Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАЎПЛЫВАЕ КРЫЗЫ ВА ЎКРАІНЕ НА СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ?


Валер Каліноўскі, Менск

Нежаданьне афіцыйных уладаў неяк камэнтаваць падзеі ва Ўкраіне многія назіральнікі тлумачаць тым, што ўлады пабойваюцца, каб падобныя радыкальныя настроі не перакінуліся й на Беларусь. Тым больш, што падстава ўкраінскіх падзеяў — зьнікненьне журналіста Георгія Гангадзэ, мае аналяг і ў Беларусі — зьнікненьне Зьмітра Завадзкага, ды й ня толькі яго.

Прадстаўнік Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец зазначае, што яго “ўкраінскія падзеі насьцярожваюць”.

(Чаргінец: ) "Мы пакуль ня ўмешваемся ва ўнутраныя справы Ўкраіны, але ўважліва назіраем, цікавімся. Наша пазыцыя такая, што трэба каб сам украінскі народ разабраўся ў гэтай сытуацыі. Для нас найлепшы варыянт — чакаць, а для іх найлепшы — хутчэй разабрацца, не даводзячы гэтай справы да кіпеньня й процістаяньня ў краіне", — мяркуе Мікалай Чаргінец.

Прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных структураў таксама сьцьвярджаюць, што не жадаюць ўмешвацца ва ўнутраныя справы Ўкраіны.

У прыватнасьці, лідэр Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка зазначыў, што ягоная партыя, якая мае шчыльныя кантакты з Рухам, аніякай маральнай падтрымкі сваім калегам не аказвае. Зрэшты, па гэтую падтрымку й не зьвярталіся.

Па словах Вячоркі, адзінае, чаго хоча БНФ — каб Украіна выйшла з крызысу ўзмоцненай, па-ранейшаму незалежнай, паколькі існуе небясьпека, што гэтым могуць скарыстацца прарасейскія сілы.

Лідэр Партыі камуністаў Беларусі Сяргей Калякін паведаміў, што ягоная партыя сваім партнэрам лічыць не сацпартыю Аляксандра Мароза, а КПУ пад кіраўніцтвам Пятра Сіманенкі. С.Калякін мяркуе, што КПУ прыняла правільнае рашэньне падтрымаць агульную акцыю па адхіленьні Кучмы ад улады.

(Калякін: ) "Калі б пачалося падаўленьне ці сілавое вырашэньне праблемаў, мы маглі б выказаць сваю пазыцыю пра недапушчальнасьць у сучасным сьвеце такіх дзеяньняў. Але там пакуль што ўсё адбываецца ў межах агульнапрынятых у сьвеце стандартаў.

Пратэст апазыцыі абсалютна законны й адбываецца ў прымальных межах. Дзеяньні ўладаў таксама не пераходзяць межаў надзвычайнасьці", — мяркуе С.Калякін.

Відаць, адзіны зь беларускіх палітыкаў, які нядаўна наведваў Кіеў, быў сьведкам тамтэйшых падзеяў, абмяркоўваў іх з украінскімі калегамі — намесьнік старшыні БСДП “Народная грамада” Ўладзімер Нісьцюк. Ён быў госьцем чарговага зьезду Сацыял-дэмакратычнай партыі Ўкраіны (аб’яднанай). Уладзімер Нісьцюк мяркуе, што трэба асьцярожна ставіцца да таго, што адбываецца ў Кіеве.

(Нісьцюк: ) "Левыя і правыя ва Ўкраіне цяпер сталі побач. Калі ў нас Беларускі народны фронт з Камунітсычнай партыяй Калякіна сядзяць у Кансультацыйнай радзе апазыцыйных партыяў, мы гэта разумеем, бо мы змагаемся супраць рэжыму колькі ўжо гадоў.

Ва Ўкраіне раптам левыя і правыя аб'ядналіся супраць Кучмы, такі гвалт — Кучма дыктатар. Хаця параўнаць Кучму й нашага Аляксандра Рыгоравіча цяжка".

Спадар Нісьцюк згодны, што, нягледзячы на тое, што ўкраінскія дэпутаты й палітыкі досыць актыўна рэагавалі на падзеі ў Беларусі, прыяжджалі на акцыі, рабілі заявы, зь Менску адэкватнага адказу няма.

(Нісьцюк: ) "Зараз мы нават і сродкаў ня маем, каб гэтую салідарнасьць неяк выказаць — нават каб паехаць і некага падтрымаць ці не падтрымаць".

Ці можа беларуская апазыцыя скарыстацца тымі ж мэтадамі, якія выкарыстоўваюцца дзеля адхіленьня ад улады Леаніда Кучмы?

(Нісьцюк: ) "Нельга на Беларусь прыкласьці лекала Югаславіі, Украіны — гэта розныя сытуацыі.

Ва Ўкраіне шмат тэлеканалаў ёсьць, якія належаць апазыцыйным уладзе людзям і структурам. Ва Ўкраіне ёсьць жывы бізнэс, які падтрымлівае палітычныя рухі й грамадзкія аб'яднаньні. Там Мароз ды іншыя маюць магчымасьць праз афіцыйныя структуры ўлады, парлямэнт працаваць, ніхто іх не разганяе, не выкідае з кабінэтаў".

Паводле Ўладзімера Нісьцюка, украінскія палітыкі сёньня самі зацікаўленыя, каб іхны канфлікт не выходзіў за межы Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG