Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ НЕ ЗАРЭГІСТРАВАЛІ “СЁМУЮ ГРАНЬ”


Алег Жукоўскі, Віцебск

У рашэньні, якое падпісаў кіраўнік упраўленьня юстыцыі аблвыканкаму спадар Праньнік, гаворыцца, што мэты і задачы “Сёмае грані” не адпавядаюць патрабаваньням Закону Рэспублікі Беларусь “Аб грамадзкіх аб’яднаньнях”, таму што (цытую): “накіраваныя на разьвіцьцё і аздараўленьне моладзі гораду Віцебску, стварэньне ўмоваў дзеля рэалізацыі яе творчага патэнцыялу” (канец цытаты).

“Сёмая грань” імкнецца зарэгістравацца з сакавіка летась. За гэты час неаднаразова змяняліся юрыдычныя адрасы, бо пад ціскам уладаў гарадзкія ўстановы вымушаныя былі адклікаць свае папярэднія дазволы на іх разьмяшчэньні. Перарабляўся з дапамогай спэцыялістаў Статут, які, дарэчы, зараз амаль нічым, акрамя беларускай мовы, не адрозьніваецца ад статутаў іншых моладзевых цэнтраў і аб’яднаньняў. Але ў Віцебску ўпарта не рэгіструюць менавіта “Сёмую грань”.

Арганізацыя, якая аб’ядноўвае каля 200 юнакоў і дзяўчат, працуе ня толькі з творчай і палітычна-актыўнай моладзьдзю, але і з падлеткамі-інвалідамі, падлеткамі з анкалягічнымі захворваньнямі і так званымі “дзецьмі вуліцы”, ня можа дзейнічаць афіцыйна і, нават, ужываць у сродках масавай інфармацыі сваю назву.

Здаецца, улады павінныя быць зацікаўленыя ў існаваньні гэткай арганізацыі, але атрымліваецца наадварот. Мала таго, летась у мясцовай дзяржаўнай прэсе была арганізаваная шматмесячная штучная дыскусія, падчас якой найбольш адыёзныя асобы грамілі “Сёмую грань” за “ня нашыя напрамкі працы”.

Улады сваё слова сказалі. Што думае “Сёмая грань”?

Што, на ваш погляд, ёсьць прычынай адмоўнага стаўленьня ўладаў да арганізацыі? – пытаюся я ў лідэра “Сёмае грані” Вольгі Карач.

(Карач: ) “Я мяркую, што перад прэзыдэнцкімі выбарамі нашыя ўлады не зацікаўленыя ў прызнаньні “Сёмае грані” законам.

Бо нашая арганізацыя зьяўляецца самай масавай моладзевай арганізацыяй ў горадзе Віцебску, многія сябры нашае арганізацыі актыўна удзельнічаюць у палітычнай дэмакратычнай апазыцыі гораду. Погляды і дзейнасьць “Сёмае грані” добра вядомыя не толькі жыхарам гораду Віцебска, але і аблвыканкаму. Зразумела, што рэгістрацыя “Сёмае грані” прывядзе да рэзкага ўзмацненьня моладзевага руху няпярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”.

Гэта было меркаваньне лідэра арганізацыі Вольгі Карач.

Зараз кіраўніцтва “Сёмай грані” з дапамогай грамадзкага аб’яднаньня “Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў” рыхтуе пазоў да кіраўніцтва ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму. Яны таксама зьвярнуліся ў АБСЭ з просьбай аб назіраньні за працэсам суда і рэгістрацыі “Сёмай грані”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG