Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У КРАІНАХ БЫЛОГА СССР УЛАДУ ПЕРАДАЮЦЬ У СПАДЧЫНУ


Юры Дракахруст, Прага

“У шэрагу былых савецкіх рэспублік усталеўваюцца манархічныя мадэлі кіраваньня, краіны робяцца пэрсанальнымі ўладаньнямі іх уладароў,” – мяркуе аўтар артыкулу Дуглас Франц. У якасьці прыкладаў ён прыводзіць Азэрбайджан і Казахстан. Гейдар Аліеў кіраваў Азэрбайджанам яшчэ ў савецкія часы, пасьля зьвяржэньня прэзыдэнта Эльчыбея ён ізноў вярнуўся да ўлады. Зараз бакінскаму ўладару 77 гадоў, ён перанес цяжкую апэрацыю на сэрцы, і галоўная праблема, якая зараз хвалюе яго, – пераемнасьць улады. Ёсьць важкія аргумэнты на карысьць таго, што Аліеў хоча пакінуць свой “трон” у спадчыну сыну – 39-гадоваму Ілхаму Аліеву, намесьніку кіраўніка дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азэрбайджану. Ілхам узначальвае праўрадаваю партыю “Новы Азэрбайджан”, якая атрымала большасьць мейсцаў у парлямэнце падчас апошніх выбараў.

Казахскі лідэр Назарбаеў пэрыядычна праводзіць чысткі свайго ўраду, каб ніхто зь яго магчымых канкурэнтаў ня мог назапасіць аўтарытэт і ўплыў. Наглядальнікі не выключаюць, што Нурсултан Назарбаеў мяркуе перадаць уладу сваёй дачцэ Дарыге, якая валодае шэрагам казахскіх мэдыяў. Муж Дарыгі ўзначальвае казахскую спэцслужбу.

New York Times адзначае, што грузінскі прэзыдэнт Шэварнадзэ – ці не адзіны лідэр у рэгіёне, які ня робіць стаўку на фэўдальныя формы перадачы ўлады.

Сапраўды, крах камунізму не прывёў да “канца гісторыі”, да трыюмфальнага распаўсюджваньня дэмакратыі на ўсе краіны, што вызваліліся ад камунізму ды імпэрскага кантролю. Шэраг зь іх засвойвае палітычныя формы, уласьцівыя сярэднявеччу. Існуе трапная фармулёўка: “Дыктатар несьмяротны, пакуль жывы”. Перадачай улады ў спадчыну дзецям уладары шэрагу постсавецкіх краінаў спрабуюць забясьпечыць сабе несьмяротнасьць і пасьля сьмерці.

Перадача ўлады у спадчыну не паўсюль прымае такія непрыхаваныя формы, як на Каўказе і ў Цэнтральнай Азіі, але і складаная камбінацыя пераходу ўлады ад Ельцына да Пуціна, пры ўсім яе вонкавым дэмакратызме, таксама ў пэўнай ступені была прызначэньнем спадкаемцы. Варта прыгадаць, што першым рашэньнем выканаўцы абавязкаў прэзыдэнта Расеі Пуціна быў указ пра недатыкальнасьць яго папярэдніка.

Цяперашні кіраўнік Беларусі – параўнальна малады чалавек, да таго ж, палітычная сыстэма, што існуе зараз у краіне, ня ёсьць такой, што выключае магчымасьць дэмакратычнай зьмены ўлады. Але калі шанец на гэтыя перамены будзе ўпушчаны, праблема спадкаемства паўстане і перад Аляксандрам Лукашэнкам. І ў найлепшым выпадку ён будзе спрабаваць вырашыць яе так, як Барыс Ельцын.

Нават калі ўладар перамагае ўсіх, нават, калі прадухіляе самую магчымасьць канкурэнцыі і супраціву, у яго застаецца прынамсі адзіны вораг – час.
XS
SM
MD
LG