Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЕВЯРЫНЕЦ ДАСТАЎ 500 ДАЛЯРАЎ ШТРАФУ


Любоў Лунёва, Менск

У Цэнтральным судзе сёньня сабралася шмат людзей — сябры Маладога Фронту, журналісты, прадстаўнікі АБСЭ й амэрыканскай амбасады.

Павал Севярынец быў затрыманы 16 лютага за ўдзел у акцыі Маладога Фронту на Дзень Сьвятога Валянціна. Яго абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Сёньня судзьдзя Вера Паўлючук заслухала паказаньні апошняга сьведкі з боку міліцыі Віктара Гулінскага, які адказваў на моладзевай акцыі за апэратыўную сувязь. Гэты сьведка адзначыў, што правапарушэньне Севярынца палягала ў тым, што ён трымаў сьцяг Эўразьвязу.

Пасьля прагляду стужкі апэратыўнай відэаздымкі судзьдзі спатрэбілася больш за дзьве гадзіны, каб вынесьці прысуд. Міліцыянты ўвесь час пільна сачылі за Севярынцам, каб потым адвесьці лідэра Маладога Фронту ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік для адбыцьця арышту.

Але суд Севярынца пакараў штрафам на 150 мінімальных заробкаў — гэта каля 500 амэрыканскіх даляраў.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Гэткі адказ рэжыму на Дзень Сьвятога Валянціна й на акцыю "Любові! Свабоды! Пераменаў!" — ніякай любові, свабоды й пераменаў чакаць не даводзіцца. За ўсё рэжыму трэба плаціць.

Матэрыяльна гэта на мне не адаб'ецца, але важны сам факт, што за Дзень Сьвятога Валянціна ўлада дае штраф і шукае вінаватых, разглядае мірнае шэсьце як правапарушэньне. Я трымаў у руках сьцяг Эўразьвязу, гэта разглядаюць як правапарушэньне, якое абцяжарвае маю віну. Вар'яцтва, па-мойму.

Скаргу на гэтае рашэньне? Думаю, бяссэнсоўна ваяваць з лукашысцкім судом. Пабачым, бо масавыя акцыі будуць яшчэ гэтай вясной перад прэзыдэнцкай кампаніяй. Трэба будзе разьлічваць, прадбачыць усе магчымасьці", — паведаміў Свабодзе лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец у Цэнтральным судзе Менску.


XS
SM
MD
LG