Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ВАРТА А.ЛУКАШЭНКУ БАЯЦЦА АМЭРЫКАНСКАЙ "ЛІЦЭНЗІІ НА ЗАБОЙСТВА"?


Аляксандар Лукашук, Прага

Беларускія СМІ, прэзыдэнцкія дэпутаты і міністэрства замежных справаў непакояцца з прычыны намераў амэрыканскіх заканадаўцаў нібыта дазволіць вайскоўцам зьнішчэньне тэрарыстаў – у тым ліку лідэраў замежных дзяржаваў. З гэтае нагоды афіцыйны Менск выступіў з заявай, пра што мы паведамлялі ў нашай праграме ўчора.

Кіраўніку Беларусі няма чаго баяцца – пагроза для яго зыходзіць зусім не ад кангрэсмэна Боба Бара, рэспубліканца са штату Джорджыя, які прапанаваў аднавіць права амэрыканскага прэзыдэнта выдаваць загад на зьнішчэньне лідэра замежнай дзяржавы, калі ён ўяўляе сабой пагрозу для амэрыканскіх служачых ці нацыянальных інтарэсаў Амэрыкі. Законапраект “Аб зьнішчэньні тэрарыстаў” ня мае ніякіх шанцаў на ўхваленьне ў Кангрэсе.

З пункту гледжаньня працэдуры, заканапраект мае на мэце скасаваць папярэднія прэзыдэнцкія распараджэньні. Прэзыдэнт Джэральд Форд у 1976 годзе падпісаў распараджэньне, у якім была пісьмова сфармуляваная прамая забарона дзяржслужачым ЗША займацца палітычнымі забойствамі. “Ніводзін служачы ЗША не павінен браць удзел у палітычным забойстве альбо ў змове дзеля такога забойства”. Прэзыдэнт Рональд Рэйган сваім загадам узмацніў забарону і асобна пазначыў, што яна распаўсюджваецца на сакрэтныя службы.

Паводле канстытуцыі, прэзыдэнт мае права скасоўваць загады сваіх папярэднікаў без кансультацыяў з Кангрэсам, і Боб Бар зьвярнуўся з лістом да Джорджа Буша зрабіць гэта, а калі прэзыдэнт адмовіцца, дык кангрэсмэн лічыць, што гэта мусяць зрабіць заканадаўцы. Боб Бар лічыць, што амэрыканскія вайскоўцы, напрыклад, павінны мець права весьці дзеяньні супраць кіраўнікоў дзяржаваў – у прапанове няма прозьвішчаў, але газэта “Washington Times” гіпатэтычна называе Кастра, Кадафі і Гусэйна, а расейскія СМІ ўпісалі і імя цяперашняга кіраўніка Беларусі. Ніводнае з выданьняў не належыць да ліку ўплывовых.

Заканапрект ня ўспрымаецца ў Вашынгтоне ўсур’ёз і ня пройдзе. Але хаця праблема адхіленьня дыктатараў ад улады застаецца пераважна ўнутранай праблемай краінаў і саміх народаў, апошнія гады назіраецца даволі істотная перамена: дыктатараў прыцягваюць да міжнароднай судовай адказнасьці. Так адбываецца з чылійскім генэралам Піначэтам, Гаагскі трыбунал патрабуе суду над былым прэзыдэнтам Югаславіі Мілошавічам, міжнародная крымінальнае права распаўсюджваецца на высокапастаўленых асобаў кшталту Паўла Барадзіна, які сядзіць у Ню-Ёркскай турме.

І гэта мае ўжо выразны зваротны эфэкт – кіраўнікі, якім закон ня пісаны ва ўласнай краіне, могуць адчуць ягоную сілу пасьля адстаўкі, калі усё ж давядзецца адказваць за зробленае. І такая пэрспэктыва ўжо ўплывае на паводзіны больш абачлівых дыктатараў і іх падначаленых.


XS
SM
MD
LG