Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯДЗЕРНАЯ ЗБРОЯ – У КАЛІНІНГРАДЗЕ?


Юры Дракахруст, Прага

Упершыню паведамленьне пра гэта зьявілася на старонках Washington Times 3 студзеня сёлета. У сёньняшнім нумары газэты прыводзяцца падрабязнасьці. Паводле Washington Times яшчэ ў чэрвені мінулага году амэрыканскія выведныя спадарожнікі зафіксавалі пагрузку ядзернай зброі ў адмысловых кантэйнэрах на карабель у Санкт-Пецярбургу. Праз некалькі дзён, – паведамляе газэта, – спадарожнікі сфатаграфавалі разгрузку гэтага карабля у порце ў Калінінградзкай вобласьці.

Міністар абароны Расеі Сяргееў назваў сёньняшняе паведамленьне Washington Times абсалютнаю і поўнаю лухтой. “Мне нават цяжка камэнтаваць гэтае трызьненьне. Геапалітычная сытуацыя абсалютна не прымушае думаць нас ні аб чым падобным,” – заявіў маршал Сяргееў.

“Хай расейцы адмаўляюць гэта, мы ведаем лепш,” – цытуе Washington Times словы неназванага супрацоўніка міністэрства абароны ЗША.

Прэзыдэнт Пуцін назваў “лухтою” яшчэ папярэдняе, студзеньскае паведамленьне Washington Times пра разьмяшчэньне расейскіх ракетаў у Калінінградзкай вобласьці. Тады гэтая інфармацыя выклікала надзвычайную занепакоенасьць урадаў краінаў балтыйскага рэгіёну – Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі. Яны запатрабавалі правесьці інспэкцыю Калінінградзкай вобласьці. Масква адмовілася. Газэта Washington Times адзначае, што патрабаваньне правесьці інспэкцыю тады не падтрымаў і дзярждэпартамэнт ЗША, нягледзячы на тое, што Польшча ўваходзіць у НАТА.

Варта адзначыць, што ніводнае дзяржаўнае ведамства Амэрыкі – ані дзярждэпартамэнт, ані міністэрства абароны, ані ЦРУ, афіцыйна не пацьвяржаюць сэнсацыйныя паведамленьні выданьня. Яно спасылаецца на свае крыніцы ў выведцы і на неназваных чыноўнікаў абаронага міністэрства. Але, паводле газэты, гэта зьвязана з тым, што з палітычных меркаваньняў Вашынгтон не зацікаўлены у разьдзьмуваньні скандалу.

Адна з прычынаў гэтага палягае ў тым, што абяцаньне не разьмяшчаць ядзерную зброю ва Ўсходняй Эўропе ёсьць вынікам двухбаковага нефармальнага пагадненьня памж ЗША і Расеяй, заключанага ў 1992 годзе. Так што нават калі Расея сапраўды разьмясьціла свае ракеты ў Калініградзкай вобласьці, яна фармальна не парушыла міжнароднае права. Магчыма, Вашынгтон разглядае гэта як непрыемны, але прымальны адказ Масквы на разварочваньне амэрыканскай праграмы супрацьракетнай абароны. Варта прыгадаць, што афіцыйныя прадстаўнікі Расеі неаднаразова казалі пра тое, што знойдуць “асымэтрычны” адказ на новую амэрыканскую палітыку ў галіне абароны.

І цалкам верагодна, што абвяржэньні Масквы і маўчаньне Вашынгтону – старая, як сьвет, дыпляматычная гульня: “Я ведаю, што ты ведаеш, што я ведаю”.

Ядзерная зброя – ёсьць зброя палітычная. Washington Times прыводзіць словы Зьбігнева Бжэзінскага, які лічыць, што разьмяшчэньне расейскай тактычнай ядзернай зброі ў Калінінградзе – хутчэй палітычная праблема, чым сур’ёзны ваенны выклік. Ён мяркуе, што такія паводзіны паказваюць сапраўдную цану заявам прэзыдэнта Пуціна пра намер Расеі стаць часткаю эўрапейскай супольнасьці.

Яшчэ раз падкрэсьлім – не існуе ні афіцыйных, ні незалежных пацьверджаньняў інфармацыі Washington Times пра разьмяшчэньне расейскіх ракетаў у Калінінградзкай вобласьці. Але калі гэта адпавядае рэчаіснасьці, дык відавочная пагроза, што наступнай стартавай пляцоўкай для расейскіх ракетаў можа стаць Беларусь. І справа тут ня ў тым, што Аляксандар Лукашэнка пра магчымасьць вяртаньня ядзернай зброі ў Беларусь гаварыў яшчэ ў 1997 годзе. Намер Расеі адыгрываць ролю вялікай дзяржавы – справа куды больш сур’ёзная, чым мары беларускага кіраўніка падвысіць свой міжнародны аўтарытэт вяртаньнем чужых ядзерных “цацак”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG