Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫГІРЫ ПАДАЛІ Ў СУД НА “ПАНАРАМУ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Цягам апошніх дзён у "Панараме" ды ў іншых праграмах увесь час зьяўляліся сюжэты, якія, на думку Міхаіла Чыгіра, абражаюць ягоныя гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Абразы на адрас сям'і Чыгіроў былі самага рознага кшталту. То нібыта сам Міхаіл Чыгір ініцыяваў крадзеж свайго службовага "Мэрсэдэсу", які каштаваў 150 000 даляраў; то быццам бы ягоны сын Аляксандар ёсьць лідэрам злачыннай групоўкі, якая спэцыялізуецца на выкраданьні дарагіх аўто.

Асабліва шчыравалі, каб зьняважыць сям'ю Чыгіроў, камэнтатар рэдакцыі інфармацыйных праграм Яўген Мялешка ды гэтак званы "праваабаронца" Яўген Новікаў.

Чыгіры зьвярнуліся да намесьніка старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйлы з прапановай падрыхтаваць адпаведны пазоў ды быць іхным прадстаўніком у судзе.

Міхаіл і Юлія Чыгіры дамагаюцца, каб шэф-рэдактары праграмы "Панарама" і спадары Новікаў і Мялешка абверглі непраўдзівую інфармацыю й выплацілі Чыгірам маральную кампэнсацыю 15 000 даляраў.

(М.Чыгір: ) "Яны ўжо не кантралююць сваіх паводзінаў і выказваньняў па тэлебачаньні. Што тут казаць: во ў "Советской Белоруссии" Замяталін кажа, што Лукашэнка будзе працаваць, а іншыя, хто, маўляў, "дамагаецца" паста прэзыдэнта, будуць адмывацца. Сказаць, што я садзейнічаў крадзяжу майго службовага 600-га "Мэрсэдэса" — гэта трэба розум страціць", — паведаміў нашаму радыё спадар Чыгір.

Прадстаўнік сям'і Чігіроў у судзе Гары Паганяйла таксама гаворыць пра тое, што ўсе камэнтары БТ маюць адзіную мэту — дыскрэдытаваць аднаго з будучых кандыдатаў на прэзыдэнта перад выбаршчыкамі.

(Паганяйла: ) "Ледзь ня тыдзень па тэлевізіі, па розных праграмах казаць пра гэты факт — ангажаванасьць падобных дзеяньняў відавочная. У дачыненьні да Чыгіра прысуду няма, сына, які цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, да крымінальнай адказнасьці не прыцягвалі.

Што да малодшага сына, то тут мусіць захоўвацца прэзумпцыя невінаватасьці — ніхто ня можа распаўсюджваць пра яго падобныя зьвесткі, называць ягонае імя й прозьвішча, зь якой ён сям'і й гэтак далей", — паведаміў Гары Паганяйла.

Міхаіл Чыгір і Гары Паганяйла лічаць, што яны маюць дастаткова доказаў, каб давесьці ў судзе ілжывасьць усіх абвінавачваньняў БТ на адрас сям'і экс-прэм'ера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG