Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС БЕЛАРУСІ ПРАПАНОВЫ КАНГРЭСМЭНА БАРА ЗЬНІШЧАЦЬ ТЭРАРЫСТАЎ НАЗЫВАЕ "АВАНТУРНЫМІ ПАМКНЕНЬНЯМІ"


Юры Сьвірко, Менск

"Не сакрэт, што сёньня беларуска-амэрыканскія дачыненьні знаходзяцца на складаным этапе разьвіцьця", — зазначае МЗС і працягвае: "Аднак ствараецца ўражаньне, што нехта хацеў бы праз выкарыстаньне выдумкі ды падтасоўкі фактаў наўмысна пагоршыць гэтыя дачыненьні ды сарваць пошук шляхоў узаемнага збліжэньня Беларусі й ЗША", — гаворыць заява беларускага дыпляматычнага ведамства.

Сёньня маскоўскі штотыднёвік "Версия" надрукаваў артыкул, дзе сярод патэнцыйных ахвяраў патэнцыйнага амэрыканскага закону пра зьнішчэньне тэрарыстаў быў названы Аляксандар Лукашэнка.

"Публікацыя ў газэце "Версия" выходзіць за межы кампэтэнтнага аналізу ды мае яўна правакацыйны характар", — заяўляе Міністэрства замежных справаў Беларусі й кажа, што "асабістая ініцыятыва малавядомага амэрыканскага кангрэсмэна не заслугоўвае камэнтароў беларускага боку".

Але дыпляматычнае ведамства дадае: "Мы ўпэўненыя, што амэрыканскім парлямэнтарам ды выканаўчай уладзе ЗША хопіць здаровага розуму й адказнасьці, каб не паддацца на авантурныя памкненьні спадара Бара".

МЗС зазначае таксама, што пошук паразуменьня з краінамі Захаду — гэта важны напрамак беларускае замежнае палітыкі ды праца над гэтым напрамкам будзе працягвацца "дзеля ўзмацненьня зьнешнепалітычных пазыцыяў незалежнай і сувэрэннай Рэспублікі Беларусі".

XS
SM
MD
LG