Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІТВА НАДАЛЕЙ НЕ ПРЫЗНАЕ "ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ"


Валер Каліноўскі, Менск

Літва гэтымі днямі адзначае гадавіну аднаўленьня дзяржаўнасьці. Адрозна ад Беларусі, суседняя дзяржава актыўна рухаецца па шляху інтэграцыі ў Эўразьвяз і NATO.

Гаворыць амбасадар Ёнас Паслаўскас:

(Паслаўскас: ) "Прыярытэты нашай зьнешняй палітыкі ранейшыя: інтэграцыя ў Эўразьвяз, у NATO, добрасуседзкія адносіны з усімі дзяржавамі рэгіёну, у тым ліку і зь Беларусьсю. Мы жадаем стаць часткай рынку Эўразьвязу, які зь цягам часу будзе аб’ядноўваць каля 580 мільёнаў жыхароў".

Аснова гэтай палітыкі, падкрэсьліў амбасадар Паслаўкас, — імкненьне атрымаць новыя інвэстыцыі, гарантыі стабільнага разьвіцьця. Наўпростыя замежныя інвэстыцыі ў літоўскую эканоміку склалі 2 мільярды 307 мільёнаў даляраў ЗША — гэта 627 даляраў на кожнага насельніка.

Сярэдні заробак у Літве — каля 300 даляраў, сярэдняя пэнсія — каля 80 даляраў, а дапамога беспрацоўным — 50 даляраў.

Паводле словаў амбасадара Паслаўскаса, дачыненьні Літвы й Беларусі “маюць прагматычны характар”. Аднак двухбаковы таваразварот з 1997 году зьнізіўся амаль утрая й складае цяпер каля 200 мільёнаў даляраў.

Няздольнасьць Беларусі заплаціць даўгі за літоўскую электраэнэргію — а гэта больш як 50 мільёнаў даляраў — прывяла да зьніжэньня паставак. Сутнасьць палітыкі Літвы ў дачыненьні да Беларусі амбасадар вызначыў, спасылаючыся на выказваньне сьпікера Сэйма Літвы Артура Паўлаўскаса:

(Паслаўскас: ) "Мы супраць ізаляцыі ці самаізаляцыі Беларусі".

Аднак на пытаньне пра магчымасьць ўсталяваньня кантактаў паміж Сэймам Літвы й новым складам Нацыянальнага сходу спадар Паслаўскас адказаў, што Літва падзяляе тую пазыцыю, якой трымаюцца ў дачыненьні да Беларусі АБСЭ, Эўразьвяз, Рада Эўропы, якія не прызналі мінулых выбараў.

Спадар амбасадар абверг інфармацыю пра намер віцэ-сьпікера Літоўскага Сэйма наведаць Нацыянальны сход Беларусі.

Дачыненьні Беларусі й Літвы напружаныя таксама з прычыны патрабаваньняў літоўскага боку выдаць правасудзьдзю намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзімера Ўсхопчыка, які ўдзельнічаў у крывавых падзеях студзеня 1991 году ў Вільні.

Ёнас Паслаўскас паведаміў, што адэкватнай рэакцыі на гэты запыт Літвы з боку Беларусі няма. МЗС Беларусі выказваў пратэст з нагоды правядзеньня ў Літве сэмінару беларускай апазыцыі ды выклікаў амбасадара Паслаўскаса.

Літоўскія ўлады ня мелі адносінаў да таго сэмінару, але й не палічылі яго небясьпечным для Літвы ці супярэчным яе міжнародным абавязкам, мяркуе спадар Паслаўскас.

Аляксандар Лукашэнка зазначаў, што сярод затрыманых у Беларусі шпіёнаў ёсьць адзін “прыбалт”. Літоўскі консул Лінас Валянтукявічус гэта абвяргае:

(Валянтукявічус: ) "Мы такіх зьвестак ня маем, і наколькі я ведаю, і латвійская амбасада, і эстонская таксама пра гэта ня ведаюць".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG