Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЖЫВУЦЬ ЖАНЧЫНЫ ЗА КРАТАМІ?


Ганна Соусь, Менск

У жаночым аддзяленьні на Валадарцы цяпер каля 180 жанчын. Іхныя ўмовы ўтрыманьня лепшыя, чым у мужчынаў. У жаночых камэрах па 6-10 чалавек, ёсьць прыстойныя прыбіральні.

Цяпер у жаночым аддзяленьні рамонт. У дзьвюх камэрах ужо зьнялі гэтак званыя жалюзі з вокнаў, якія не прапускалі ў памяшканьне сьвятла. Дарэчы, гэтая навацыя адбылася не без дапамогі грамадзкай арганізацыі "Міжнародная дапамога зьняволеным".

Мая суразмоўца — маладая жанчына Алена. Ёй вельмі пашанцавала, яна працуе на "Валадарцы" ў гаспадарчым абслугоўваньні. Пасьля прысуду яе накіравалі ў Гомельскую калёнію, але там яна адбывала пакараньне толькі месяц. Тым, што вярнулася сюды, вельмі задаволеная.

(Алена: ) "Я не ўяўляю, як там можна жыць, бо няма элемэнтарных гігіенічных умоваў. Там страшна. Няма нават гарачай вады ў карпусах, а па халодную жанчыны ходзяць у лазьню, набіраюць вёдрамі некалькі разоў на дзень.

Прыбіральні драўляныя на вуліцы. Толькі ў адным корпусе, ён называецца Бамбэй, ёсьць гарачая вада. Гігіенічных падпасак жанчыны амаль ня маюць, вату з матрацаў дастаюць, усякае рызьзё.

У калёніі жанчыны маюць вельмі шмат хваробаў скуры. Многім патрэбная дапамога, бо ім нават няма чаго апрануць, ходзяць узімку ў тапцях".

Алене адбываць пакараньне яшчэ год. Другая мая суразмоўца Вольга — інфікаваная СНІДам. Раней яна была наркаманкай, яе асудзілі за крадзеж, хутка яна паедзе ў Гомельскую калёнію. Вольга інфікаваная СНІДам вось ужо два гады, адчувае сябе пакуль нармальна.

(Вольга: ) "Так, асабліва ніякіх праяваў няма, толькі больш сачу за сваім здароўем, пазьбягаю скразьнякоў. Усё залежыць ад харчаваньня, але яно тут не найлепшае. Але вітаміны даюць, "Рэвіт", паўшклянкі на месяц.

У нас цяпер хварэе дзяўчына. Увечары адключаюць ваду. Мы прасілі лекара, каб ён дазволіў уключаць, але ён не дазваляе", — распавяла Вольга.

Як паведаміла мне псыхоляг сьледчага ізалятару Ірына Філіпёнак, цяпер яны атрымліваюць шмат гуманітарнай дапамогі. Напрыклад нядаўна грамадзкая арганізацыя "Міжнародная дапамога зьняволеным" даслала на Валадарку паўтары тоны адзеньня для зьняволеных.

Асабліва вострае для жанчын гігіенічнае пытаньне. Больш за траціну зьняволеных на Валадарцы ня маюць дапамогі з волі, і таму адзіная надзея — міжнародныя дабрачынныя арганізацыі.

Прыкладам, учора ў Гомельскую папраўча-працоўную калёнію для жанчын Кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі даслала гуманітарную дапамогу. Кожная зьняволеная атрымала індывідуальны санітарна-гігіенічны пакет, у ім туалетнае й гаспадарчае мыла, зубная шчотка ды паста, шампунь, туалетная папера ды іншыя прадметы гігіены.


XS
SM
MD
LG