Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОЛЬКІ ПРАЗ ГОД ЦІ ПАЎТАРА БУДЗЕ ЗАВЕРШАНЫ ПЕРАХОД ДА ПРЫНЦЫПУ СПАБОРНІЦТВА БАКОЎ ПАДЧАС СУДОВЫХ ПРАЦЭСАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньняшняя нарада прысьвячалася праблемам, зь якімі судзьдзі сутыкнуліся пасьля ўвядзеньня новых Крымінальнага й Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў, што пачалі дзейнічаць сёлета.

Прэзыдыюм Вярхоўнага суду разам з калегіяй Міністэрства юстыцыі ды судзьдзямі, што зьехаліся з усёй краіны, спрабавалі разабрацца, што з прынятага добра, што дрэнна. Разабрацца, аднак, наўрад ці ўдалося, бо, паводле назіраньняў прысутных, гутарка атрымалася павярхоўная.

Судзьдзі хваліліся сваімі посьпехамі й рабілі заўвагі толькі ў тым рэчышчы, якое пазначыў сваёй прамовай Аляксандар Лукашэнка. А Лукашэнка прызнаў, што да сапраўднага прынцыпу спаборніцтва бакоў на судовым працэсе яшчэ далёка — спатрэбіцца год ці паўтара; што недастаткова наладжаная сыстэма выкананьня судовых рашэньняў па спагнаньні маёмасьці на карысьць дзяржавы ды што некаторыя судзьдзі неабгрунтавана зацягваюць судовыя працэсы.

Паводле крыніцаў, што прысутнічалі на нарадзе, ніводны з выступоўцаў не закрануў праблемы залежнасьці судзьдзяў ад выканаўчай улады. Наадварот, усе ўхвалялі сыстэму, якая грунтуецца на фактычным самаўладзтве чыноўнікаў у рэгіёнах. Было больш за 400 беларускіх судзьдзяў, і не знайшлося ніводнага, хто хаця б крыху пакрытыкаваў непасрэдна кіраўніка дзяржавы.

Дарэчы, у сёньняшняй прамове Лукашэнка крытычна казаў пра два суды — раённы Аршанскі ды суд Ленінскага раёну Бабруйску. Згадаўшы іх, Аляксандар Лукашэнка загаварыў пра карупцыю й падвойныя стандарты сярод судзьдзяў, аднак не назваў прозьвішчаў.

Між тым, варта нагадаць пра скандал двухгадовай даўніны, зьвязаны менавіта з судзьдзём Ленінскага райсуду Бабруйску Юр'ем Сушковым. Ён быў вымушаны прасіць палітычнага прытулку пасьля таго, як выступіў з крытыкай свайго непасрэднага кіраўніцтва. Тады судзьдзю Сушкова абвясьцілі здраднікам, але цяпер на вышэйшым узроўні фактычна прызнаюць, што ён меў рацыю.

Праўда, крытыка Лукашэнкам судзьдзяў Ленінскага райсуду Бабруйску можа мець іншыя прычыны. Сушкоў два гады таму рэзка крытыкаваў і само кіраўніцтва краіны. Ён у прыватнасці заяўляў, што кіраўніцтва дзяржавы інсьпіруе судовы перасьлед іншадумцаў. Таму магчыма, што Лукашэнкавы словы пра карупцыю — адзнака калектыву суду, дзе працаваў судзьдзя Сушкоў, які ўцёк на Захад.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG