Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭДЭРАЦЫЯ ПРАФСАЮЗАЎ ПРАВЕРЫЛА ГАТОВАСЬЦЬ ДА АКЦЫІ 14-ГА ЛЮТАГА


Міхал Стэльмак, Менск

Пачаць прафсаюзную акцыю ў парку Дружбы народаў заплянавана ў 16.30. Аднак, як казалі на сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнай рады, акцыя можа пачацца крыху пазьней — плошча Бангалёр убаку ад сталічных транспартных артэрыяў. І, як лічаць арганізатары мітынгу, ёсьць вялікая верагоднасьць, што рабочыя аддаленых заводаў да "месца выгулу сабак" патрапяць са спазьненьнем.

Прафсаюзныя лідэры Фэдэрацыі надалі шмат увагі парадку дня мітынгу, бо сумняюцца, што ён будзе шматлюдным. Між тым, прафсаюзы разьлічваюць якраз на масавасьць заўтрашняй акцыі пратэсту.

Вось што паведаміў на гэты конт нашаму радыё намесьнік старшыні Фэдэрацыі Мікалай Беланоўскі:

(Беланоўскі: ) "Акцыя павінна быць масавай — каб пераканаць улады, што трэба дамаўляцца й вырашаць пытаньні прафсаюзаў. Калі ня будзе масавасьці, агульнай падтрымкі, тады ўлада ня будзе глядзець на гэтыя патрабаваньні.

Асобныя чыноўнікі з адміністрацыі Лукашэнкі любяць казаць: вы вярхушка, адарваліся ад людзей. Кажуць: заробкі нізкія — гэтак толькі вам здаецца, а людзі жывуць добра.

А мы ж ведаем, што большасьць насельніцтва зараз на мяжы беднасьці".

(Карэспандэнт: ) "Ці чакаеце заўтра правакацыяў з боку праціўнікаў прафсаюзнай акцыі?"

(Беланоўскі: ) "Найбольшая правакацыя цяпер робіцца дзяржаўнымі СМІ. Нас, сур'ёзную арганізацыю, якая вырашае шмат пытаньняў з жыцьця краіны, паліваюць брудам: прыпісваюць нам нейкія грошы, маёмасныя пытаньні ды іншае.

Тыя, хто хоча правакацыяў, хай забудуцца на гэта, бо ў адказ дзеяньні могуць быць больш масавыя, чым у 1991 годзе".

Паводле словаў спадара Беланоўскага, у цэлым Фэдэрацыя добра паінфармавала сяброў прафсаюзаў пра заўтрашнюю акцыю пратэсту. У мітынгу мяркуюць браць удзел прадстаўнікі ўсіх галіновых прафсаюзаў, акрамя мэдыкаў.

Улады й наймальнікі, казалі на сёньняшнім паседжаньні Каардынацыйнай рады, заўтра да пачатку мітынгу паспрабуюць яшчэ раз націснуць на прафкамы й працоўныя калектывы.

Бадай, наймацнейшы ўціск адчуваюць прафсаюзныя арганізацыі прадпрыемстваў Дзяржавіяцыі. Спачатку галіновы прафсаюз беларускіх авіяработнікаў выказаўся супраць удзелу сваіх сяброў у мітынгу Фэдэрацыі, але напярэдадні прынялі новае рашэньне.

Вось што паведаміў старшыня Рэспубліканскага камітэту гэтага прафсаюзу Яўген Бурак:

(Бурак: ) "Гэта вынік актыўнасьці зьнізу. Работнікі Авіяцыйна-тэхнічнай базы аэрапорту "Менск-2", работнікі Аршанскага авіярамонтнага заводу, работнікі гомельскага аэрапорту ды іншых арганізацыяў выказалі незадавальненьне рашэньнем ад 1 лютага. І мы абавязаныя былі вярнуцца і абмяркоўвалі даволі доўга й грунтоўна гэтую праблему".

(Карэспандэнт: ) "Ці будуць заўтра сябры вашага прафсаюзу браць удзел у мітынгу?"

(Бурак: ) "Так, будуць. Гэтай будуць найперш прадстаўнікі Авіяцыйна-тэхнічнай базы "Менск-2". Я ўпэўнены, што будуць і іншыя нашы работнікі".

XS
SM
MD
LG