Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРУГЛЫ СТОЛ ПАРТЫЯЎ У ГОМЕЛІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Запросіны да круглага стала атрымалі лідэры 11 палітычных партыяў, што засталіся пасьля сумна вядомай перарэгістрацыі. Аднак на сустрэчу зьявіліся толькі сямёра. Праігнаравалі запрашэньне прадстаўнікі АГП, сацыял-дэмакраты ды іншыя.

Вось як матываваў свой адказ старшыня абласной арганізацыі АГП Віктар Карнеенка:

(Карнеенка: ) "Гэта дзяжурнае мерапрыемства, для справаздачы аблвыканкаму. Усе ведаюць пра эканамічныя й палітычныя здабыткі нашай дзяржавы, і калі б адказьней работнікі аблвыканкаму ставіліся да гэтага мерапрыемства, дык тэмай мусіла б быць не абмеркаваньне эканамічнай і палітычнай сытуацыі, а абмеркаваньне кіраўніцтва краіны.

Некалі аб'яднаў Беларусь Чарнобыль, так і сёньня ўсіх адказных людзей краіны мусіць аб'яднаць агульнае стаўленьне да некампэтэнтнага кіраўніцтва Лукашэнкі. Ён ані прафэсійна, ані псыхалягічна ня можа кіраваць краінай, усе гэта ўжо бачаць.

Калі пра гэта захоча аблвыканкам з намі параіцца, мы з задавальненьнем прымем запрашэньне і абмяркуем усё".

Прагнозы адносна марнасьці сустрэчы спраўдзіліся. Невыпадкова кіраўнік рэгіянальнай суполкі ЛДПБ Уладзімер Кірэенка ужо пасьля круглага стала пытаўся: "Дык з чым мы сыходзім?"

Уладныя чыноўнікі перад гэтым ледзь ня дзьве гадзіны інфармавалі рэгіянальных лідэраў пра няпросты сацыяльны стан насельніцтва, нявырашаныя чарнобыльскія праблемы, незайздросны стан аграрнага сэктару.

Старшыня аблсавету Валеры Сяліцкі паказаў сваю дасьведчанасьць, заявіўшы наступнае: з 240 краінаў сьвету калгасы захаваліся толькі ў Беларусі. Але рэфармаваць іх нельга, бо рэгіянальных прапановаў "вярхі" ня чуюць. Лідэр Партыі зялёных Алег Грамыка адказаў яму гэтак: "Трэба зьмяніць "вярхі" на тых, хто чуе".

XS
SM
MD
LG