Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІМІ БУДУЦЬ РЭКАМЭНДАЦЫІ ПРАДСТАЎНІКОЎ РАБОЧАЙ ГРУПЫ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ


Юры Дракахруст

Мэта місіі – азнаямленьне з сытуацыяй у краіне. На падставе вынікаў сваіх сустрэчаў у Менску сябры дэлегацыі мусяць падрыхтаваць справаздачу для мандатнай камісіі Парлямэнцкай асамблеі, якая будзе вырашаць, хто мусіць прадстаўляць у асамблеі заканадаўчую уладу Беларусі – Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ці “палата прадстаўнікоў” “нацыянальнага сходу”.

За 4 апошнія гады ПА АБСЭ 4 разы пацьвярджала паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня як адзінага правамоцнага заканадаўчага воргану Беларусі. Ці можа сытуацыя зьмяніцца зараз, ці можа ПА АБСЭ прызнаць палату прадстаўнікоў правамоцным парлямэнтам Беларусі?

(Дракахруст: ) “Наколькі я разумею, місія, што прыбыла сёньня ў Беларусь, не паставіць апошнюю кропку – ёсьць яшчэ Сталы камітэт ПА АБСЭ, ёсьць, нарэшце, сама асамблея, якая будзе прымаць канчатковае рашэньне. Але як могуць разьвівацца падзеі? Хачу прыгадаць, што некалькі месяцаў таму намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі сп-р Алін казаў, што выбары ў “палату прадстаўнікоў” ня могуць быць прызнаныя дэмакратычнымі і справядлівымі. На пытаньне карэспандэнта нашага Радыё, ці азначае гэта, што абраны такім чынам парлямэнт ня будзе прызнаны эўрапейскай супольнасьцю, сп-р Алін адказаў: “На прызнаньне няма шанцаў”. З другога боку, прафэсар Вайскірхэн тады ж выказаў меркаваньне, што надышла пара знайсьці кампраміс паміж апазыцыяй і лукашэнкаўскім рэжымам.

Абодва – і сп-р Алін, і сп-р Вайскірхэн – уваходзяць у дэлегацыю ПА АБСЭ, якая сёньня пачала свой візыт ў Беларусь. Ці паўплываюць такія даволі розныя меркаваньні гэтых палітыкаў на рэкамэндацыі, якія яны будуць даваць Сталаму камітэту АБСЭ?”

(Глод: ) “Усё ж справаздача будзе агульнаю, ад імя абодвух сябраў рабочай групы, але спалучыць дзьве такія супрацьлеглыя думкі, відаць, сапраўды будзе цяжка. Але нейкія асаблівасьці гэтага візыту схіляюць да думкі, што Эўропа ўсё ж шукае нейкага кампрамісу з “палатаю прадстаўнікоў”. Колькі гадоў ішлі гэтыя перамовы, але ніколі не было такога, каб на вячэру ў рэзыдэнцыю групы АБСЭ запрашаліся кіраўнікі палатаў “нацыянальнага сходу”. Гэта, праўда, новыя людзі – і сп-р Вайтовіч, і сп-р Папоў, але варта адзначыць, што разам зь імі запрошаныя і старшыні камісіяў палатаў па міжнародных справах. Гэта суманавядомыя асобы: адпаведную камісію ў “савеце рэспублікі” ўзначальвае Мікалай Чаргінец, у “палаце прадстаўнікоў” – Анатоль Малафееў. Гэта ўскосны знак, які паказвае, што робяцца спробы прызнаць палату. Другі момант – сустрэча з так званымі “незалежнымі” дэпутатамі “палаты прадстаўнікоў”. Хутчэй за ўсё гэта будуць Вольга Абрамава, Уладзімер Навасяд, Аляксей Ваганаў, можа, яшчэ сп-р Баравы – тыя 5-8 дэпутатаў, якія лічацца ці наўмысна прадстаўляюцца ўладамі, як незалежныя дэпутаты.

З другога боку, захоўваць тую старую пазыцыю, што ёсьць толькі Вярхоўны Савет 13-га скліканьня – гэта непэрспэктыўная лінія. Падаецца, што пошук кампрамісу ідзе, але якім ён будзе – пакуль цяжка сказаць”.

(Дракахруст: ) “У разьвіцьцё Вашых меркаваньняў я б хацеў прыгадаць, што месяц таму дэлегацыю Вярхоўнага Савету не запрасілі госьцем на сэсію Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПА РЭ). З 1997 году, калі статус Беларусі як адмыслова запрошанай краіны ў Радзе Эўропы быў прыпынены, візыты дэлегацыяў Вярхоўнага Савету і “палаты прадстаўнікоў” на сэсіі ПА РЭ насілі неафіцыйны характар. Але да студзеня 2001 году дэлегацыю Вярхоўнага Савету туды запрашалі. А ў студзені 2001 году – не запрасілі. У ПА АБСЭ сытуацыя крыху іншая: Беларусь – правамоцны сябра АБСЭ. Аднак міжнародныя парлямэнцкія арганізацыі ўсё ж ўзаемадзейнічаюць паміж сабой. І калі адна араганізацыя дае зразумець, што статус Вярхоўнага Савету – ня вельмі пэўны, то, магчыма ПА АБСЭ будзе рабіць з гэтага высновы. Вы сказалі пра кампраміс. На Ваш погляд, якім ён можа быць?

У прынцыпе можна ўявіць сабе нават вельмі экзатычныя формы гэтага кампрамісу. Напрыклад, ПА АБСЭ можа не прызнаць ніякі парлямэнт Беларусі, канстатаваць, што ў краіне правамоцнага парлямэнту наогул няма. Няма ж парлямэнтаў, скажам, у абсалютных манархіях. Можа ня быць парлямэнту і ў такой экзатычнай краіне, як Беларусь. Можна ўявіць сабе і іншы варыянт – фармаваньне беларускай дэлегацыі ў ПА АБСЭ з двух частак: ад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня і ад “нацыянальнага сходу”.

(Глод: ) “Магчымыя самыя незвычайныя варыянты. У Менску пэўны час таму казалі, што ў Вене, у ПА АБСЭ, сытуацыя будзе такой жа патавай, як у Стразбургу, у ПА РЭ: ня будуць прызнаныя абедзьве дэлегацыі – і Вярхоўнага Савету, і “палаты прадстаўнікоў”. У гэтым мяне запэўніваў Уладзімер Нісьцюк – сталы сябра дэлегацыі Вярхоўнага Савету ў ПА АБСЭ. Але два дні таму Нісьцюк паведаміў мне цікавую рэч: згодна са статутам ПА АБСЭ, калі краіна зьяўляецца сябрам АБСЭ, то мусіць быць прызнаны нейкі яе парлямэнт. На сёньняшні дзень ПА АБСЭ лічыць парлямэнтам Беларусі Вярхоўны Савет. Паводле словаў сп-ра Нісьцюка, патавай сытуацыі ня можа быць, ня можа быць так, каб адных выключылі ды іншых не прынялі.
Зараз прадстаўнікі Вярхоўнага Савету спсп. Лябедзька і Хоміч вязуць у Вену рашэньне Канстытуцыйнага суду Беларусі ад 11 кастрычніка 1995 году.

Тады, як Вы памятаеце, Лукашэнка хацеў спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, і хацеў, каб пачаў працаваць Вярхоўны Савет 13-га скліканьня ва “ўсечаным” выглядзе. Тады не было абрана дастаткова дэпутатаў новага парлямэнту, каб ён быў правамоцным. І тады Канстытуцыйны суд прыняў рашэньне, што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня сканчаюцца толькі тады, калі адбудзецца першае паседжаньне правамоцнага Вярхоўнага Савету новага скліканьня. Сп-р Лябедзька хоча правесьці пэўную аналёгію, што Вярхоўны Савет 13-га скліканьня будзе існаваць да таго часу, пакуль ня будзе праведзенае першае паседжаньне дэмакратычна абранага новага беларускага парлямэнту. Як гэтыя аргументы ўспрыме ПА АБСЭ, сказаць цяжка”.

(Дракахруст: ) “Вы выклалі цікавыя аргумэнты юрыдычнага характару, але давайце зьвернемся да палітычных чыньнікаў. Мэта эўрапейскай супольнасьці – гэта дэмакратызацыя Беларусі. І крокі Эўропы будуць накіраваныя на тое, каб дасягнуць менавіта гэтай мэты. Хачу нагадаць, што ў вядомым інтэрвію “Народнай волі” амбасадар ЗША Майкл Козак падкрэсьліваў, што галоўнае зараз – гэта дэмакратычныя выбары прэзыдэнта. З гэтага можна зрабіць выснову, што калі прэзыдэнцкія выбары пройдуць больш-менш дэмакратычна, то праблема прызнаньня ці непрызнаньня таго ці іншага парлямэнту будзе вырашацца зусім па-іншаму.

Варта адзначыць таксама, што сама працэдура прызнаньня паўнамоцтваў таго ці іншага парлямэнту – даволі працяглая. Ці ня лічыце Вы, што рашэньнем ПА АБСЭ будзе, хутчэй за ўсё, “падвешваньне” гэтай сытуацыі? Афійцыйнаму Менску будзе паказана, што палата, у прынцыпе, можа быць прызнаная, але толькі пры ўмове правядзеньня свабодных выбараў прэзыдэнта”.

(Глод: ) “Хутчэй за ўсё так і адбудзецца. Міжнародныя чыноўнікі, якія зараз наведваюць Менск, амаль адкрыта кажуць пра тое, што прэзыдэнцкія выбары – гэта той рубеж, зь якога пачнецца альбо перамена адносінаў да Беларусі, альбо цяперашнія адносіны будуць замацаваныя. Калі гэтыя выбары будуць прызнаныя дэмакратычнымі, то, магчыма, вельмі хутка будзе прынятае рашэньне аб прызнаньні “палаты прадстаўнікоў” і ПА АБСЭ, і ПА РЭ. І наадварот – калі гэтыя выбары ня будуць прызнаныя свабоднымі і справядлівымі, у мяне асабіста няма сумневу, што “палата прадстаўнікоў” другога скліканьня застанецца такім жа ворганам, непрызнаным большай часткай сьвету, якім была палата папярэдняга скліканьня”.
XS
SM
MD
LG