Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫНУ МІХАІЛА ЧЫГІРА ПАГРАЖАЕ ДА 15 ГОД ТУРМЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Да гэтага часу Чыгіра-малодшага трымалі ў часовым ізалятары на вуліцы Дабрамышленскай і лічылі часова затрыманым. Цяпер ён абвінавачаны.

Сёньня сына экс-прэм'ера даставілі ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага. Напярэдадні яму прад’явілі афіцыйнае абвінавачаньне ў крадзежы аўтамабіляў. Абвінавачваецца Чыгір-малодшы па артыкуле 205 (частка 4) Крымінальнага кодэксу — гэта крадзеж маёмасьці ў асабліва буйных памерах. Пакараньне паводле гэтага артыкулу — ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

Між тым, паводле адваката Аляксандра Пыльчанкі, вінаватым сябе Чыгір-малодшы не прызнае.

(Пыльчанка: ) "Сваёй віны ён не прызнае, ён сьцьвярджае, што ніякага ўдзелу ў крадзяжы аўтамабіляў ня браў, не прысутнічаў пры гэтым ды нічога пра гэта ня ведае", — паведаміў Свабодзе адвакат Пыльчанка.

Сам адвакат з доказамі, якія сабралі сьледчыя, не знаёміўся й ведае толькі пра тое, што ў справе фігуруюць некалькі скрадзеных аўтамабіляў і пэўная колькасьць запчастак. Адвакат ня ведае, як сьледзтва зьбіраецца зьвязаць гэтыя запчасткі зь ягоным падабаронным.

Сп. Пыльчанка заўважае, што, нават вызначыўшы, што гэтыя запчасткі сапраўды з крадзеных аўтамабіляў, яшчэ трэба даказаць, што менавіта Чыгір-малодшы спрычыніўся да іхнага выкраданьня.

(Пыльчанка: ) "Калі нават і вызначаць гэта — ня доказ, што ён іх скраў. Можа яны маюць якія іншыя зьвесткі, але нам пра гэта невядома".

Пакуль няма звестак пра тое, у якіх умовах трымаюць на “Валадарцы” Аляксандра Чыгіра. Паводле адваката Пыльчанкі, напярэдадні пераводу ў ізалятар, дзе два гады таму трымалі ягонага бацьку, Чыгір-малодшы адчуваў сябе добра й ня меў ніякіх скаргаў.

За дзесяць дзён сьляды пабояў зь ягонага твару сышлі, але раней адвакат дамогся правядзеньня адпаведнай экспэртызы і цяпер спадзяецца, што факт зьбіцьця Чыгіра-малодшага будзе мець юрыдычныя наступствы.

Нагадаю, Аляксандра Чыгіра зьбілі ў міліцэйскім пункце на Камароўскім рынку 10 лютага пасьля затрыманьня.

(Пыльчанка: ) "Няма дакумэнтаў пра тое, быццам мой падабаронны супраціўляўся міліцыянтам, таму факт ягонага зьбіцьця патрабуе прынамсі службовага разьбіральніцтва ці нават крымінальнай справы. Але пакуль мне нават не адказалі на скаргу й не паведамілі вынікаў экспэртызы", — заяўляе адвакат Чыгіра-малодшага.

Тэрмін расьсьледваньня крымінальнай справы Чыгіра-малодшага адвакат вызначыць не бярэцца. Ён падзяліўся зьвесткамі, што для расьсьледаваньня ў Маскоўскім РАУСе створаная група з 12 сьледчых пад кіраўніцтвам сп. Алейнікава.

Не выключаюць, аднак, што справай зоймецца гарадзкая міліцыя. Адвакат спасылаецца на адпаведныя заявы кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў. У любым выпадку, мяркуе Аляксандар Пыльчанка, расьсьледаваньне можа зацягнуцца на некалькі месяцаў і нават на паўгоду.

(Пыльчанка: ) "Я ня думаю, што за два месяцы расьсьледуюць гэтую справу. Мяркую, што пойдзе на гэта каля паўгоду".
XS
SM
MD
LG