Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРУГЛЫ СТОЛ. КАЛІ АБВЕСЬЦЯЦЬ АДЗІНАГА ДЭМАКРАТЫЧНАГА КАНДЫДАТА?


Віталь Цыганкоў, Менск

Ці не спазьняецца беларуская апазыцыя з вызначэньнем адзінага кандыдата? Ці мае шанцы выйграць прэзыдэнцкія выбары дэмакратычны кандыдат? Што будуць рабіць дэмакратычныя сілы ў выпадку, калі ўлада пойдзе на сілавы варыянт?

Гэтаму прысьвечаная наша сёньняшняя дыскусія за круглым сталом. У ёй бяруць удзел Старшыня БНФ Вінцук Вячорка і аглядальнік часопіса “Кур’ер” Вадзім Казначэеў.

(Цыганкоў: ) "Да прэзыдэнцкіх выбараў застаецца ня так шмат часу — каля паўгода. Людзі, якія прагнуць пераменаў у нашай краіне, усё часьцей задаюць пытаньне — дзе ж той агульны кандыдат, пра якога гавораць дэмакратычныя сілы.

Больш за тое, людзі, якія бачаць гэтага кандыдата, усё часьцей задаюць крытычныя пытаньні — чаму гэтага кандыдата дагэтуль няма, за каго мы павінны будзем агітаваць, як галасаваць на выбарах.

Спадар Вячорка, ці не здаецца вам, што гэтая паўза, якую зараз трымае КРДС, трошкі зацягнулася, і час бы грамадзтву нешта сказаць наконт адзінага кандыдата?"

(Вячорка: ) "Я сам, сустракаючыся зь людзьмі, выяжджаючы ў рэгіёны, добра адчуваю гэты ціск — “калі нарэшце назавяце таго, дзеля каго будзем ахвяраваць"?

Бо людзі сапраўды гатовыя абыходзіць кватэры, распаўсюджваць мільёны ўлётак, рабіць усю іншую патрэбную працу, якая, дарэчы вымагае мабілізацыі дзясяткаў тысячаў людзей па ўсёй Беларусі. Але кандыдат павінен быць пэрсаніфікаваны.

Скажу, што мы ідзем у нармальным тэмпе, што звужэньне сьпісу да трох па стане на сьнежань было вельмі добрым посьпехам. Іншая рэч, што ўжо на дварэ люты, і сапраўды сьпіс з трох, які абвесьціла адзіная сёньня існая кааліцыя — КРДС — ён павінен быць звужаны.

Я з аднаго боку разумею журналістаў, якія хацелі б штодзённых падзеяў, сэнсацыяў і так далей, але з другога боку, тая ціхая кулюарная праца, зьвязаная з асэнсаваньнем прэтэндэнтамі сваіх рэальных магчымасьцяў — яна ж намарна не сыходзіць.

Я так думаю, што на працягу самага бліжэйшага часу сьпіс прэтэндэнтаў, якія будуць падтрыманыя Каардынацыйнай Радай, вельмі істотна скароціцца.

І зьвязана гэта з тым, што прэтэндэнт, які разьлічвае на падтрымку структураў Каардынацыйнай Рады (яшчэ раз падкрэсьлю, сёньня гэта адзіная кааліцыя, якая распараджаецца агульнанацыянальнымі, гатовымі да працы й дасьведчанымі структурамі) — гэты прэтэндэнт павінен выказаць сваю згоду з рашэньнямі, якія прыме Каардынацыйная рада і Кангрэс дэмакратычных сілаў. Калі не — значыць, ён ня можа быць у сьпісе".

(Цыганкоў: ) "Дагэтуль ня вызначыліся і зь іншым пытаньнем. Няма згоды наконт таго фармату, у якім будуць удзельнічаць дэмакратычныя сілы на гэтых выбарах.

Іншымі словамі — ці павінен быць адзіны кандыдат, ці некалькі кандыдатаў, ці варыянт кандыдата з дублёрам.

Спадар Казначэеў, які варыянт, па-вашаму, найбольш пасаваў бы для перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах?"

(Казначэеў: ) "На маю думку, імя гэтага адзінага кандыдата павінна было быць названа… ну я ня ведаю, прынамсі летась, а я думаю, яшчэ паўгода таму.

Каб з малавядомага чалавека зрабіць раскручаную фігуру, якая сапраўды б здолела сабраць большасьць галасоў… Паглядзіце на расейскі прыклад. З Пуціна змаглі зрабіць, бо на яго працавала ўся дзяржаўная машына. Уся дзяржаўная машына будзе працаваць супраць дэмакратычнага кандыдата.

Што ж да таго, ці павінен ён быць адзін — улада не дапусьціць, каб ён быў адзіны. Найбольш рэальны сцэнар — вось падрыхтавалі зараз каштарыс на 15 кандыдатаў, прыблізна столькі іх і будзе.

Верагодна, улада будзе сама падштурхоўваць — ня тое што “зарэзаць” кагосьці, яна зацікаўленая, каб было як мага больш кандыдатаў. На жаль, улада гэта сьцяміла ўжо — ёй трэба, каб разрыў між першым апазыцыйным прэтэндэнтам і Лукашэнкам быў як мага большым".

(Цыганкоў: ) "Спадар Вячорка, што вы скажаце на папрокі, што дэмакратычныя сілы спазьніліся з вызначэньнем адзінага кандыдата?"

(Вячорка: ) "Не, мы не спазьніліся. Калі глядзець на аналёгіі, то я прывяду сэрбскую. Імя Каштуніцы назвалі за пару месяцаў да выбараў. І нягледзячы на тое (а можа быць дзякуючы таму), што супраць яго працавала ўся машына дзяржаўнай прапаганды — такая самая, як у нас — вынікі мы ведаем.

Мяркую, што часу ў нас дастаткова, градус грамадзкага спадзеву вельмі высокі, і людзі з надзеяй чакаюць імя. Варта яго толькі назваць, як яно загучыць і загрыміць, і будзе адпаведная ступень гатоўнасьці бараніць дэмакратычную пэрспэктыву Беларусі, калі, скажам, гэтага прэтэндэнта не зарэгіструюць.

Чаму не выпадае прысьпешваць вызначэньне адзінага кандыдата? Нельга ж ламаць сытуацыю праз калена, нельга перасварыцца пры гэтым. Трэба захаваць як мага шырэйшую кааліцыю. І гэтае пытаньне — з увагі на людзкія амбіцыі, з увагі на ранейшыя нашыя памылкі, якіх мы не хацелі бы паўтараць, яно вымагала крыху часу й гэтай самай кулюарнай узгадняльнай працы".

(Цыганкоў: ) "Большасьць беларускіх сацыёлягаў і некаторыя аналітыкі лічаць, што ня можа прэзыдэнцкія выбары выйграць кандыдат, які будзе асацыявацца зь сёньняшняй апазыцыяй.

Ня можа выйграць кандыдат, што будзе вылучаны ад дэмакратычных сілаў і зацьверджаны на нейкім зьездзе. Ваша меркаваньне з гэтай нагоды?"

(Казначэеў: ) "На жаль, гэта сапраўды вельмі распаўсюджанае меркаваньне.

Я б хацеў у гэтай сувязі прывесьці прыклад з нашай найноўшай гісторыі. Аляксандар Лукашэнка абсалютна не адпавядаў таму вобразу, які малявалі тады сацыялягічныя службы. Ён ня быў лагодным, талерантным, памяркоўным і гэтак далей. Але ён апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы, і здолеў выціснуць максымум з гэтага — зрабіцца прэзыдэнтам.

Я ўпэўнены — пакуль не зьявіцца фігура, якая прымусіць гуляць паводле сваіх правілаў, якая будзе здольная паказаць, што менавіта яна ёсьць прэтэндэнтам № 1, посьпех малаверагодны.

А калі такая асоба зьявіцца — з дэмакратычнага асяродку ці нават сябра партыі, то ўсё прыкладзецца. І калі гэты чалавек будзе здольны зрабіцца папулярным, тады й грамадзкая думка хісьнецца й будзе называць пажаданымі тыя якасьці, якія ўласьцівыя гэтай асобе".

(Цыганкоў: ) "Ці павінен кандыдат, як раяць сацыёлягі, гаварыць тое, што падабаецца народу, ці ён павінен быць проста моцным чалавекам са сваімі прынцыпамі, якія адпавядаюць прынцыпам дэмакратычных сілаў?"

(Вячорка: ) "Зважаць на тое, што бачыцца нашым людзям як найбалючыя праблемы, — бясспрэчна трэба. Але разам з тым ані прэтэндэнту, ані тым сілам, якія яго падтрымліваюць, нельга адмаўляцца ад сваёй сутнасьці, сваёй самаістасьці.

Калі раптам можна было б дапусьціць, што значнай частцы нашых людзей дагэтуль хочацца ўлучыцца ў Расею — з гэтага ж не вынікае, што мы дасягнем такой ступені цынізму (разбуральнага цынізму, у тым ліку для будучыні нашага грамадзтва), што пачнем на гэтым спэкуляваць дзеля дасягненьня электаральнага посьпеху.

Па-першае, тут і Лукашэнку не пераплюнеш, а па-другое, ёсьць межы любой тэхналягічнасьці, у тым ліку перадвыбарчай.

Згаджаюся са спадаром Казначэевым, у тым, пра што ён гаварыў, выступаючы на круглым стале 9 лютага. Ня можа апанэнт Лукашэнкі выглядаць неапазыцыйна. Гэта наадварот ягоны рэсурс — кантраст з Лукашэнкам. І на гэтым кантрасьце, на чаканьні інакшасьці можна й трэба згуляць у добрым сэнсе.

І яшчэ зазначу — папулярнасьць ствараецца. Яна ствараецца ў тым ліку ўлёткамі, паходамі ад дзьвярэй да дзьвярэй, вось гэтай штодзённай мурашынай, на першы пагляд, малазаўважнай працай нашых людзей".

(Цыганкоў: ) "Мы ня можам у нашай размове не закрануць яшчэ аднаго, сілавога варыянту разьвіцьця падзеяў.

Калі ўлада зрывае выбары альбо не рэгіструе асноўнага (ці адзінага) апазыцыйнага кандыдата, альбо фальшуе вынікі галасаваньня. Ці гатовыя дэмакратычныя сілы да такога разьвіцьця падзеяў?

І тут я прыгадаю 1992 год, калі скасаваньне рэфэрэндуму было цалкам нечаканым для БНФ, які нічога ня здолеў супрацьпаставіць гэтаму. І 1996 год, калі канстытуцыйны пераварот, учынены Лукашэнкам, не знайшоў аніякага супраціву з боку Вярхоўнага Савету.

Ці ёсьць зараз нейкая канкрэтная праграма дзеяньняў дэмакратычных сілаў на выпадак разьвіцьця падзеяў па сілавым варыянце?"

(Вячорка: ) "Не хацелася б варушыць старое, але ў 1992 годзе ў самім БНФ якраз былі прагнозы наконт незацьверджаньня рэфэрэндуму ў Вярхоўным Савеце, і адпаведна, памкненьні выводзіць людзей на вуліцы.

На вялікі жаль, тады перамагла заспакаяльная пазыцыя.

Што да сёньняшняга прагнозу — ясна, што Лукашэнка можа пайсьці на сілавы варыянт. У зьвязку з гэтым нам, натуральна, зважаючы на сэрбскі досьвед, трэба зыходзіць з таго, што перамогу прыйдзецца бараніць не пасьля яе дасягненьня, а, магчыма, яшчэ да гэтага".

(Казначэеў: ) "Я б дужа хацеў, каб я стаўся кепскім прарокам у гэтай сытуацыі, але на маю думку, прагноз несуцяшальны. Сілавы варыянт, гледзячы на ўсе дзеяньні Лукашэнкі, найбольш верагодны.

А менавіта — выбары пройдуць са страшэннымі парушэньнямі, назаўтра абвесьцяць, што Лукашэнка перамог у першым туры зь вялікай колькасьцю. І далей, разьлік апазыцыі на сэрбскі варыянт не здаецца мне вельмі рэальным у нашых умовах".

(Вячорка: ) "Я толькі скажу, што ступень чаканьняў грамадзтва цяпер высокая. Нашая справа, справа нашай правільнай інфармацыйнай палітыкі, гэтаму градусу ня даць зьнізіцца, а яго падвысіць.

Шанец на перамогу як ніколі высокі, і трэба ўлічваць акрамя настрояў грамадзтва ў цэлым, настроі той ягонай часткі, якая завецца элітай. Эліта ў сваёй сьвядомасьці Лукашэнку ўжо здала".

XS
SM
MD
LG