Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАРЫ Ў МЕНСКУ ВІТАЛІ МОЛАДЗЬ ПА-БЕЛАРУСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Яшчэ раніцай сябры Маладога Фронту ды моладзевае кааліцыі "Пераменаў!" наведалі 18 дыпляматычных місіяў у Менску, каб павіншаваць іх з Днём Сьвятога Валянціна.

У амэрыканскай амбасадзе прадстаўнікоў моладзі па-беларуску вітаў намесьнік кіраўніка місіі Джон Кунстатэр, які прышпіліў сабе значак Таварыства беларускае мовы. Дыплямат зазначыў, што "моладзь робіць значны ўнёсак у разьвіцьцё дэмакратыі й абарону незалежнасьці Беларусі".

Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас таксама прывітаў моладзь па-беларуску. Прадстаўнікі кааліцыі сустрэліся яшчэ з амбасадарамі Польшчы ды Грэцыі — апошні цяпер рэпрэзэнтуе ў Менску ўвесь Эўразьвяз.

Цікава, што сёлета да сьпісу амбасадаў дэмакратычных краінаў была далучаная югаслаўская, супрацоўнік якой Слабадан Ярчэвіц таксама атрымаў віншаваньні ад Маладога Фронту ды кааліцыі "Пераменаў!".

У віншаваньні арганізатары падкрэсьлілі, што акцыю 14 лютага беларуская моладзь ладзіць пяты год запар і што гэтыя акцыі сьведчаць пра нараджэньне новае Беларусі — "краіны веры, надзеі й свабоды, краіны, якая імкнецца насустрач эўрапейскай цывілізацыі ды адкрытаму грамадзтву".

"Мы верым, што новая эра пачынаецца для Беларусі зь любові", — заявілі арганізатары сёньняшняе акцыі й працягвалі: "Мы больш ня хочам цярпець зьнявагу, абыякавасьць, злосьць і "саўковае" рабства. Мы больш ня хочам жыць на руінах імпэрыі зла, у закінутай правінцыі, пад прыгнётам дыктатуры. Мы выступаем за Новую Беларусь, новы лад жыцьця й новага прэзыдэнта! Мы выбіраем Любоў, Свабоду і Перамены!" — зазначалася ў віншаваньні з нагоды сьвята.

Менскія ўлады па-свойму рыхтаваліся да сьвяткаваньня Дня
Сьвятога Валянціна, адзначыў прэсавы рэліз Маладога Фронту. Сапраўды, у цэнтры сталіцы журналісты бачылі дзясяткі аўтобусаў ды спэцмашынаў зь міліцыянтамі, АМОНам, войскамі Міністэрства ўнутраных справаў.

Сама ж акцыя традыцыйна пачалася на пляцы Волі а 17-й гадзіне. Мінакам раздавалі валянцінкі зь віншаваньнямі па-беларуску. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец абвесьціў пра пачатак акцыі, а міліцыя праз мэгафоны прасіла людзей на беларускай ды расейскай мовах "працягваць рух у любым напрамку".

Зьявілася інфармацыя, што затрымалі лідэра Аб’яднанае грамадзянскае партыі Анатоля Лябедзьку, які сядзіць у міліцэйскім аўтобусе ды пацьвярджае гэты факт па мабільным тэлефоне. Але неўзабаве яго выпусьцілі — відаць, намаганьнямі ягонага калегі зь Вярхоўнага Савету Валер'я Шчукіна, які хадзіў вакол аўтобуса ды заклікаў міліцыянтаў выпусьціць спадара Лябедзьку.

У 17.30 на рагу вуліцаў Леніна й Рэвалюцыйнай моладзь разгарнула вялізны сьцяг Эўразьвязу, а потым у неба паляцелі тысячы ўлётак-валянцінак.

Паскандаваўшы "Жыве Беларусь!", "Пераменаў!" і "Беларусь у Эўропу", калёна з 200–300 чалавек рушыла ў бок праспэкту Францішка Скарыны. На рагу каля рэстарану "McDonald's" таксама стаялі маладыя людзі, і паступова колькасьць удзельнікаў акцыі вырасла амаль да 1 000 чалавек.

Людзі мірна, безь перашкодаў з боку міліцыі, дайшлі да плошчы Перамогі, дзе й спыніліся. А 18-й гадзіне арганізатары й міліцыянты разам заклікалі калёну разысьціся, і ўжо ў 18.30 акцыя скончылася.


XS
SM
MD
LG