Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗНАЯ АКЦЫЯ: ЧАКАНЬНІ АКАЗАЛІСЯ ЗАВЫШАНЫЯ


Вядучы — Віталь Цыганкоў, Менск

Вынікі й наступствы прафсаюзнай акцыі 14 лютага абмяркоўваюць карэспандэнт нашага радыё Міхал Стэльмак, які стала асьвятляе прафсаюзную тэму, наш палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч і наш карэспандэнт Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Думаю, варта пачаць нашу размову з уражаньняў ад сёньняшяга прафсаюзнага мітынгу на плошчы Бангалёр.

Ці апраўдала яна спадзяваньні прафсаюзаў і палітыкаў? Была ўдалая ці не? Прынамсі, заяўлялі пра 30 000 удзельнікаў, а прыйшло 5 000 ці 7 000 чалавек. Калі ласка, Міхал Стэльмак".

(Стэльмак: ) "Было шмат чыньнікаў нешматлюднасьці сёньняшняй акцыі пратэсту. Міхал Вотчыц прадстаўляў менскі завод аўтаматычных лініяў, на якім працуюць прыблізна 1 300 чалавек. Зь іх 400 чалавек прадстаўляюць Свабодны прафсаюз, прафсаюзным лідэрам якога й зьяўляецца спадар Вотчыц.

Ён распавёў мне, што з гэтага прадпрыемства прыйшло каля 25 чалавек. Зь іх — дзясятак сяброў Свабоднага прафсаюзу, астатнія — тыя, што ўваходзяць у Фэдэрацыю. Падтрымалі ўдзел у сёньняшнім мітынгу і той прафсаюз, і гэты. Міхаіл Вотчыц фактычна кожнага сябра прафсаюзу (іх, нагадаю, 400 чалавек) пэрсанальна агітаваў. Але вынік мізэрны. Прыйшлі актывісты. Астатнія пайшлі дадому.

Як патлумачыў Міхал Вотчыц, на заводзе сёньня глыбокая апатыя. Прычым, заробкі затрымліваюць — здаецца, трэба ж нешта рабіць.

Другая прычына малой колькасьці ўдзельнікаў — кепская агітацыя. На трактарным заводзе выдалі прафсаюзам аўтасельгасмашу 20 000 улётак. Але рабочыя, як высьветлілася сёньня, ня ўсе ведалі пра мітынг. На цэх далі, скажам, 800 улётак, але не патрапіла да рабочых ніводная. Можа, прафсаюзны лідэр гэтага цэху схаваў улёткі ад рабочых альбо зьнішчыў? Магчыма, яму так параіў начальнік цэху.

На адным прадпрыемстве сёньня выдавалі заробак. Выдавалі якраз тады, калі трэба было ісьці на мітынг".

(Цыганкоў: ) "Валер, чаму акцыя не была такой шматлюднай, як чакалі прафсаюзныя лідэры?"

(Карбалевіч: ) "Сапраўды, усе чакалі, што сёньняшні мітынг адкажа на пытаньне: што такое цяперашнія прафсаюзы, ці сталі яны яшчэ адным апазыцыйным цэнтрам рэжыму. Здаецца, на гэтае пытаньне адказу мы не атрымалі.

Прафсаюзы не змаглі вывесьці на гэты мітынг працоўных. На мой погляд, большасьць удзельнікаў мітынгу ўсё ж былі прафсаюзныя актывісты, выйшаў прафсаюзны актыў Менску.

Што ж да рабочых, людзей ад станка, сапраўдных шараговых сяброў прафсаюзаў, дык іх на гэтым мітынгу было няшмат.

І тут можна казаць пра розныя прычыны — і беспрэцэдэнтны ціск на прафсаюзы з боку выканаўчай улады, дырэктарату, і пасыўнасьць, і недавер працоўных да Фэдэрацыі, які існуе ўжо цягам многіх гадоў.

Таму на пытаньне, ці зьяўляецца ФПБ новым апазыцыйным цэнтрам, адказу мітынг ня даў. Пытаньне застаецца".

(Цыганкоў: ) "А мне здаецца, што гэты мітынг адказ даў — і адказ адмоўны. Пасьля сёньняшняй акцыі аўтарытэт Ганчарыка сярод палітыкаў трохі паменшыцца. Магчыма, зараз ягоныя шанцы як патэнцыйнага прэтэндэнта на адзінага кандыдата пагоршацца.

Прынамсі, нешта такое будзе нябачна прысутнічаць падчас усіх абмеркаваньняў: "гэта той самы Ганчарык, што ня здолеў наладзіць масавы мітынг, пра які гаварыў столькі часу".

Я пагаджуся са спадаром Карбалевічам, што ў мітынгу ўдзельнічалі ня толькі рабочыя, але й напалову прафсаюзныя актывісты. Удзельнічалі, дарэчы, пераважна людзі сярэдняга й сталага ўзросту, а таксама гэткія дамы ў футрах — відавочна, вызваленыя супрацоўніцы Фэдэрацыі.

Кінулася ў вочы, што амаль усе выступоўцы на мітынгу высоўвалі толькі эканамічныя лёзунгі. І гэта відавочна было падрыхтавана і абмеркавана загадзя, што ніводнага палітычнага лёзунгу ня будзе высунута.

Чаму Фэдэрацыя ды Ўладзімер Ганчарык зараз так сабе паводзяць? Чаму яны вырашылі сканцэнтравацца толькі на эканамічных лёзунгах, і не вылучаць палітычных, не вылучаць асобна тэму прэзыдэнцкіх выбараў? Калі ласка, Міхал".

(Стэльмак: ) "Сапраўды, на мітынгу быў зроблены акцэнт на эканамічных супярэчнасьцях паміж прафсаюзамі і ўладамі. Яны таксама і ў спрэчках вакол Генэральнага пагадненьня.

Дыскусія тычыцца заробкаў у бюджэтнай сфэры. Прафсаюзы лічаць, што базай для гэтых заробкаў зьяўляюцца заробкі прамыслоўцаў. Бюджэтнікі павінны атрымліваць свае грошы ў залежнасьці ад прыбыткаў рабочых.

А ўрад мяркуе, што гэтак нельга. Што прыбыткі настаўнікаў, мэдыкаў павінны вымярацца сярэднімі заробкамі, якія атрымлівае сярэднестатыстычны беларус па усёй народнай гаспадарцы".

(Цыганкоў: ) "Валер, ці можа й надалей разьвівацца канфлікт паміж уладай і прафсаюзамі, ці прафсаюзы не зусім гатовыя адэкватна адказваць на націск уладаў?"

(Карбалевіч: ) "Улады пачалі барацьбу на зьнішчэньне Фэдэрацыі. Відавочна, галоўнай падставай для гэтага стала заява прэзыдыюму ФПБ пра падтрымку намераў Ганчарыка балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Кіраўнік гэткай наймасавай грамадзкай арганізацыі ў Беларусі — гэта вялікая небясьпека для ўлады, калі ён захоча быць канкурэнтам Лукашэнку. Таму пачалася жорсткая барацьба.

Зараз прафсаюзы вымушаныя бараніцца, даказваць, што яны змагаюцца толькі за эканамічныя лёзунгі й інтарэсы, і сёньняшні мітынг гэта пацьвердзіў. Прафсаюзы ў аблозе, спрабуюць даказаць, што тут ніякай палітычнай барацьбы няма, а толькі эканамічныя патрабаваньні".

(Цыганкоў: ) "Безумоўна, Уладзімеру Ганчарыку была патрэбная масавая дапамога шараговых сяброў прафсаюзаў. Безумоўна, яму хацелася, каб прыйшлі на мітынг тысячы.

Менавіта зараз вырашаецца, ці сапраўды прафсаюзы тая структура, якая будзе здольная падтрымаць Ганчарыка, калі ён вылучыцца на прэзыдэнцкіх выбарах. Ці будуць гэтыя людзі хадзіць, зьбіраць за яго подпісы, ці будуць яны стаяць у пікетах, ці здольныя яны выходзіць на нейкія масавыя акцыі, калі трэба будзе?

Прафсаюзы такая структура, якая аб’ядноўвае амаль усё працоўнае насельніцтва Беларусі — гэта больш за 4 мільёны. Ня ўсе яны зьяўляюцца прыхільнікамі Ганчарыка. Калі Ганчарык усё ж вылучыць сваю кандыдатуру, ці можа ён спадзявацца на масавую падтрымку шараговых сяброў Фэдэрацыі? Валер, ваша меркаваньне".

(Карбалевіч: ) "Гэта залежыць ад многіх фактараў, якія сёньня цяжка прагназаваць. Залежыць ад той каманды мэнэджэраў і іміджмэйкераў, якая будзе супрацоўнічаць з Ганчарыкам, якая пачне масавую кампанію. Ад пазыцыі дырэктарату, бо менавіта ад кіраўнікоў прадпрыемстваў і установаў залежыць, ці будзе дазвол на тое, каб прафсаюзы маглі зьбіраць подпісы, агітаваць за свайго кіраўніка.

Тут вельмі шмат чыньнікаў, якія сёньня немагчыма пралічыць і спрагназаваць. Я не выключаю такой сытуацыі, што недзе пад пачатак выбарчай кампаніі Ганчарык можа проста падняць рукі й сказаць: абставіны такія, што далей я не змагу ісьці".

(Стэльмак: ) "Падчас аднаго зь нядаўніх паседжаньняў прэзыдыюму, калі абмяркоўвалі палітычнае пытаньне, Ганчарык прызнаўся, што яго сёньня можа падтрымаць кожны трэці сябар прафсаюзу. Мне здаецца, гэтая лічба даволі рэальная".

(Цыганкоў: ) "Мне здаецца, што спадзяваньні апошніх месяцаў, якія грамадзтва ўсклала на прафсаюзы, былі завышаныя. Здаецца, гэта ўсё яшчэ старая структура, якую мы ведалі за савецкім часам, сіла гэтая пераважна фармальная, не такая палітычна актыўная, як нам хацелася б.

Іншымі словамі, пакуль нельга сказаць, што ФПБ сфармулявалася як нейкая альтэрнатыўная палітычная сіла, альтэрнатыўны цэнтар, на які можна зьвяртаць сур’ёзную ўвагу. Магчыма, Фэдэрацыя ідзе гэтым кірункам, але відавочна, што гэты шлях вельмі доўгі".

XS
SM
MD
LG