Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ СПАДЗЯЮЦЦА НА РЭПАТРЫЯЦЫЮ БЕЛАРУСАЎ З ЗАМЕЖЖА


Ігар Карней, Менск

Сярод прыярытэтаў — паглыбленьне інтэграцыі ў міжнародны рынак працы й стварэньне спрыяльных умоваў для рэпатрыяцыі беларусаў з замежжа.

Узяць пад кантроль дзяржавы міграцыйныя працэсы вымушае найперш несуцяшальная статыстыка: нават паводле афіцыйных зьвестак, за апошнія 5 гадоў зь Беларусі на сталае месца жыхарства зьехалі амаль 70 000 чалавек.

Акрамя таго (ужо па прыблізных падліках спэцыялістаў НДІ працы), каля 50 000 працуюць за мяжой па кантрактах і нелегальна. Гэтая лічба ўражвае, бо цягам мінулага году на працаўладкаваньне за мяжой далі толькі 131 ліцэнзіі.

Імкліва пашыраецца геаграфія беларускай прысутнасьці. Апроч звыклых кірункаў — ЗША, Ізраіль, Польшча, Нямеччына, Канада — нашых грамадзянаў можна ўбачыць у самых нечаканых месцах.

Так, выхаванец Рэспубліканскай школы алімпійскага рэзэрву Ільля Рудэнка ўладкаваўся ў адзін з аквапаркаў Ганконгу, дзе забаўляе турыстаў скачкамі ў ваду з 20-мэтровага трампліну. Студэнтка гістарычнага факультэту БДУ ўзяла акадэмічны адпачынак дзеля ўдзелу ў танцавальным шоў у Бахрэйне. Нядаўна групу беларускіх будаўнікоў з пратэрмінаваным кантрактам дэпартавалі з Партугаліі.

Але найбольш небясьпечны ад'езд эліты — як навуковай, гэтак і ў сфэры культуры. Сакратар міжведамаснай камісіі ў пытаньнях міграцыі пры Савеце міністраў Людміла Серыкава так тлумачыць неабходнасьць адмысловай праграмы:

(Серыкава: ) "Асноўныя прыярытэты — рэалізацыя заканадаўства ў пытаньнях інтэграцыі прызнаных уцекачоў і барацьба зь незаконнай міграцыяй. Праграма ўжо ўхваленая, але ніякай рэвалюцыі ў гэтым няма. Рэвалюцыя была тады, калі толькі фармавалася заканадаўства.

Зараз ужо існуюць тры міграцыйныя законы, таму база для праграмы рэальная. Напрыклад, хутка будзем далучацца да Міжнароднай канвэнцыі статуса ўцекача — тады гэта запатрабуе дадатковых зьменаў у законе. Але нязначных".

Адметнасьцю дзяржаўнай міграцыйнай праграмы маецца стаць рэпатрыяцыя этнічных беларусаў з замежжа, найперш, з СНД і краінаў Балтыі. Рэпатрыяцыю дазваляюць сабе толькі краіны, якія дасягнулі стабільнага ўзроўню разьвіцьця — прыкладам, Ізраіль, Паўднёвая Карэя, Польшча ды іншыя.

Адзін чыноўнік з НДІ працы ў нефармальнай размове сказаў, што Беларусь такім чынам быццам бы плянуе дасягнуць парытэту паміж колькасьцю тых, хто зьехаў, і тымі, што прыяжджаюць.

Іншая справа, што кваліфікацыя новых беларускіх грамадзянаў саступае згубленым высокакваліфікаваным кадрам. З больш чым 100 000 грамадзянаў, якія пасьля 1991 году прыехалі ў Беларусь пераважна з Расеі, Украіны й Казахстану, 80% маюць рабочыя спэцыяльнасьці. Паводле некаторых падлікаў, менавіта яны паступова папаўняюць армію айчынных беспрацоўных.
XS
SM
MD
LG