Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ З УДЗЕЛАМ А. ЛУКАШЭНКІ ПРАЙШЛО ПАСЕДЖАНЬНЕ ЎРАДУ


Віталь Цыганкоў, Менск

"Ніхто з вас ня скардзіўся мне, што вам чагосьці не хапае", — гэтымі словамі Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся да міністраў свайго ўраду.

Кіраўнік дзяржавы, відаць, хацеў даць беларускім чыноўнікам нейкі пазытыўны знак і ўпэўненасьць у заўтрашнім дні. Разам з тым Лукашэнка імкнуўся падтрымліваць свой нязьменны імідж рашучага й суворага кіраўніка, які літасьці не дае падначаленым.

Лукашэнка зноў запатрабаваў строга караць тых кіраўнікоў, якія сваёй дзейнасьцю дыскрэдытуюць уладу і кіраўнікоў. "Да тых, хто набіраецца да парасячага віску ў замежнай выправе, павінна быць самае жорсткае стаўленьне. Напіўся, скраў альбо здрадзіў — вось чаго я ніколі не дарую", — заявіў Лукашэнка.

Інцыдэнт, пра які казаў Лукашэнка, адбыўся са старшынём Дзяржаўнага камітэту авіяцыі Фёдарам Івановым і ягоным першым намесьнікам Леанідам Чуром. Відавочна, неўзабаве варта чакаць іхных адставак.

Якімі будуць дачыненьні Лукашэнкі зь беларускай намэнклятурай напярэдадні выбараў? Ці будзе ён яе шанаваць, берагчы альбо публічна хвастаць на вачох удзячнага электарату? Гэтае пытаньне я задаю былому міністру працы, намесьніку дырэктара НІСЭПД Аляксандру Саснову.

(Сасноў: ) "Нашыя апытаньні паказваюць, што стаўленьне намэнклятуры да рэжыму, да Лукашэнкі вельмі дрэннае. Думаем, што Лукашэнка ведае пра гэта.

Таму задача Лукашэнкі такая: ён мусіць зрабіцца добрым да сваіх паплечнікаў і хаўрусьнікаў, а народу паказваць, што ён па-ранейшаму строгі, патрабавальны, не папусьціць ані лайдаку, ані прайдзісьвету. Ён гэта робіць ужо.

Прыкладам, Лукашэнка ўдзельнічаў у пахаваньні Дубка. Наладзіў гэткае пахаваньне, якога ня бачылі са сталінскага часу. А сёньня во разьбіраецца зь нейкімі міністрамі — ну хто ж вінаваты, што справы не ідуць? Вінаватыя міністры, прэм'ер, толькі ня ён. І Лукашэнка гэта мусіць паказваць штораз".

Сапраўды, Лукашэнка павінен імкнуцца не раздражняць намэнклятуру і задавальняць пэўныя патрэбы электарату. Які знак можа даць Лукашэнка чынавенству, каб здабыць ягоную падтрымку на выбарах? Адказвае Аляксандар Сасноў.

(Сасноў: ) "Людзі, якія мусяць забясьпечыць яму перамогу на выбарах, — гэта людзі набліжаныя да яго і забясьпечаныя значна лепш за іншых чыноўнікаў. Таму за іхную падтрымку ён не хвалюецца.

Чыноўнікі ніжэйшыя, якія мусяць фальсыфікаваць вынікі галасаваньня, думаю, таксама могуць разьлічваць на добрае стаўленьне Лукашэнкі.

А будзе дзяўбсьці тых, ад каго на выбарах нічога не залежыць. А малыя чыноўнікі вельмі цешацца, калі з вышэйшымі разборкі ідуць, бо вакансіі вызваляюцца".

XS
SM
MD
LG