Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ АДВАКАТАЎ, СПРАВА ХАБАРНІЦТВА Ў ГОМЕЛЬСКІМ МЭДІНСТЫТУЦЕ БУДЗЕ ЦЯЖКАЙ - ДЛЯ СУДУ


Казімер Яноўскі, Гомель

У памяшканьне абласнога суду, дзе адбывалася паседжаньне вайсковай калегіі, прыйшло гэтулькі журналістаў, прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў, сваякоў абвінавачаных, што міліцыянтам і вайсковаму камэнданту прыйшлося ажно рэгуляваць пропуск у залю — пускаць па тры чалавекі.

З васьмі абвінавачаных у суд зьявіліся сямёра. Гэта былы рэктар мэдінстытуту, прафэсар Юры Бандажэўскі, старшая выкладчыца Натальля Фомчанка, школьная настаўніца Ніна Шамычак і яшчэ трох, хто нібыта даваў хабар.

Былога прарэктара, падпалкоўніка мэдычнай службы Ўладзімера Раўкова прывезьлі са сьледчага ізалятару пад канвоем. Ён адзіны, хто й сёньня знаходзіцца за кратамі — ужо 19 месяцаў.

У суд з-за хваробы не прыйшла толькі экзамэнатарка абітурыентаў мэдінстытуту па хіміі, настаўніца сярэдняй школы № 12 Ліля Ганчарова. Але й гэтага было дастаткова, каб старшыня вайсковай калегіі, палкоўнік-юрыст Уладзімер Сукач перанес працэс на пачатак наступнага тыдня — пакуль паправіцца спадарыня Ганчарова.

Дарэчы, пра кепскі стан здароўя суду заявіў і Ўладзімер Раўкоў. Ён прасіў нават выклікаць тэрапэўта і кардыёляга, але просьбу пакінулі без увагі.

Прадстаўніком прафэсара Бандажэўскага суду прадставілі вядомага адваката й праваабаронцу Гары Паганяйлу.

Сам жа прафэсар Бандажэўскі паведаміў нашаму радыё, што прычынай крымінальнага перасьледу ёсьць ягоныя навуковыя дасьледаваньні наступстваў Чарнобылю. Аднак на судзе ён ня думае закранаць гэтую тэму.

(Бандажэўскі: ) "Я б хацеў, каб доказы маёй невінаватасьці будаваліся на матэрыялах крымінальнай справы. Я ня буду абвастраць іншых матываў. Я хачу, каб невінаватасьць мая была даказаная менавіта цягам гэтай крымінальнай справы, каб людзі ўрэшце пераканаліся, што адбылося".

А вось што мяркуе з нагоды працэсу Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) "Справа толькі пачынаецца. Аднак папярэдні прагляд абвінаваўчага заключэньня сьведчыць, што справа будзе цяжкай — для суду. Доказы вельмі хісткія й вельмі ж сумнеўныя. Уражаньне такое, што іх надзвычай мала ды яны ня надта адпавядаюць рэчаіснасьці, каб вынесьці менавіта ў дачыненьні Бандажэўскага абвінаваўчы прысуд".

XS
SM
MD
LG