Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСШЫФРАВАНЫ ГЕНОМ ЧАЛАВЕКА


Алена Ціхановіч, Прага

Геном – гэта носьбіт генэтычнай інфармацыі чалавека. Міжнародная група навукоўцаў абвесьціла на пачатку гэтага тыдня, што ім удалося расшыфраваць геном. Фрэнсіс Колінс, дырэктар лябараторыі геному ў Нацыянальным інстытуце здароўя ЗША, называе геном “кнігай жыцьця”:

(Колінс: ) “Кніга жыцьця на самой справе складаецца з трох кніг: гэта кніга гісторыі, аповесьць пра падарожжа чалавечага роду ў часе; гэта інструкцыя з надзвычай дэтальнай схемай для пабудовы чалавечай клеткі; і гэта абнаўляльны падручнік мэдыцыны, якія дае дактарам новую сілу лячыць і папярэджваць хваробы”.

Больш як тысяча дасьледчыкаў са Злучаных Штатаў, Брытаніі, Кітаю, Францыі, Нямеччыны і Японіі, якія працягваюць сумесную працу ў гэтай галіне, вядомыя ў сьвеце як Міжнародны Кансорцыюм чалавечага геному. Кансорцыюм публікуе апошнія вынікі сваіх дасьледаваньняў у часопісах “Nature” (Прырода) і “Science” (Навука). На прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне прадстаўнік групы Крэйд Вентнэр так акрэсьліў значэньне новых зьвестак:

(Вентнэр: ) “Ужо першы погляд на наш генэтычны код тоіць шмат нечаканасьцяў, якія маюць важнае прымяненьне для чалавецтва”.

Паводле Нацыянальнага інстытуту здароўя ЗША, структура чалавечага геному ёсьць працэсам вызначэньня дакладнага парадку чатырох хімічных асноваў ДНК. Гэтыя асновы атрымалі ўмоўныя назвы – ангельскія літары А, Т, С, G.

Матэрыялы, надрукаваныя на гэтым тыдні, сьцьвярджаюць, што чалавек мае куды менш генаў, чым меркавалася раней. Сам ген вызначаецца як функцыянальная і фізычная адзінка спадчыннасьці, якая перадаецца ад бацькоў дзецям. Гены зьяўляюцца часткамі ДНК. Раней лічылася, што чалавек мае ад 60 да 100 тысячаў генаў. Цяпер навукоўцы прыйшлі да высновы, што чалавек іх мае ад 30 да 40 тысячаў. Гэта толькі на 300 генаў больш, чым, напрыклад, маюць мышы. З гэтага вынікае, што пабудову чалавечага арганізму гены перадвызначаюць менш, чым меркавалася.

Працягвае Крэйд Вентнэр:

(Вентнэр: ) “На аснове нашай інфармацыі ўжо былі зробленыя важныя адкрыцьці як у акадэмічнай, так і камэрцыйнай сфэры па ўсім сьвеце”.

Вентнэр і іншыя вучоныя лічаць, што інфармацыя аб пабудове генома можа дапамагчы лячыць спадчынныя хваробы. Яны таксама адзначаюць яшчэ адзін важны бок дасьледаваньня – яно пацьвердзіла, што людзі розных расаў на ўзроўні ДНК ня маюць адрозьненьняў.

Вентнэр настойвае на тым, каб вынікі дасьледаваньня былі скарыстаныя для камэрцыйных мэтаў – напрыклад, для стварэньня лекаў ад хваробаў, што перадаюцца спадчынным шляхам.

Шэраг прафсаюзных і праваабарончых арганізацыяў ужо выказалі сваю перасьцярогу тым, каб генэтычная інфармацыя не была злоўжываная, напрыклад, патэнцыйнымі працадаўцамі, якія могуць мець жаданьне пазбавіцца ад хворых людзей.
XS
SM
MD
LG