Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАГРАМА РАЗЬВІЦЬЦЯ ААН УХВАЛІЛА ПЛЯН СУПРАЦОЎНІЦТВА З БЕЛАРУСЬСЮ


Валер Каліноўскі, Менск

Дакумэнт Праграмы разьвіцьця ААН зазначае, што Беларусь з пазыцыі ўстойлівага чалавечага разьвіцьця апераджае іншыя краіны СНД за кошт высокага ўзроўню адукацыі й добра разьвітай сыстэмы аховы здароўя.

Аднак апошнім часам зьяўляюцца праблемы. У прыватнасьці, нягледзячы на высокі ўзровень занятасьці, даходаў паловы беларускіх грамадзянаў не хапае на пражыцьцё, скарачаецца колькасьць насельніцтва з прычыны высокай сьмяротнасьці людзей у працаздольным узросьце.

Беларусь — на адным зь першых месцаў у сьвеце па колькасьці разводаў: на 100 шлюбаў у краіне 65 разводаў. Больш як 15% беларускіх сем’яў складаюць адзінокія маці зь дзецьмі.

Бюджэт праектаў Праграмы разьвіцьця ААН у Беларусі на 2001–2004 гады складае 9,5 мільёна даляраў. Рамачная праграма распрацаваная сумесна зь беларускім урадам і структурамі грамадзянскай супольнасьці. Гэта другі падобны праект ПРААН у Беларусі.

Паводле словаў першага намесьніка міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі, папярэдняя праграма была высокаэфэктыўнай, а самы ўдалы праект — укараненьне сучасных інфармацыйных тэхналёгіяў, найперш доступ да Інтэрнэту для навуковых, грамадзкіх арганізацыяў, структураў грамадзянскае супольнасьці. Плённыя былі таксама праекты падтрымкі незалежных СМІ, сацыяльныя праграмы, прафіляктыка СНІДу.

Гаворыць прадстаўнік ААН у Рэспубліцы Беларусь Ніл Бунэ:

(Бунэ: ) "Два нашыя найбуйнейшых праекты, якія ажыцьцяўляліся апошнімі гадамі — гэта разьвіцьцё Інтэрнэту ў Беларусі, а таксама разьвіцьцё малога й сярэдняга бізнэсу. Мы імкнуліся наладзіць супрацоўніцтва грамадзян Беларусі з прадстаўнікамі іншых краін, і мелі пэўны посьпех.

Нашыя праекты дапамагаюць наладжваць людзям кантакты, як фармальныя, гэтак і нефармальныя, якія дазваляюць вырашаць праблемы краіны".

Адна з галоўных мэтаў новай праграмы — разьвіцьцё дыялёгу ў грамадзтве й пашырэньне доступу да інфармацыі. У прыватнасьці, мяркуецца працягваць разьвіцьцё Інтэрнэту ў Беларусі, падтрымліваць дэмакратызацыю грамадзтва, разьвіваць унутрыпалітычны дыялёг, вырашаць праблемы беднасьці й аховы навакольнага асяродзьдзя. Падобны праект разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці ажыцьцяўляе ў Беларусі і TACIS, які выдаткаваў на гэта 5 мільёнаў эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG