Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЕ АБВАСТРЭНЬНЕ НА БЛІЗКІМ УСХОДЗЕ


Кастусь Бандарук, Прага


Выканаўца абавязкаў прэм’ера Ізраілю Эхуд Барак назваў інцыдэнт “агідным злачынствам”, а міністар абароны Эфрэм Снэх паведаміў, што Ізраіль абмяркоўвае магчымасьць увядзеньня поўнай блякады палестынскіх тэрыторыяў. Аднак, на думку міністра, і гэта ня можа гарантаваць ізраільцянам поўнай бясьпекі, паколькі краіна знаходзіцца ў стане “вайны”.

У адказ на забойства групы ізраільцянаў на аўтобусным прыпынку выконваючы абавязкі прэм’ера Эхуд Барак заявіў:

(Барак: ) “Мы гарантуем, што хто б ня быў адказны за гэта ў сэнсе плянаваньня, правядзеньня і выкананьня, ён з усёй строгасьцю будзе асуджаны альбо пакараны”.

Сёньняшні інцыдэнт відавочна зьяўляецца рэваншам з боку палестынцаў за апошнія дзеяньні ізраільскіх сілаў. Сёньня ізраільскі вайсковец застрэліў палестынскага паліцыянта. Учора ізральская армія паведаміла, што ў сэктары Газа ля памежнага пераходу Эрэц ізраільскія гелікоптары выстралілі чатыры ракеты па аўтамабілі палестынскага тэрарыста з групоўкі Гэсбаллах Масуда Аяда і зьнішчыў яго. Ізраіль абвінавачвае яго ў сэрыі атакаў на габрэйскія паселішча ў Нэцарым і сэрыю тэрактаў. Палестынскі бок цьвердзіць, што Аяд быў афіцэрам “17-га атраду” – элітнага падразьдзяленьня аховы самога Ясіра Арафата.

Паводле агенцтва Ройтэр, гэта вынік адмысловай апэрацыі, накіраванай на фізычнае зьнішчэньне лідэраў палестынскіх баявых дружынаў. Сам прэм’ер Эхуд Барак пацьвердзіў, што Ізраіль праводзіць апэрацыю “ліквідацыі тэрарыстаў”, і што такая акцыя цалкам “адпавядае міжнароднаму праву”. Паводле палестынцаў, за апошнія месяцы загінулі 20 іхных лідэраў.

Сьмерць Масуда Аяда і затым яшчэ аднаго палестынскага падлетка выклікалі інтэнсыўную, працяглую начную перастрэлку ў сэктары Газа. Паводле сьведкаў, ізральскія сілы абстралялі з кулямётаў і танкаў лягер уцекачоў ў Хан Юніс. У выніку было паранена каля ста палестынцаў. (Эўразьвяз заявіў, што неапраўданае ужываньне Ізраілем сілы правакуе далейшы гвалт. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр перасьцярог, што сытуацыя рэзка пагаршаецца,і можа выйсьці з-пад кантролю).

У міжчасе новаабраны прэм’ер Арыель Шарон, накіраваў сваіх пасланьнікаў у шэраг сталіцаў сьвету, каб прадставіць ім пэтыцыю новага ўраду ў пытаньні мірнага працэсу. Пасьля перамоваў ізраільскага пасланьніка Эйтана Бэн-Цура ў Маскве, міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў адзначыў:

(Іваноў: ) “Нам таксама было важна пачуць, што новае кіраўніцтва Ізраілю зацікаўленае ў тым, каб Расея і надалей адыгрывала актыўную сумесную спонсарскую ролю на Блізкім Усходзе”.

У міжчасе іншая дэлегацыя Ізраілю працягвае перамовы ў Вашынгтоне, і сёньня яна сустракаецца з дзяржсакратаром ЗША Колінам Паўэлам і віцэ-прэзыдэнтам Дзікам Чэйні.

Разам з эскаляцыяй гвалту з Блізкага Ўсходу надыходзяць і больш аптымістычныя паведамленьні. Галоўныя партыі Ізраілю – Лікуд і Працы – завяршаюць фармаваньне ўраду нацыянальнага адзінства.
“Бакі дамовіліся ў большасьці пытаньняў,” – паведаміў пардстаўнік Лікуду, не падаючы, аднак, ніякіх падрабязнасьцяў. Агенцтва Ройтэр лічыць, што цалкам верагоднае стварэньне кааліцыі, якая будзе адкрытая на мірны працэс з палестынцамі.

Барак і Шарон узгоднілі, што на акупаваных тэрыторыях ня зьявяцца новыя габрэйскія пасяленьні, але тыя што існуюць зараз, могуць павялічыцца. Іхная сумесная плятформа прадугледжвае таксама папярэдняе мірнае пагадненьне з палестынцамі ў адпаведнасьці з рэзалюцыямі ААН і прынцыпам “зямля за мір”.


XS
SM
MD
LG