Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРЫ ПАГАНЯЙЛУ НЕ ДАПУСЬЦІЛІ ДА СУДОВАГА ПРАЦЭСУ Ў ЯКАСЬЦІ ПРАДСТАЎНІКА ПРАФЭСАРА БАНДАЖЭЎСКАГА


Казімер Яноўскі, Гомель

Пракурор вайсковай пракуратуры Алег Рудэнка выступіў супраць допуску вядомага праваабаронцы й адваката Гары Паганяйлы як прадстаўніка на судзе прафэсара Бандажэўскага.

Хадайніцтва пра допуск Гары Паганяйлы як свайго прадстаўніка абгрунтаваў суду сам абвінавачаны прафэсар мэдыцыны Юры Бандажэўскі. Пры гэтым ён спаслаўся ня толькі на дзейнае беларускае заканадаўства, але й на міжнародныя абавязкі краіны ў справе абароны праваў грамадзян.

Аднак пракурор вайсковай пракуратуры, маёр юстыцыі Алег Рудэнка, які разам з прадстаўніком рэспубліканскай пракуратуры Мікалаем Корзунам падтрымлівае абвінавачаньне, запярэчыў допуску. Ён заявіў суду, што Гары Паганяйла — грамадзянін Расеі й сябра Расейскай калегіі адвакатаў, а ў Беларусі з суседняй дзяржавай няма пагадненьня адносна прававой дапамогі.

Распавядае спадар Рудэнка:

(Рудэнка: ) "Рэч у тым, што Паганяйла зьяўляецца расейскім адвакатам, а не беларускім. З гэтай пазыцыі дзяржаўнае абвінавачаньне й заявіла, што ён ня можа быць абаронцам", — заявіў вайсковы пракурор Рудэнка.

І хаця спадар Паганяйла паведаміў вайсковай калегіі, што грамадзянства ён мае беларускае, калегія ўсё адно не дапусьціла яго да ўдзелу ў працэсе — ані прадстаўніком, ані абаронцам. Спадар Паганяйла кажа, што нягледзячы на ўвядзеньне новага Крымінальнага кодэксу, засьведчаная няроўнасьць у судзе абвінавачаньня й абароны.

Адхіліла калегія й хадайніцтва адваката Баранава пра выклік у суд сьведкамі прадстаўнікоў прэзыдэнцкай камісіі — Валер'я Цапкалу, цяперашняга амбасадара Беларусі ў ЗША, намесьніка міністра аховы здароўя Аляксандра Курчанкова й супрацоўніка КГБ спадара Андрыеўскага. Яны некалі давалі станоўчыя заключэньні пра захаванасьць правілаў прыёму абітурыентаў у Гомельскім мэдінстытуце.

Ня будуць дапрошаныя ў судзе й студэнты, якія нібыта паступалі ў мэдінстытут за хабар.

Суд пагадзіўся толькі з хадайніцтвам пракурора зьняць яшчэ да разьбіральніцтва з былога прарэктара мэдінстытуту Ўладзімера Раўкова абвінавачаньне ў незаконным захаваньні халоднай зброі — паляўнічага нажа. Апроч хабарніцтва, нож таксама фігураваў у справе абвінавачаньня.

Уладзімеру Раўкову аднак падоўжылі ўтрыманьне за кратамі да 1 красавіка, нягледзячы на ішэмічную хваробу сэрца.

За судовым працэсам назірае афіцыйны прадстаўнік Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску, сябар амэрыканскай асацыяцыі юрыстаў Віктар Ялфімаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG