Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ ПРАЙШЛА БЕЗ ЭКСЦЭСАЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Жданко: ) “Вядома, што на падрыхтоўку акцыі было ня так шмат часу, і былі засьцярогі, што гэта адаб’ецца на масавасьці акцыі. Віталь, на колькі гэтыя засьцярогі спраўдзіліся? Колькі людзей прыйшло на плошчу Бангалёр?”

(Цыганкоў: ) “Калі меркаваць з таго пункту гледжаньня, што прафсаюзы заяўлялі пра меркаваны ўдзел 30 тысяч чалавек, то можна сказаць, што гэтыя прагнозы не зусім спраўдзіліся. Зараз на плошчы Бангалёр знаходзіцца ад 5 да 8 тысяч удзельнікаў акцыі – спачатку было зусім няшмат, і вось толькі прыблізна ў 17:15 падыйшла калёна Заводзкага раёну Менску, якая йшла па ходніках ад станцыі мэтро Няміга па вуліцы Багдановіча. Так што зараз дэманстрантаў каля 8 тысячаў”.

(Жданко: ) “Якія-небудзь лёзунгі, транспаранты відаць над калёнамі?”

(Цыганкоў: ) “Так, плошча аздобленая даволі багата. Шмат сініх сьцягоў – гэта афіцыйныя сьцягі Фэдэрацыі прафсаюзаў, таксама некалькі бел-чырвона-белых сьцягоў (сьцягі Незалежнага прафсаюза) і чырвоных – камуністаў, якія асобнай купкай таксама бяруць удзел у мітынгу. Шмат лёзунгаў. Сярод іх: “У адзінстве наша сіла”, “Забясьпечыць нармальныя ўмовы жыцьця”, “Прафсаюзы за эканамічныя рэформы, але не за кошт людзей” і г.д.”

(Жданко: ) “Асноўная танальнасьць выступаў – наколькі рэзка крытыкуецца палітыка Лукашэнкі, наколькі востра гучыць тэма выбараў?”

(Цыганкоў: ) “Гэты мітынг, канешне, адрозьніваецца ад звычайных акцыяў апазыцыйных сілаў. Хоць і ідзе даволі вострая крытыка сёньняшняга эканамічнага стану працоўных, цяжкага іхнага становішча, памылковай сёньняшняй эканамічнай палітыкі, але прозьвішча Лукашэнкі амаль ня згадваецца. Характэрна, што многія прамоўцы з абурэньнем гаварылі пра журналістаў беларускага тэлебачаньня, якія ганьбяць і пляжаць беларускія прафсаюзы. Яшчэ адзін паказальны штрых. Калі адзін з прамоўцаў сказаў, што рабочыя Барысава падтрымліваюць намер Уладзімера Ганчарыка вылучыць сваю кандыдатуру на пасаду прэзыдэнта, то прамоўца зрабіў паўзу – ён, відавочна, чакаў, што тут будуць воплескі, але адказам яму было маўчаньне, ніхто не адрэагаваў, і ён працягнуў сваю прамову. Наогул, тэма выбараў ня ўзгадваецца непасрэдна – прамоўцы прста казалі, што сёлета мы павінны дачакацца пераменаў і так далей”.

(Жданко: ) “Наколькі пільную ўвагу зьвярнула міліцыя на акцыю? Ці шмат міліцыянтаў? Якія сілы атачаюць плошчу? Ці былі нейкія канфлікты на гэтай глебе?”

(Цыганкоў: ) “Не, як і чакалася, канфліктаў у выпадках, калі на мітынгі зьбіраюцца рабочыя, няма і ня можа быць. Міліцыянтаў зусім не відаць, толькі па пэрымэтры плошчы Бангалёр стаяць нарады па два чалавекі. Ёсьць таксама машыны хуткай дапамогі і пажарныя”.

(Жданко: ) “Сёньня ў Менску адбываецца яшчэ адна масавая акцыя, якую ладзіць Малыды Фронт. Была інфармацыя пра тое, што ўдзельнікі гэтай акцыі таксама длучацца да мітынгоўцаў. Каго, апроч прадстаўнікоў прафсаюзаў, можна пабачыць на плошчы?”

(Цыганкоў: ) “Нейкіх іншых арганізаваных групаў зараз няма, а толькі асобныя людзі раздаюць зараз бел-чырвона-белыя валянцінкі – падаруначкі, выкананыя ў форме бел-чырвона-белых сэрцайкаў. Таксама, відаць, прадстаўнікі КХП БНФ раздаюць невялікія ўлёткі з надпісам “Расейскіх акупантаў прэч!” і падпісаныя “Беларускі вызвольны рух”. А так, як я ўжо казаў, не відаць нават вялікай колькасьці бел-чырвона-белых сьцягоў – я бачу іх толькі тры, і адзін зь іх, гэта сьцяг Незалежнага прафсаюзу”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG