Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ АДМОВАЎ СЛУЖЫЦЬ У ВОЙСКУ РАСЬЦЕ


Казімер Яноўскі, Гомель

Нягледзячы на выкананьне зімовага пляну па навабранцах для беларускага войска, на Гомельшчыне больш як 2 000 юнакоў прызыўнага веку так і не апранулі вайсковай формы. Шмат хто з прычыны дрэннага здароўя, іншыя папросту не пажадалі служыць у войску.

Раённыя ваенкаматы абласнога цэнтру падчас прызыўнай кампаніі шукалі зь міліцыяй ажно 537 прызыўнікоў. 63 юнакоў не ўдалося знайсьці й дасёньня. Гэта толькі ў абласным цэнтры.

Усяго ж на Гомельшчыне, па зьвестках аблваенкамату, у органы пракуратуры накіравалі матэрыялы на вышук і прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці на 124 маладых людзей. Яны наогул не зьявіліся на прызыўныя ўчасткі для адпраўкі ў войска.

Яшчэ 222 юнакі з рэгіёну прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасьці за ігнараваньне позваў прызыўных камісіяў.

Сваё меркаваньне на гэты конт выказвае начальнік прызыўнога аддзелу абласнога ваенкамату палкоўнік Васіль Бірын.

(Бірын: ) "Служыць многія ня надта хочуць, асабліва гарадзкія. Хто параіўся, і яму падказалі, як не пайсьці ў войска. Вось і пачынаюць круціцца. Іншыя лічаць, што за паўтара года яны змогуць паехаць на заробкі ды няблага зарабіць".

Паводле ягоных словаў, нямала прызыўнікоў паехалі на заробкі ў Расею і нават у далёкае замежжа, але бацькі ня кажуць іхных адрасоў ні міліцыі, ні супрацоўнікам ваенкаматаў. Прызыўнік Міхаіл Палкуеў, які таксама праігнараваў беларускае войска, "засьвяціўся" ў адным тэлесюжэце, які паказваў войска Ізраіля.

Некаторыя юнакі адмаўляюцца служыць у войску з рэлігійных перакананьняў. Яны патрабуюць альтэрнатыўнай службы, але ў краіне няма адпаведнага закону. Летась у рэгіёне з прычыны адказу апрануць вайсковую форму судовы перасьлед зьведалі тры сябры суполкі "Сьведкі Еговы". Двох пакаралі. Суд апраўдаў толькі Аляксандра Бойнічава з абласнога цэнтру.
XS
SM
MD
LG