Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЭНТАР “ВЯСНА” ПРАДСТАВІЎ ШТОГАДОВЫ АГЛЯД ПАРУШЭНЬНЯ ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў БЕЛАРУСІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Падобныя штогадовыя агляды праваабарончы цэнтар "Вясна" рыхтуе з 1998 году. Сёлетні агляд уяўляе сабой кроніку парушэньня беларускімі ўладамі правоў чалавека ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця.

Больш як на 170 старонках кнігі праваабаронцы згадваюць усе вядомыя й малавядомыя факты леташняга наступу ўладаў на правы й свабоды грамадзянаў. Найбольш вялікімі ды інфармацыйна насычанымі сталі разьдзелы, дзе апісваюцца факты перасьледу арганізатараў і ўдзельнікаў масавых акцыяў апазыцыі, крымінальны перасьлед вядомых асобаў, рэпрэсіі супраць удзельнікаў байкоту выбараў і гэтак далей.

Агляд таксама падае кроніку зьнікненьня апэратара тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага, факты жорсткага абыходжаньня з затрыманымі ўдзельнікамі апазыцыйных акцыяў, а таксама парушэньні правоў грамадзянаў на свабоду слова, ціск на недзяржаўныя СМІ й журналістаў.

Паводле намесьніка кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, летась улады таксама ўзмацнілі рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў нацыянальных і рэлігійных меншасьцяў, а спэцслужбы актывізавалі ціск на палітычна актыўных грамадзянаў.

Самымі ж яскравымі фактамі парушэньня правоў чалавека, на думку аўтараў агляду, сталі масавыя затрыманьні прадстаўнікоў апазыцыі й журналістаў на 25 Сакавіка, суд над Міхаілам Чыгіром, рэпрэсіі супраць актывістаў акцыі "Байкот-2000", а таксама арышт маёмасьці друкарні "Мэджык".

Адзін з аўтараў агляду Валянцін Стэфановіч лічыць, што летась парушэньні правоў чалавека ў Беларусі сталі больш масавымі. Вось ягонае меркаваньне:

(Стэфановіч: ) "Сытуацыя з правамі чалавека пагаршаецца, і пагаршалася цягам 2000 году. Чаму ўлады гэтак сябе паводзяць? Ну, па-першае, перад пачаткам выбараў галоўная задача ўлады — утрымацца, таму трэба запалохаць і наладзіць жорсткія рэпрэсіі супраць прадстаўнікоў апазыцыі, каб яны не змаглі зьмяніць сытуацыі. А па-другое, гэта працяг усіх папярэдніх гадоў кіраваньня Лукашэнкі і кіраваньня гэтага рэжыму".

На прэзэнтацыі праваабарончага агляду цэнтру "Вясна" выступілі ягоны кіраўнік Алесь Бяляцкі, жонка былога прэм'ера Юлія Чыгір, жонка зьняволенага дэпутата Андрэя Клімава Тацяна, Валеры Шчукін ды іншыя вядомыя ў Беларусі праваабаронцы. На гэтым мерапрыемстве прысутнічаў амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Майкл Козак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG