Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫПУШЧАНЫ АДЗІН З ЗАТРЫМАНЫХ РАЗАМ З АЛЯКСАНДРАМ ЧЫГІРОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Адвакатка Васіля Быкава Зоя Тарасюк тлумачыць, што ейны падабаронны ня мае ніякага дачыненьня да справы з выкраданьнем аўтамабіляў.

Сам вызвалены Васіль Быкаў адмаўляецца ад кантактаў з журналістамі. Ягоная жонка Наста, зь якой удалося паразмаўляць па тэлефоне, сказала, што Васіль не жадае размаўляць з журналістамі, бо яму няма чаго ім паведаміць.

Наста Быкава сьцьвярджае, што ейнага мужа ў міліцыі не зьбівалі, на абыходжаньне з боку сьледчых ён ня скардзіўся. Сьледчыя сапраўды правялі зь ім некалькі гутарак, але зьмест іхны жонцы Быкава невядомы. Напрыканцы нашай размовы жонка Васіля Быкава пацьвердзіла ранейшыя зьвесткі, што ейны муж не даводзіцца сваяком вядомаму пісьменьніку.

Між тым, Васіль Быкаў і ягоная жонка Наста, якая зь дзяцінства сябруе з жонкай Чыгіра-малодшага Тацянай, раней, калі прыходзілі да Чыгіроў у госьці, ня раз казалі пра сваяцкія сувязі зь вядомым пісьменьнікам. Цяпер кажуць адваротнае.

На думку Юліі Чыгір, яны зьмянілі тактыку пад нечыім уплывам.

(ЮЧыгір: ) "Учора адвакатка Быкава заявіла, што ейны падабаронны не зьяўляецца сваяком пісьменьніка Быкава і што справа гэтая не зьвязаная з палітыкай.

Я хачу сказаць вось што. Нашто пра гэта кажа адвакатка ды яшчэ перад камэрай Беларускага тэлебачаньня? Чаму, калі я пра гэта казала й, выходзіць, памылялася — а побач жа стаяла Наста, жонка Васіля, быў таксама ягоны брат, Наставы сваякі — усе маўчалі. Ніхто не спыніў мяне, ніхто не сказаў журналістам: гэта памылка, гэта ня так.

Сёньня я ўжо ня ведаю, як гэта разумець. Васіля Быкава затрымлівалі разам з маім сынам, які мае дачыненьне да нас, да бацькі. Мой сын зрабіўся, я лічу, закладнікам", — казала Юлія Чыгір.

Яна таксама зьвярнула ўвагу на тое, што Васіль Быкаў і ягоная жонка неахвотна пайшлі на кантакт з Тацянай Чыгір, калі тая даведалася пра вызваленьне Васіля.

Затрыманыя Аляксандар Чыгір і Сяргей Каляда, паводле зьвестак адваката Аляксандра Пыльчанкі, дагэтуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Дабрамышленскім завулку. Насуперак ранейшым зьвесткам, ім дагэтуль не прад'явілі нават папярэдняга абвінавачаньня.

Сьледчыя вядуць А.Чыгіру і С.Калядзе задаюць нейкія пытаньні, але затрыманыя адмаўляюцца адказваць без прад'яўленьня абвінавачаньня.

Дарэчы, сваякі Сяргея Каляды заключылі дамову з адвакатам з праваабарончага цэнтру "Вясна" Сяргеем Цурком. Сваякі вырашылі, што ад паслуг ранейшага адваката, якога дала міліцыя, трэба адмовіцца. Праўда, пакуль невядома, ці пагадзіўся з гэтым рашэньнем затрыманы Каляда.

І апошняе. Сёньня ў Маскоўскім судзе разглядалі скаргу адваката Аляксандра Пыльчанкі на незаконнае затрыманьне Чыгіра-малодшага. Паводле папярэдніх зьвестак, скаргу не задаволілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG