Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Паводле дасьведчанай крыніцы, у Маскву даставілі копіі пратаколаў допытаў вінаватых у выкраданьні Зьмітра Завадзкага. Зінаіда Ганчар скардзіцца на тое, што справа пра зьнікненьне ейнага мужа нікога не цікавіць. Міхаіл Чыгір падазрае, што ўлады фабрыкуюць справу супраць ягонага сына.

Кіраўніцтва Крамля валодае дакладнай інфармацыяй пра тое, што здарылася з апэратарам ОРТ Зьмітром Завадзкім і ведае, хто ў гэтым вінаваты. Пра гэта заявіла мне адна ўплывовая крыніца са спасылкай на дасьведчаных людзей у расейскім кіраўніцтве.

Крыніца сьцьвярджае, што ў Маскву зь Менску сакрэтна даставілі ня толькі відэастужкі, але й пратаколы допытаў падазраваных у зьнікненьні Зьмітра Завадзкага. Нібыта ў гэтых пратаколах ёсьць прызнаньні выкраднікаў апэратара ОРТ і расповед пра тое, што зь ім зрабілі.

Крыніца перакананая, што гэтую сэнсацыйную інфармацыю прытрымліваюць да часу — залежаць усё будзе ад тэрміну прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі.

Між тым афіцыйна ніякіх новых зьвестак адносна справы Зьмітра Завадзкага на гэтым тыдні не зьявілася. Сьледчыя нічога не паведамляюць СМІ, маўчаць і адвакаты затрыманых па падазрэньні ў выкраданьні. З адвакатаў узялі пісьмовыя сьведчаньні, што ня будуць раскрываць тайны сьледзтва.

І ўсё ж зьявілася інфармацыя, што аднаго з падазраваных, былога спэцназаўца Ігнатовіча, пэўны час таму трымалі ў спэцыяльным турэмным памяшканьні псыхіятрычнага шпіталя ў Навінках пад Менскам. Гэта можа азначаць, што ці ён сапраўды псыхічна хворы, ці некаму трэба, каб так было. Ці Ігнатовіч дагэтуль у Навінках, невядома.

***
У справах іншых зьніклых — Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага безь пераменаў. Сьледчыя працягваюць тэрміны сьледзтваў, але робяць гэта, відаць, аўтаматычна, каб толькі супакоіць грамадзтва, а не знайсьці зьніклых. Супакоіць грамадзтва, магчыма, паступова ўдаецца.

Жонка Ганчара Зінаіда заяўляе пра адсутнасьць нейкіх прыкметаў цікаўнасьці да праблемы зьніклых ня толькі з боку ўладаў.

(З.Ганчар: ) "Рэакцыі ніякай няма. Ня дужа гэта кагосьці й хвалюе, хіба што родных — будзем шчырыя", — лічыць жонка Віктара Ганчара.

***
Гэтым тыднем імкліва разгортваўся скандал вакол сына экс-прэм'ера Міхаіла Чыгіра Аляксандра. Чыгір-малодшы дагэтуль знаходзіцца ў ізалятары Маскоўскага райаддзелу міліцыі. Гэта ўскосна пацьвярджае меркаваньне, што сьледзтва ня мае сур’ёзных доказаў віны Чыгіра (яму закідаюць крадзеж аўтазапчастак).

Сьледчыя ўсё ж заяўляюць, што такіх доказаў дастаткова. Пазаўчора суд Маскоўскага раёну разглядаў скаргу адваката Чыгіра-малодшага на незаконнае ўтрыманьне, але нічога ў ягоным лёсе не зьмяніў. Міхаіл Чыгір з гэтай нагоды заявіў Свабодзе:

(Чыгір: ) "Мы не чакалі іншага рашэньня. Пачакаем яшчэ 10 дзён. Выйшаў адзін з затрыманых, Васіль Быкаў. Я ўчора зь ім сустракаўся. Што ён кажа? А што ён можа сказаць?! Кажа: допыты ішлі. Ня скажа ж ён, што краў аўтамабілі, бо гэтага не было. А яны яму: калі ты ня краў, дык Чыгір і Каляда кралі. А гэтага таксама не было, ён жа іх ведае даўно".

(Карэспандэнт: ) "Пра гэта Быкаў зь міліцыяй размаўляў?"

(Чыгір: ) "Так. Я ведаю, бо езьдзіў у міліцыю часта. Там жа Глухоўскі амаль штодзень прыяжджае, удзельнічае ў гэтых мерапрыемствах. Цікавая сытуацыя. Глухоўскі кожны дзень цікавіцца, як ідзе сьледзтва, якія навіны й падобнае.

Яны пакуль што ня маюць нічога, толькі запчастку нейкую. Сын адразу сказаў: я магу вам паказаць чалавека, у якога я гэтую запчастку купіў. Але ж яны не далі яму магчымасьці паказаць гэтага чалавека".

Яшчэ Чыгір-старэйшы кажа пра свае падазрэньні наконт фабрыкаваньня справы. Ён паведамляе, што ёсьць сьведкі, якія бачылі, як за тыдзень да арышту Аляксандра ў ягоны гараж нібыта ўвайшлі невядомыя асобы ў масках. Магчыма, гэты візыт зьвязаны з пазьнейшай находкаю міліцыі ў гаражы — тыя самыя запчасткі са скрадзеных аўтамабіляў, мяркуе Міхаіл Чыгір.

***
Раней мы паведамлялі пра рашэньне Кіраўскага раённага суду Магілёўскай вобласьці вярнуць былой жонцы Васіля Старавойтава лецішча ў Крыме. Рашэньне прынялі ўжо месяц таму, а вось з выкананьнем — затрымка.

(Старавойтаў: ) "Рашэньне прынялі, а другіх дакумэнтаў не даюць, Маецца на ўвазе плян участку, пасьведчаньне пра пакупку, іншыя дакумэнты. Нічога не даюць і не тлумачаць чаму. Вось такая непрадказальная ў нас судовая ўлада", — канстатуе Васіль Старавойтаў.

***
Напрыканцы колькі словаў пра Андрэя Клімава, які ўжо 1100 дзён у турме. Ягоная жонка Тацяна паведаміла, што ён захварэў — прастыў. У перадачы, якую яна перадала Андрэю ўчора, значна больш лекаў, чым звычайна. А ў лісьце пажаданьні выздароўліваць, да якіх мы далучаемся.


XS
SM
MD
LG