Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС І ТБМ ПАРАЗУМЕЛІСЯ, ШТО НАДПІСЫ НА ІМПАРТНЫХ ТАВАРАХ ПАВІННЫ БЫЦЬ ПА-БЕЛАРУСКУ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы, занепакоеныя тым фактам, што беларуская мова не выкарыстоўваецца пры афармленьні тавараў, якія імпартуюць у Беларусь, зьвярнулася з адпаведнай прапановай у МЗС і Гандлёва-прамысловую палату.

І вось у ТБМ прыйшоў адказ зь Міністэрства замежных справаў. Намесьнік міністра Аляксандар Міхневіч паведамляе: "МЗС лічыць мэтазгодным унесьці зьмены ў нарматыўна-прававыя акты дзеля распаўсюджваньня беларускай мовы".

Адказ таксама адзначае, што МЗС накіравала ў Міністэрства адукацыі прапанову ўнесьці зьмены ў закон "Аб мовах", каб на таварах, што імпартуюцца ў Беларусь, надпісы й тлумачэньні былі на беларускай і расейскай мовах.

Пакуль што ў законе “Аб мовах" запісана, што мовай маркіроўкі ці афармленьня тавараў можа быць беларуская ці расейская. Напраўду ж на этыкетках імпартаваных тавараў звычайна выкарыстоўваецца толькі расейская мова.

Гаворыць прэсавы сакратар МЗС Павал Латушка:

(Латушка: ) "Міністэрства замежных справаў зыходзіць з дакладнага выкананьня нормаў заканадаўства Рэспублікі Беларусі. Канстытуцыя Беларусі прадугледжвае роўныя правы на выкарыстаньне беларускай і расейскай моваў.

Унясеньне зьменаў у дзейнае заканадаўства (калі такая норма будзе абавязваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі) — гэткая норма будзе спрыяць раўнапраўнаму выкарыстаньню абедзьвюх моваў у надпісах на прадуктах, што імпартуюць у Беларусь".

Аднак, як высьветлілася, справа выкарыстаньня беларускай мовы на імпартных таварах залежыць ня толькі ад зьменаў у беларускім заканадаўстве.

Як паведаміў нашаму Радыё кіраўнік справаў ТБМ Сяргей Кручкоў, прадстаўнікі Таварыства зьвярталіся ў шэраг амбасадаў эўрапейскіх краінаў з просьбай паспрыяць справе выкарыстаньня беларускай мовы на таварах, якія гэтыя дзяржавы экспартуюць у Беларусь.

На просьбу супрацоўнікаў амбасады Нямеччыны ў Беларусі адгукнуўся шэраг нямецкіх вытворцаў, якія інструкцыі на сваіх таварах пішуць па-беларуску. Паводле спадара Кручкова, нават адна расейская фірма, якая вырабляе пяльмені, зьмяшчае на сваіх пакунках анатацыі па-беларуску.

У Таварыстве беларускай мовы лічаць, што грамадзкасьць можа змусіць улады выконваць заканадаўства й Канстытуцыю.

Гаворыць Сяргей Кручкоў:

(Кручкоў: ) " Пад ляжачы камень вада не бяжыць. Калі ў гэтым кірунку ўвесь час працаваць, настойваць, дык нават нягледзячы на жаданьне ўладаў — ісьці гэткім шляхам, не ісьці — зьмены будуць. Мы будзем працаваць, і мяркую, што зьмены ў заканадаўстве пацягне менавіта нашая праца".

Сябры ТБМ распрацавалі праграму пад назваю "Беларуская мова ў ХХІ-м стагодзьдзі", паводле якой яны будуць дамагацца ад уладаў вяртаньня беларускай мовы ў розныя сфэры жыцьця грамадзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG