Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭР МАЛАДОГА ФРОНТУ ЗАТРЫМАНЫ


Любоў Лунёва, Менск

Паўла Севярынца затрымалі каля штаб-кватэры БНФ супрацоўнікі міліцыі, якія назіралі за гэтым будынкам падчас аблогі. Яго вазілі па розных РАУСах, пакуль не прывезьлі ў Цэнтральны, на тэрыторыі якога праходзіла моладзевае шэсьце "Любові! Свабоды! Пераменаў!".

Міліцыянтам давялося трымаць Севярынца ў РАУСе працяглы час з тае прычыны, што ўсе судзьдзі былі на сустрэчы з Лукашэнкам.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Склалі пратакол за парушэньне грамадзкага парадку, арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства ў цэнтры па артыкуле 167, частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу. Даволі ветліва размаўлялі, прыязна, некаторыя па-беларуску".

Урэшце адміністрацыйная судзьдзя Вера Паўлючук вызвалілася й здолела пачаць разгляд справы. Паўла Севярынца абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага шэсьця на Дзень Сьвятога Валянціна.

Падчас перапынку Павал Севярынец паведаміў нашаму радыё:

(Севярынец: ) "Вельмі падобныя ідуць цяпер сьведчаньні. Усе сьцьвярджаюць, што я нібыта перакрыў сваім голасам 1 500 чалавек, і запрашаў рухацца за мною па вуліцы Леніна, затым да плошчы Перамогі — мяркуючы па ўсім, сьведчаньні гэтыя ўзгаднілі.

Не магу сказаць, што са мной абыходзіліся кепска, усе былі ветлівыя. Я гэта тлумачу пытаньнямі, якія супрацоўнікі праваахоўчых органаў мне задаюць увесь час. Наконт выбараў на прэзыдэнта — яны пытаюцца, якія шанцы і хто будзе адзіным кандыдатам. Гэта дазваляе меркаваць, што галасаваць будуць за нашых", — гаварыў Павал Севярынец.

Судзьдзя Вера Паўлючук вымушаная была перанесьці далейшы разгляд на панядзелак з тае прычыны, што не зьявіўся адзін зь пяцёх сьведкаў з боку міліцыі і не было магчымасьці праглядзець апэратыўную відэастужку.

Калі суд давядзе факт правапарушэньня з боку лідэра Маладога Фронту, яму пагражае вялікі штраф альбо арышт з адбыцьцём пакараньня ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG