Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ПЕРАМАЎЛЯЕЦЦА Ў КАТАРЫ


Юры Сьвірко, Менск

Катар — абсалютная манархія, 95% жыхароў якое складаюць мусульмане-вахабіты. Улічваючы гэта, а таксама амэрыканска-брытанскую апэрацыю супраць Іраку ў пятніцу, якраз у часе палёту Аляксандра Лукашэнкі, многія беларускія тэлегледачы выходнымі непакоіліся — ці даляцеў беларускі кіраўнік да Катару?

Даляцеў! — пацьвердзіла тамтэйшая газэта "Gulf Times", якая надрукавала фота спадара Лукашэнкі зь людзьмі ў белых халатах на тле самалёта з надпісам "Беларусь". Побач з Лукашэнкам быў сам шэйх — Хамад бэн Халіфа аль-Тані, — які сустрэў госьця ў сталічным аэрапорце Доха.

Паводле эгіпэцкае агенцыі навінаў МЕНА, лідэры Беларусі й Катару падпісалі ў суботу тры пагадненьні — пра гандаль, тэхнічныя абмены ды абарону інвэстыцыяў.

У часе перамоваў з галоўным шэйхам Катару Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што галоўным заданьнем кіраўніцтва абедзьвюх краінаў ёсьць стварэньне моцнае праўнае базы для далейшых кантактаў паміж міністэрствамі й асобнымі прадпрыемствамі, а таксама прапанаваў стварыць беларуска-катарскую гандлёва-эканамічную камісію. А катарскі шэйх выказаў госьцю падзяку за запрашэньне наведаць Беларусь і дадаў, што ён у гэтым зацікаўлены.

Аляксандар Лукашэнка наведаў прамысловую зону Рас Лафан ды яшчэ, як паведаміў карэспандэнт Беларускага радыё са сталіцы Дохі, пабудаваны ў гэтым горадзе міжнародны тэнісны цэнтар імя шэйха Халіфы. Ці згуляў там у тэніс прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі — не паведамляецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG