Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЕРЭВАНЕ ПАЧАЎСЯ СУД НАД ТЭРАРЫСТАМІ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Наш карэспандэнт паведамляе, што нягледзячы на вялікую цікавасьць да працэсу, мала хто верыць, што суд дасьць адказ на пытаньне, хто альбо што стаяла за тэрактам, у выніку якога загінулі 8 парлямэнтароў. Сярод загіблых прэм’ер-міністар Вазген Саркісян і сьпікер парлямэнту Карэн Дэмірчан.

Пад час тэракту ў залі парлямэнту працавалі відэакамэры, таму ўвесь сьвет стаўся сьведкам трагэдыі ў армянскім парлямэнце.

Адразу пасьля арышту тэрарыстаў кіраўнік іхнае групы – былы журналіст Наіры Ўнанян заявіў, што напад быў зроблены, каб зрынуць карумпаваны парлямэнт, адказны за сацыяльныя і эканамічныя праблемы краіны.

У часе сьледзтва гэтая заява неаднаразова ўдакладнялася і замянялася на іншыя. Гэткім чынам сапраўдныя матывы забойства пакуль невядомыя.

Сёньняшняе судовае паседжаньне доўжылася паўтары гадзіны пасьля чаго суд быў адкладзены. Сытуацыю тлумачыць наш карэспандэнт у Ерэване Карынэ Калантаран:

(Калантаран: ) “Адзін з абвінавачаных, Місак Мкртчан, які ня быў арыштаваны, зь невядомых падставаў не зьявіўся на суд. Ягоны адвакат быў на судзе, але ня змог адказаць дзе ягоны падабаронны. Яшчэ адзін абвінавачаны – лекар Эдуард Грыкаран на судзе быў, але не было ягонага адваката. Падставы таксама невядомыя, але ёсьць зьвесткі, што Грыкаран хоча зьмяніць абаронцу. Цягам палутара гадзінаў у судзе прайшлі фармальныя працэдуры: знаёмства са складам суду, з біяграфіямі падсудных і так далей”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Суд адбываецца ў самай вялікай (на 120 месцаў) судовай залі армянскай сталіцы. Як выглядала сытуацыя ў будынку суду?”

(Калантаран: ) “У залю суду бесперашкодна былі дапушчаныя больш як 60 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі… Каля 30 месцаў там займаюць дэпутаты, якія ў часе тэракту былі ў будынку парлямэнту… Рэшту месцаў займаюць ахова, адвакаты і сьведкі. Але сёньня былі й пустыя месцы, бо некаторыя запрошаныя на працэс – не прыйшлі. У залю суду пускалі толькі паводле папярэдне складзенага сьпісу”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А што рабілася ля будынку суду?”
(Калантаран: ) “Ля будынку суду людзі сабраліся самі. Іх больш сотні чалавек. Яны хацелі б прысутнічаць на судзе, але там не хапае месца. Ніхто не арганізоўваў ніякай акцыі, ніякага збору. Але выглядае, што ў разе патрэбы, гэтыя людзі гатовыя да арганізаваных дзеяньняў – да мітынгаў, пікетаў і так далей”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чаго чакаюць ад суду прысутныя?”

(Калантаран: ) “Той, хто знаёмы са справай ведае, што шмат якія пытаньні ня знойдуць свайго адказу. А звычайныя людзі чакаюць адказу на пытаньне – хто быў арганізатарам гэтага злачынства. У той самы час і тыя, і тыя патрабуюць для Ўнаняна і ягонай групы пакараньня сьмерцяй. Таго ж самага гучна патрабавалі і некаторыя дэпутаты, што былі ў залі суду”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гаварыла Карынэ Калантаран.

Чакаецца, што суд адкрые шматлікія сэнсацыйныя але малавядомыя раней, факты, якія могуць сур’ёзна адбіцца на палітычнай сытуацыі ў Армэніі. Паплечнікі загіблых у тэракце кажуць, што палітычная нестабільнасьць у краіне будзе працягвацца, калі суд не разьвяжа ўсіх пытаньняў у гэтай справе. Сын загіблага лідэра Сьцяпан Дэмірчан сказаў:

(Дэмірчан: ) “Гэта ня толькі справа крэўных. Гэта – праблема агульнанацыянальнага значэньня. Людзі хочуць бачыць гэтую праблему разьвязанай”.

Парлямэнт Армэніі сёньня не працаваў. Але гэты перапынак ня быў зьвязаны з судовым працэсам, які адновіцца у наступны чацьвер”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG