Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎТАМАБІЛІ Ў БЕЛАРУСІ І Ў СУСЕДНІХ КРАІНАХ


Сяргей Навумчык, Прага

Мэта нашай перадачы – не агляд апошніх мадэляў, і нават не параўнаньне якасьці аўтамабіляў. Хаця тры суседнія з Беларусьсю краіны – Расея, Украіна і Польшча – маюць уласную аўтамабільную вытворчасьць, яны зусім не зьяўляюцца лідэрамі ў гэтай сфэры, і якасьць “Жыгулёў”, “Запарожцу” альбо польскага “Фіяту” непараўнальная з нямецкім “Опэлем” альбо з японскай “Міцубісі”. Мы паспрабуем прааналізаваць, наколькі даступны аўтамабіль для звычайнага грамадзяніна.

Наш менскі карэспандэнт Ганна Соўсь распавядае пра тое, што ўяўляе аўтамабіль ў жыцьці сёньняшняга беларуса.

(Соўсь: ) “У Беларусі каля паўтары мільёны аўтамабіляў знаходзяцца ў прыватнай ўласнасьці. Што да гарадоў, то, напрыклад, летась у менскім ДАІ было зарэгістравана каля 300 тысячаў прыватных аўтамабіляў і каля 100 тысячаў дзяржаўных машынаў. Паводле статыстыкі, за апошнія два гады колькасьць аўтамабіляў у Беларусі павялічалася амаль у два разы.

Беларусы звычайна набываюць ня новыя і ня самыя якасныя аўтамабілі, яны, так бы мовіць, “даяжджаюць” за эўрапейцамі на іхных патрыманых аўто.

На беларускіх дарогах можна пабачыць спалучэньне самых розных аўтамабіляў – прадстаўнічую дарагую “Вольва”, у якой за цёмным шклом схаваўся дзяржаўны чыноўнік, а побач брудны “Запапрожац” з кіроўцам пэнсіянэрам (абодва ледзь рухаюцца), паўсюць носяцца сучасныя міліцэйскія “Опэлі”, якія калісьці былі прададзеныя менскай міліцыі па нізкім кошце былым міністрам ўнутраных спраў нямецкай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія, вось паціху рухаюць традыцыйныя “Жыгулі”, тут жа крутыя БМВ і састарэлыя перафарбаваныя “Фальксвагены”. Беларусы, у большасьці, аддаюць перавагу эўрапейскім аўтамабілям – за амэрыканскімі ехаць далёка, а прадпыемства “Форд” ужо спыніла сваю дзейнасьць у Беларусі. Але паступова на беларускі рынак прыходзіць японскія ды карэйскія аўтамабілі. Нягледзячы на тое, што ўжо адчынена шмат прадстаўніцтваў вядомых аўтамабільных канцэрнаў, беларусы больш ахвотна набываюць аўто на рынках. Раней былі вельмі папулярныя вандроўкі за машынамі ў Польшчу, Нямеччыну, Літву, але цяпер можна адносна танна купіць машыну на аўтарынку.

За апошнія гады кошты на патрыманыя аўтамабілі ў Беларусі значна паменшыліся – у 2-3 разы. Што тры-пяць гадоў назад можна было набыць за 10 тысяч даляраў, цяпер каштуе каля 3-4 тысячаў.

Як і ў савецкія часы, кошт аўтамабіля ў дзясяткі ды сотні разоў перавышае сярэднія памеры заробкаў беларусаў – на аўтамабіль трэба адкладваць грошы на працягу некалькіх гадоў. Амаль немагчыма набыць аўтамабіль у крэдыт. Раней гэта можна было зрабіць у фірме “Пушэ”, якую ўзначальваў Аляксандар Пупейка. Апошнім часам прадстаўніцтвы вядомых аўтамабільных канцэрнаў прапаноўваюць іншую паслугу – ацэньваюць стары аўтамабіль, купляюць яго і кліенту застаецца толькі аплаціць астатнюю суму.

Беларусы не мяняюць аўтамабілі, як пальчаткі. Найбольш доўга карыстаюцца машынамі, напэўна, сяляне і пэнсіянэры – найбольш зьбяднелыя людзі. Некаторыя зь іх яшчэ маюць нават старыя “Победы” і “Москвічы”. Больш схільныя да пераменаў машынаў чыноўнікі, прадпрымальнікі ды бандыты.

Апошнім часам карыстацца аўтамабілем стала даволі дорага. Бэнзын каштуе крыху менш за 50 цэнтаў (а ў суседняй Расеі каля 30). Найбольшым попытам у Беларусі карыстаецца 92-гі бэнзын. Нятанна каштуе і тэхнічнае абслугоўваньне. Практычныя кіроўцы аддаюць перавагу прыватным майстрам, што працуюць ва ўласных гаражах, а не фірменным службам тэхнічнага абслугоўваньня. Дарэчы, цяпер каля 70 адсоткаў аўтасэрвісаў – прыватныя. Гэты бізнэс зьяўляецца даволі прыбытковым, таму што большасьць машынаў – патрыманыя і няспынна патрабуюць рамонту.

Усё больш і больш жанчынаў сядае за руль аўтамабіля. Паводле кіраўніка менскага ДАІ Анатоля Сідарэні, цяпер дзьве траціны навучэнцаў у школах кіроўцаў – гэта жанчыны. Спадар Сідарэня спадзяецца, што калі жанчынаў-кіроўцаў на беларускіх дарогах стане больш, паменшыца і колькасьць аварыяў, бо жанчыны, вядома, больш асьцярожныя і дысцыплінаваныя.

Што да асьцярожнасьці ды ветлівасьці, то шэраговы беларускі кіроўца не вылучаецца далікатнасьцю. Звычайна пешаходы сьвядома стаяць на пераходах, прапускаючы ўсе машыны. Дарэчы, менавіта па гэтай прыкмеце і пазнаюць нашых людзей у замежжы – яны прапускаюць машыну, а машыны прапускаюць іх. Так і стаяць, так і чакаюць, саступаючы”.

(Навумчык: ) “Невялікае адступленьне ў нядаўнюю гісторыю. “У адным з нумароў маскоўскай “Литературной газеты” за 1966 год быў надрукаваны артыкул пра найбольш папулярную ў тыя гады мадэль італьянскага “Фіяту”. Тут жа быў і малюнак аўтамабіля, які ўжо праз чатыры гады выйшаў у Савецкім Саюзе пад назовам “Жыгулі” і на працягу доўгага часу заставаўся прадметам памкненьняў савецкага чалавека. З невялікімі мадыфікацыямі гэты аўтамабіль выходзіць і цяпер. Канкурэнцыю паводле доўгажыхарства яму можа скласьці хіба толькі “Фальксваген-жук”, які пачаў вырабляцца ў сярэдзіне 30-х гадоў ў нацыскай Нямеччыне і да зусім нядаўнаяга часу выпускаўся ў некаторых краінах Лацінскай Амэрыкі. Савецкія “Победа” і “Волга ГАЗ-21” (тая самая, на якой герой Смактуноўскага ў фільме “Сьцеражыся аўтамабіля” уцякаў ад міліцыянта ) вырабляліся па пятнаццаць гадоў...

Канешне, такі доўгі тэрмін прысутнасьці на аўтамабільным рынку можна лічыць вынікам удалай канструктыўнай думкі. Напрыклад, той жа самай “Победе” быў уласьцівы вельмі невялікі аэрадынамічны супраціў, у параўнаньні з заходнімі аналягамі.

Аднак ўсё ў сьвеце старэе, а тэхніка старэе, бадай, хутчэй за ўсё іншае. Уявіце, што вам даводзіцца карыстацца магнітафонам сярэдзіны 60-х гадоў.

З другога боку – менавіта аўтамабілебудаваньне ўвасабляе найноўшыя дасягненьні ў самых розных сфэрах чалавечай дзейнасьці, у тым ліку арганізацыі вытворчасьці, інжынерных распрацовакі, стварэньня новых матэрыялаў, сыстэмы бясьпекі і, зразумела, дызайну. “Форд”, “Опэль”, “Таёта”, “Міцубісі” ды іншыя гіганты аўтапрамысловасьці выпускаюць новыя мадэлі штодвагады, прычым ва ўсіх тыпах кузавоў легкавых аўтамабіляў.

Як выглядае, абсалютная большасьць беларусаў сёньня набываюць патрыманыя аўтамабілі, аддаючы перавагу нерасейскім мадэлям. Тое ж самае, дарэчы, назіраецца і ва Украіне, хаця парк былых савецкіх аўто тут па-ранейшаму складае больш як 80 адсоткаў. Такі выбар на карысьць патрыманага аўтамабіля тлумачыцца фінансавымі магчымасьцямі.

Наогул, набыцьцё патрыманай машыны – зьява распаўсюджаная нават у Амэрыцы, якая лічыцца самай “аўтамабілезаванай” краінай. І тым ня менш, болшасьць набывае новыя машыны. А новая машына каштуе пачынаючы ад 14 тысячаў даляраў. Гэта – роўна палова сярэдняга гадавога амэрыканскага заробку; прычым улічыце, што чвэрць, а то і болей, трэба яшчэ аддаць на падтакі, і аплаціць жыльлё. Словам, каб назапасіць грошы на новае аўто, амэрыканцу трэба некалькі гадоў… Што ж тады казаць пра паляка ці латыша, чый заробак значна меншы? Між тым, ўсё больш палякаў, латышоў і літоўцаў набываюць новыя машыны, кошт якіх перавышае іх гадавы заробак у некалькі разоў.

Сакрэт тут просты – машына купляецца ў крэдыт ці ў лізынг. Гэта – тое, што пакуль адсутнічае ў Беларусі, але ўжо некалькі гадоў рпаспаўсюджанае ў Латвіі, Літве ды Польшчы.

Я патэлефанаваў у Рыгу, і вось што распавяла мая калега, журналістка Занда Берзінэ.

(Бэрзінэ: ) “Аўтамабіль у Рызе, наогул у Латвіі робіцца ўсё больш даступным. Месцаў, дзе можна яго набыць, вельмі шмат – вы можаце пайсьці на адмысловую аўтастаянку і выбраць тое, што Вам найбольш падыходзіць. Тут Вы можаце нават знайсьці адносна прыстойную машыну за тысячу даляраў. Калі вы не знайшлі тое, што хочаце – Вы можаце замовіць, і машыну вам прыгоняць зь Нямеччыны.

Але апошнім часам ўсё больш людзей, якія маюць сталую і добрую працу, набываюць новыя аўтамабілі ў крэдыт. Такая машына каштуе, канешне, даражэй – недзе пачынаючы ад 10 тысячаў даляраў і вышэй. Банк крэдытуе куплянку на 80-85 адсоткаў, гэта значаць, што астатнія грошы вы павінныя ўнесьці адразу. Гэта звачайна недзе тры альбо чатыры тысячы даляраў, калі гаворка ідзе пра машыну клясы “Фальксваген”. Але каб узяць крэдыт у банку, вы павінны пацьвердзіць, што маеце сталую працу. Акрамя таго, вы мусіце застрахаваць аўтамабіль ад угону і на выпадак аварыі, што каштуе каля 400 даляраў у год.

Такі крэдыт даецца звычайна тэрмінам на тры гады, за гэты час пакупнік выплочвае кошт машыны плюс працэнты. Пакуль вы не выплацілі крэдыт – машына лічыцца ўласнасьцю банку альбо лізынгавай кампаніі. Калі вы бярэце машыну ў крэдыт, ёй не павінна быць больш за пяць гадоў. У мяне аўтамабіль “Мазда”, яму дзесяць гадоў, і ён пакуль мяне задавальняе. Але шмат маіх знаёмых усё часьцей купляюць новыя машыны і карыстаюцца крэдытнай сыстэмай банкаў альбо лізынгавых кампаніяў”.

(Навумчык: ) “Рыская журналістка Занда Бэрзінэ распавяла, што нават пры магчымасьці ўзяць крэдыт жыхару Латвіі трэба выкласьці першапачатковы ўзнос недзе ў тры тысячы даляраў. Такая ж сытуацыя і ў Літве. Але возьмем пад увагу, што абсалютна новыя аўтамабілі купляюць пераважна людзі з даходамі значна большымі, чым сярэднямесячны заробак. Выглядае, што ў той жа Літве колькасьць такіх асобаў павялічваецца. Я гутару з Робэртасам Цяцкявічусам, прэзыдэнтам каўнасскай кампаніі “AV Auto tyrimai”, якая вывучае дынаміку аўтамабільнага рынку ў Літве”.

(Цяцкявічус: ) “Дзвюхтысячны год быў рэкордны паводле колькасьці продажу аўтамабіляў. Хаця Літва, трэба прызнаць, у гэтым сэнсе істотна адстае ад Эстоніі. Летась у Літве было прададзена 7 тысячаў 387 новых аўтамабіляў. І гэта на 25 адсоткаў больш, чым пазалетась. Прычым прыблізна 40 адсоткаў аўтамабіляў прадаецца ў крэдыт, а астатнія купляюцца адразу. А вось ў Эстоніі 75 адсоткаў машын прадаецца праз лізынгавую сыстэму”.

(Навумчык: ) “Я запытаўся ў спадара Робэртаса Цяцкявічуса, ці карыстаюцца яшчэ жыхары Літвы “савецкімі” аўтамабілямі”.

(Цяцкявічус: ) “Магу адназначна адказаць, што гэтак званых “савецкіх” аўтамабіляў ці машын, зробленых у краінах СНД, ўсё менш і менш. У свой час аўтамабіляў “Жыгулі” у Літве было паўмільёна, а цяпер іх засталося толькі каля 150 тысячаў. Усяго ж у Літве парк легкавых аўтамабіляў перавышае адзін мільён”.

(Навумчык: ) “Як бачым, парк легкавых аўтамабіляў у Літве амаль такі ж, як і ў Беларусі – хаця Літва ў тры разы меншая паводле колькасьці насельніцтва. Ну і прыгадаем, што ва Ўкраіне парк былых савецкіх аўтамабіляў – каля 80 адсоткаў.

Як мне паведаміў спадар Цяцкявічус, звычайны пакупнік аўтамашыны ў Літве мае сярэдні даход ад 400 даляраў у месяц і набывае патрыманы аўтамабіль прыблізна за дзвьве-чатыры тысячы даляраў. Гэта – кошт дзесяцігадовага “Опэля” альбо “Мазды”, альбо шасьцігадовай “Тайоты”. Калі ўлічыць, што гэтыя машыны звычайна прыгнаныя зь Нямеччыны – дык тэхнічны іх стан зусім неблагі.

Дарэчы, найбольш папулярныя ў Літве – якраз нямецкія аўтамабілі”.

(Цяцкявічус: ) “Аўтамабілі нямецкай вытворчасьці ў Літве складаюць 28 адсоткаў, французкай – 24 адсоткі, японскай – 14 адсоткаў, СНД – 12 адсоткаў. Хаця я павінен сказаць, што ў параўнаньні з тымі ж эстонцамі, мы, літоўцы, людзі кансэрватыўныя. Літовец, калі мае нейкія грошы, хутчэй аддасьць перавагу двухгадоваму патрыманаму аўто прэстыжовай мадэлі, чым новай, але простай машыне”.

(Навумчык: ) “І яшчэ некалькі лічбаў датычна Літвы. Рэгістрацыя аўтамабіля ў паліцыі каштуе 15 даляраў, абавязковы тэхнічны агляд – 10 даляраў. Паводле статыстыкі, сярэдні літоўскі аўтааматар наязджае ў год каля 20 тысячаў кілямэтраў. Літар якаснага бэнзыну каштуе 55 цэнтаў, што на 20 цэнтаў даражэй, чым у Расеі, і на пяць – больш, чым у Беларусі.

Дарэчы, нядаўна у Літве ўведзенае вельмі жорсткае пакараньне за язду ў нецьвярозым стане. Пры першым затрыманьні – штраф 500 даляраў, пры паўторным – 100 даляраў альбо пазбаўленьне правоў на тэрмін да 5 гадоў. Праўда, калі вы выпілі пляшку піва, гэта ня будзе лічыцца ап’яненьнем.

Што датычна захоўваньня машыны, дык гараж у Вільні каштуе да дзьвюх з паловай тысяч даляраў, а месца на стаянцы – да 25 даляраў у месяц. Нагадаем, што сярэднемесячны заробак у Літве – больш за 200 даляраў.

Зробім невялікае падсумаваньне. Сёньня ва ўсіх суседніх з Беларусьсю краінах –як, дарэчы, і ў самой Беларусі – грамадзяне могуць набыць практычна любы аўтамабіль. Праблема – у наяўнасьці грошай. Сыстэма набыцьця машыны ў крэдыт найбольш дасканалая ў Польшчы, Латвіі і Літве. І, дарэчы, менавіта ў гэтых краінах парк прыватных аўтамабіляў найноўшы, а аўтасэрвіс – найбольш дасканалы.

Аднак набыцьцё аўтамабілю – толькі пачатак. Аўтамабіль – гэта вельмі істотны сыгмэнт жыцьця і, канкрэтна, эканомікі, бо за ім – дарогі, матэлі, сыстэма аўтасэрвісу, а значыць, дзясяткі тысячаў працоўных месцаў.

Аўтамабіль – паказчык мабільнасьці людзей, іх інтэграванасьці ў сфэру сучасных эканамічных дачыненьняў. Бо зразумела, што ў дзяржаве, дзе ўсё вызначалі ЦК і Дзяржплян, дастаткова было ЗІСаў і самазвалаў. Пра ўсё гэта – у нашай наступнай перадачы.

XS
SM
MD
LG