь Міністэрства абароны краіны, у якім тое пацьвярджае сваё станоўчае стаўленьне да стратэгічных намераў актывістаў беларушчыны.
XS
SM
MD
LG