Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ПІНСКУ ЗЬБІРАЮЦЬ “СТАНОЎЧЫЯ СПРАВЫ”


Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

Яшчэ 13 студзеня пінскі гарвыканкам накіраваў ва ўсе арганізацыі й прадпрыемствы гораду ліст наступнага зьместу:

"Дзеля стварэньня Банку станоўчых справаў [у арыгінале па-расейску "Банк положительных дел"] просім цягам месяца прадаставіць у аддзел арганізацыйна-кадравай работы зьвесткі (лічбы, факты, колькі пабудавалі, адрамантавалі, здалі ў эксплюатацыю, набылі, выдаткавалі сродкаў ды іншыя важныя паказчыкі працы арганізацыі ці ўстановы за 1995–2000 г.)".

Дзеля чаго ствараецца гэты Банк станоўчых справаў, ліст не паведамляе. Па адказ на гэтыя ды іншыя пытаньні мы зьвярнуліся да намесьніка старшыні пінскага гарвыканкаму Ўладзімера Федаровіча, які напісаў гэты загад.

(Федаровіч: ) "Кожны чалавек на сваім працоўным месцы рана ці позна падводзіць вынікі. Таму й мы вырашылі паглядзець на нашыя вынікі па галінах. Па-другое, гэтая інфармацыя дзеля падрыхтоўкі аналітычнага матэрыялу, які будуць выкарыстоўваць у сваёй працы інфармацыйныя групы. З дапамогай гэтых зьвестак яны будуць інфармаваць працоўныя калектывы аб працы выканаўчай улады, абапіраючыся на какрэтныя лічбы".

Спадар Федаровіч абверг, што гэтыя справаздачы могуць быць прымеркаваныя да выбараў на прэзыдэнта ды робяцца на загад зьверху. Паводле ягоных словаў, гэта ўласная ініцыятыва пінскага гарвыканкаму.

Аднак жа можна меркаваць, што калі выканкамаўскі банк называецца Банкам станоўчых справаў, дык наўрад ці зараз і напярэдадні выбараў на выканкамаўскіх палітінфармацыях будуць згдаваць адмоўныя справы, якія рабіліся за часам, калі кіравала вэртыкаль.

Паводле нашых зьвестак, некаторыя справаздачы выканкам не прыняў, а адправіў на дапрацоўку — яны ўтрымлівалі інфармацыю ня толькі пра станоўчыя справы.
XS
SM
MD
LG