Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МОЛАДЗЕВЫЯ ЛІДЭРЫ ЗАЯЎЛЯЮЦЬ ПРА ПОСЬПЕХ УЧОРАШНЯЙ АКЦЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньняшняя прэсавая канфэрэнцыя арганізатараў акцыі "Любові! Свабоды! Пераменаў!" праходзіла ў надзвычайных умовах. Памяшканьне Ўправы БНФ было ў міліцэйскай аблозе.

Міліцыянты ў форме і ў цывільным пільнуюць усе ўваходы штаб-кватэры БНФ й навакольныя двары. Дзьверы Ўправы БНФ зачыненыя зь сярэдзіны, а звонку грукае міліцэйскі падпалкоўнік.

Падпалкоўнік паведаміў, што мае намер затрымаць лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця. Але замест спадара Севярынца міліцыянты затрымалі дзяжурнага Ўправы БНФ Міхася Баярына, які неабачліва адчыніў ім дзьверы. Калі зразумелі, што затрымалі іншага, апэратыўнікі празь некалькі хвілін адпусьцілі спадара Баярына.

Тымчасам у будынку Ўправы пачалася прэсавая канфэрэнцыя. Яе ладзілі кіраўнікі Маладога Фронту Аляксей Шэін, Алена Валынец і Андрэй Дзянісевіч. Намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін лічыць, што ўчорашняя акцыя прайшла ў фармаце, які не вымагае дазволу ўладаў.

Спадара Шэіна зьдзівілі сёньняшнія паводзіны міліцыі, бо ўчора масавых затрыманьняў удзельнікаў акцыі ў Менску не было. Хаця, паводле лідэраў Маладога Фронту, 6 чалавек учора ўсё ж затрымалі, а двох непаўнагадовых зьбілі міліцыянты. Тым ня менш, спадар Шэін лічыць акцыю на Дзень Сьвятога Валянціна вельмі ўдалай. Гаворыць Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Мы дасягнулі галоўнай мэты: зрабіць прыгожую, цікавую, масавую акцыю. Важна, што не было разгону й масавых затрыманьняў. Напярэдадні выбараў на прэзыдэнта мы хацелі зрабіць якраз такую акцыю. Мы прайшлі ад плошчы Свабоды да плошчы Перамогі, па цэнтры гораду, па праспэкце Скарыны, пад вокнамі ўладных будынкаў".

Паводле лідэраў Маладога Фронту, ва ўчорашняй акцыі ў Менску ўдзельнічалі каля 3 000 чалавек (іншыя крыніцы падаюць больш сьціплую лічбу ўдзельнікаў — каля 1 000), а ўсяго па Беларусі ў мерапрыемстве "Любові! Свабоды! Пераменаў!" узялі ўдзел 5 000 маладых людзей.

Паводле маладафронтаўскай каардынатаркі рэгіёнаў Алены Валынец, акцыя прайшла ў 31 горадзе краіны. Буйныя шэсьці й мітынгі былі ў Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Горадні й Берасьці ды іншых гарадах Беларусі.

Гарадзенская моладзевая акцыя праходзіла ў падтрымку кандыдата на прэзыдэнта Сямёна Домаша. У пераважнай большасьці гарадоў міліцыя не затрымлівала ўдзельнікаў маніфэстацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG