Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАРЫСАВЕ СПРАБАВАЛІ ЗАТРЫМАЦЬ АДНАГО З УДЗЕЛЬНІКАЎ МОЛАДЗЕВАЙ АКЦЫІ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

Сёньня а 13-й гадзіне дзьве групы юнакоў і дзяўчат зь сяброў Маладой Грамады й Маладога Фронту наладзілі два пікеты: на барысаўскай вуліцы Гагарына (каля тутэйшага Палітэхнічнага каледжу) й ля ўваходу на найбуйнейшы барысаўскі рэчавы рынак "Стадыён".

Кіраўніца філіі Маладога Фронту Тацяна Карнацкая й лідэр прадстаўніцтва Маладой Грамады Антон Цялежнікаў былі апранутыя ў адмысловыя камізэлькі-плякаты зь лёзунгамі "Любові! Свабоды! Пераменаў!".

Зьміцер Бародка, які прысутнічаў на акцыі ад праваабарончага цэнтру "Вясна" заўважыў, што ён да гэтых лёзунгаў дадаў бы й заклікі "Дэмакратыі! Канстытуцыйнай законнасьці!". Ён распавёў, што сёньня раніцай яго асабіста й карэспандэнта тутэйшай незалежнай газэты "Кур'ер" з Барысава Алену Аўтушку кіраўнік гарвыканкаму Васіль Бургун літаральна выставіў з канфэрэнцзалі, дзе праводзіў паседжаньне старшыняў і сябраў участковых выбарчых камісіяў.

Гэтак галоўны вэртыкальнік засакрэціў пляны падрыхтоўкі да паўторных выбараў 18 сакавіка ў Барысаве ў "палату прадстаўнікоў".

Удзельнікі моладзевай акцыі раздавалі адмысловы выпуск газэты "Пераменаў!", каляндарыкі й налепкі, прысьвечаныя Дню Любові. Моладзь, што кантактавала зь пікетоўнікамі, выказвала салідарнасьць маладафронтаўцам і маладаграмадоўцам.

Падчас акцыі адзін пераапрануты ў цывільнае міліцэйскі афіцэр хацеў затрымаць лідэра філіі Маладой Грамады Антона Цялежнікава, але пасьля перамоваў з праваабаронцамі мусіў адступіцца.


XS
SM
MD
LG