Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНПРАКУРОР РАСЕІ АДМОВІЎСЯ АДКАЗАЦЬ НА ПЫТАНЬНЕ, ЦІ ЖЫВЫ ЗЬМІЦЕР ЗАВАДЗКІ


Юры Сьвірко, Менск

Расейскі генпракурор таксама абяцае даслаць у Менск усе матэрыялы сьледчых дзеяньняў у справе Завадзкага, што рабіліся ў Маскве на замову беларускіх пракурораў, якія гэтыя матэрыялы засакрэцілі.

Сёньня генэральны пракурор Расейскае Федэрацыі Ўладзімер Усьцінаў ладзіў простую лінію з чытачамі маскоўскае газэты "Известия", адказваючы на іхныя тэлефанаваньні. Пасьля некалькіх спробаў пашанцавала дазваніцца й мне.

(Усьцінаў: ) "Юры, добры дзень!"

(Сьвірко: ) "Маю да вас два пытаньні. У Менску летась 7 ліпеня зьнік Зьміцер Завадзкі, тэлеапэратар ОРТ.

Беларуская пракуратура зьвярталася да расейскіх калегаў у гэтай справе, але нічога нам не паведамляе. Можа, вы ведаеце, ці жывы гэты супрацоўнік расейскае тэлекампаніі?"

(Усьцінаў: ) "Я думаю, што расьсьледаваньне вядзецца Пракуратурай Беларусі. Там, сапраўды, пэўныя сьледчыя дзеяньні праводзіліся паводле ейных даручэньняў нашай пракуратурай. На жаль, зараз адказаць адназначна на вашае пытаньне я ня маю магчымасьці.

Але вынікі працы нашых сьледчых, я думаю, не таямніца. Калі вас канкрэтна цікавіць, што атрымалі нашыя сьледчыя, — напішыце, калі ласка, на маё імя заяву. Мы вам дамо падрабязны адказ".

(Сьвірко: ) "Беларускія пракуроры ані слова нам ня кажуць, адно папярэджаньні журналістам даюць — за раскрыцьцё таямніцы сьледзтва. Тут адна газэта напісала, што Лукашэнка звольніў вашага калегу Бажэлку, бо той выйшаў на брыгаду ўнутраных войскаў, якая Завадзкага забіла".

(Усьцінаў: ) "Я не гатовы вам зараз пракамэнтаваць дзеяньні прэзыдэнта Беларусі, таму што ня ведаю, што там адбываецца. Але што да сьледчых дзеяньняў на тэрыторыі Расеі, я думаю, мы дамо вам вычарпальны адказ".

(Сьвірко: ) "А вы ня можаце ў межах "саюзнае дзяржавы" даслаць запыт у Менск?"

(Усьцінаў: ) "Ну дык пачакайце. Для таго, каб я нешта даслаў, я мушу ад вас атрымаць тыя пытаньні, якія вас цікавяць. Дамовіліся?"

(Сьвірко: ) "Так, але гэта ўсіх цікавіць, ня толькі мяне".

(Усьцінаў: ) "Я вось і кажу, што ўсіх — агульныя фразы. А так вы мне канкрэтна…"

(Сьвірко: ) "Значыць, беларускія пракуроры вам справаздачы не даюць?"

(Усьцінаў: ) "Яны — сувэрэнная дзяржава й ня могуць даваць нам справаздачы", — заявіў генэральны пракурор Расеі Ўладзімер Усьцінаў у часе сёньняшняй простай тэлефоннай лініі з чытачамі газэты "Известия".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG