Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПАДТРЫМАЛІ ПРАЦУ КНГ АБСЭ Ў МЕНСКУ


ул. інф.

“Мы хацелі б падзякаваць амбасадару Віку за ягоную справаздачу, і хочам яшчэ раз падкрэсьліць, што ён і ягоная місія карыстаецца поўнай падтрымкай і павагай з боку ЗША. Ягоныя майстэрства і спрактыкаванасьць як выдатнага дыплямата выпрабоўваліся і выпрабоўваюцца кожны дзень. Кожны з нас за гэтым сталом цэніць намаганьні амбасадара Віка і ягонай місіі дапамагчы Беларусі, нягледзячы на палітычна варожае атачэньне, у разьвіцьці дэмакратычных інстытутаў і маніторынгу ў адпаведнасьці з мандатам Кансультацыйна-маніторынгавай групы АБСЭ.

Нам прыемна было пачуць ад амбасадара Віка, што рэгулярныя кансультацыі аднавіліся ў адпаведнасьці з рашэньнем аб бюджэце ад 14 сьнежня. Такія кансультацыі павінны працягвацца таксама як работа КНГ, улучна з выкананьнем яе праектаў.

Амбасадар Вік правільна ўказвае на важнасьць прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Мы ўпэўненыя, што яны даюць Беларусі ключавую магчымасьць аднаўленьня дэмакратыі.

Мы лічым, што ў наступныя месяцы ў КНГ АБСЭ павінны заставацца два прыярытэты. Па-першае, гэта паляпшэньне умоваў правядзеньня выбараў. І па-другое – назіраньне ў супрацоўніцтве з існуючымі незалежнымі выбарчымі структурамі за ходам выбарчага працэсу.

Хто мог бы атрымаць перамогу на выбарах, праведзеных у адпаведнасьці патрабаваньням АБСЭ? Амбасадар Вік слушна адказвае, што гэтае пытаньне могуць вырашыць толькі самі грамадзяне Беларусі на свабодных і справядлівых выбарах.

Апытаньні выбаршчыкаў паказваюць, у той жа час, што грамадзяне Беларусі хочуць менавіта гэтага. Яны хочуць абраць наступнага прэзыдэнта на свабодных і справядлівых выбарах, якія міжнародная супольнасьць у такім выпадку прызнае.

ЗША, як і іншыя дзяржавы, прызнаюць пераможцу такіх выбараў.

Мы заклікаем улады Беларусі стварыць неабходныя ўмовы для свабодных і справядлівых выбараў і праверкі вынікаў. Гэта ўлучае, сярод іншага, чатыры крытэрыі “тройкі” АБСЭ. Гэтыя крытэрыі адпавядаюць абавязальніцтвам Беларусі ў Арганізацыі бясьпекі й супрацоўніцтва ў Эўропе. У дасягненьні гэтай мэты неабходнае шчыльнае супрацоўніцтва з КНГ і Бюро дэмакратызацыі і правоў чалавека АБСЭ.

Каб забясьпечыць сабе мейсца ў Эўраатлянтычнай супольнасьці дэмакратычных краінаў, беларускі ўрад мусіць спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў, знайсьці зьніклых, вызваліць палітычных вязьняў, паважаць свабоду сходаў і правы працоўных, дапусьціць апазыцыю да дзяржаўных мэдыяў, спыніць перасьлед незалежных СМІ і забясьпечыць дэмакратычнае выбарчае права.

На мінулым тыдні ЗША, які і іншыя краіны, віталі вызваленьне з турмы дэпутата Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Ўладзімера Кудзінава. Гэтае вызваленьне дае магчымасьць беларускім уладам пачаць стварэньне умоваў, неабходных для свабодных выбараў. Мы загадзя гатовыя вітаць новыя крокі ў будучым, каб ня страціць гэтую магчымасьць”.
XS
SM
MD
LG