Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЧАС ПРЭСЫ. АПУБЛІКАВАНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ БЕЛАРУСКІХ СМІ ПАД ЧАС ВЫБАРАЎ У ПАЛАТУ ПРАДСТАЎНІКОЎ


Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) "У Вялікабрытаніі выйшла кніга, якая падае вынікі маніторынгу беларускіх мэдыяў падчас леташніх выбараў у гэтак званую Палату прадстаўнікоў. Кніга называецца "Polls Apart", што найлепш перакласьці як "Падзеленае галасаваньне".

Выданьне падрыхтаваў Інстытут дасьледаваньня вайны й міру (IWPR), які знаходзіцца ў Лёндане. Гэтая арганізацыя займаецца навучаньнем журналістаў, а таксама выдае кнігі й падтрымлівае мэдыі канфліктных рэгіёнаў сьвету.

Інстытут ня раз ганаравалі міжнароднымі прэміямі за найлепшую Інтэрнэт-журналістыку. Вось і кніга пра асьвятленьне беларускай прэсай парлямэнцкіх выбараў найперш зьявілася на сайце Інстытуту (www.iwpr.net). Таксама надрукавана 1 000 асобнікаў кнігі па-ангельску. Неўзабаве на сайце Інстытуту дасьледаваньня вайны й міру мусіць зьявіцца тэкст і па-расейску.

Маніторынг беларускіх мэдыяў ладзілі ад 24 верасьня да 22 кастрычніка 2000 году, рабілі яго беларускія грамадзяне — студэнты, журналісты, выкладчыкі. Цягам месяца 10 чалавек дакладна фіксавалі кожную згадку пра выбары ў газэтах і тэлевізійных перадачах, падлічвалі колькасьць радкоў і хвілінаў, прысьвечаных выбарам. Асобна давалі ацэнку якасьці й эмацыйнай афарбоўцы паведамленьняў.

Ва ўступе да кнігі кіраўнік праекту Алан Дэвіс адразу кажа пра сваё крытычнае стаўленьне да працы беларускіх мэдыяў падчас выбарчай кампаніі.

"Асьвятленьне выбараў было пераважна кіраванае палітычнымі, а не прафэсійнымі інтарэсамі. Беларускія мэдыі цалкам падзеленыя на праўрадавы і супрацьурадавы лягеры, і менавіта выбаршчыкі адназначна прайграюць. Ніводны бок не прадставіў грамадзтву належнай і аб'ектыўнай інфармацыі дзеля магчымасьці зрабіць сьвядомы выбар".

Ці не занадта жорсткая ацэнка? — спытаўся я ў спадара Дэвіса".

(Дэвіс: ) "Не, не зусім. Гэта крытыка не беларускіх мэдыяў як такіх. Мы працавалі на Балканах, у Сярэдняй Азіі, і, найгалоўнае, мы працавалі дзеля падтрымкі прафэсіяналізму. Калі мы хочам высокапрафэсійных мэдыяў, мусім імкнуцца да іхнай непалітызаванасьці. Наш маніторынг паказвае, што мэдыі ў Беларусі дужа палітызаваныя. І яны падзяляюцца на вельмі моцны дзяржаўны лягер і слабейшы апазыцыйны".

(Цыганкоў: ) "Негледзячы на выразны ідэалягічны падзел, герой дзяржаўнай і недзяржаўнай беларускай прэсы адзіны — Аляксандар Лукашэнка.

Кніга падае наступныя, на маю думку, ашаламляльныя зьвесткі з маніторынгу. За гэты час (нагадаю ізноў — ад 24 верасьня да 22 кастрычніка 2000 году) імя "Аляксандар Лукашэнка" дзяржаўныя газэты згадалі 1035 разоў — гэта 87,5% ад згадак усіх палітычных асобаў разам.

Іншымі словамі, усе астатнія беларускія палітыкі, якія мелі дачыненьне да выбараў, згадваліся толькі ў 12% паведамленьняў — у 7 разоў менш за аднаго Лукашэнку.

Прыкладам, найбліжэйшы да кіраўніка Беларусі дзеяч, нейкі Мікалай Дуніч, згадваўся 9 разоў, за ім ішлі Ўсевалад Янчэўскі і Міхаіл Чыгір — 8 разоў. Лукашэнка ж, нагадаю, 1035 разоў. Пры гэтым дзяржаўныя СМІ Лукашэнку ані разу не згадалі ў нэгатыўным кантэксьце. Аднак цалкам пазытыўна газэтчыкі казалі пра Лукашэнку толькі 40 разоў — відаць, пісаць што-небудзь добрае пра цяперашняга кіраўніка Беларусі не падымаецца пяро нават у журналістаў дзяржаўнай прэсы.

На дзяржаўным тэлебачаньні Лукашэнка атрымаў "толькі" 45,5% ад згадак іншых палітыкаў. Відавочна, тлумачыцца гэта тым, што тэлебачаньне больш займаецца тым, што бэсьціць апазыцыю. Адзінай апазыцыйнай фігурай, якая атрымала пэўны час на БТ, была Вольга Абрамава. Затое на Дзяржаўным радыё Лукашэнка атрымаў 82%.

Забаўна, што й апазыцыйная прэса мае таго ж галоўнага героя, хаця, вядома, маштабы розьняцца. Недзяржаўныя газэты, якія патрапілі ў маніторынг, Лукашэнку адносна іншых палітыкаў згадваюць у 51% публікацыяў. Зразумела, што тон гэтых матэрыялаў быў пераважна нэгатыўны для беларускага кіраўніка.

Той самы герой фігураваў і на расейскіх тэлеканалах. На НТВ Лукашэнка заняў 70% усіх паведамленьняў зь Беларусі, 76% на ОРТ і 100% на РТР. Нават у рэпартажы пра Марш Свабоды на РТР анікога з арганізатараў акцыі не назвалі.

Даволі неспадзявана могуць прагучаць і наступныя зьвесткі. Напрыклад, міт пра падпарадкаванасьць недзяржаўнай прэсы апазыцыйным лідэрам. Адзін з гэтых лідэраў, Анатоль Лябедзька, у апазыцыйнай прэсе мае амаль 40% адмоўных ацэнак, прыблізна 10% публікацыяў даюць яму станоўчую ацэнку, і рэшта публікацыяў ацэньвае яго нэўтральна.

А вось Вінцука Вячорку апазыцыйная прэса згадвала ў 80% публікацыяў нэўтральна, рэшта ацэнак была пазытыўнай. Аднак найлепшае асьвятленьне меў Міхаіл Чыгір — амаль 30% пазытыўнага асьвятленьня, рэшта — нэўтральна. Затое ў дзяржаўнай прэсе Чыгір — лідэр па "нэгатыве", ён саступае першынства толькі Статкевічу.

Зрэшты, немагчыма пералічыць усе зьвесткі з маніторынгу, зьмешчаныя ў гэтай 200-старонкавай кнізе. Спадар Дэвіс, ці ёсьць нейкія падабенствы ў стане беларускіх мэдыяў і мэдыяў тых краінаў, дзе працавалі прадстаўнікі Інстытуту?"

(Дэвіс: ) "Так, ёсьць вялікія падабенствы. Было добра прыехаць у Менск і пабачыць, што тут няма татальнай канфрантацыі паміж прадстаўнікамі розных этнічных групаў. Канфлікт у Беларусі — выключна палітычны, гэта палітычная вайна.

Мінулым тыднем я быў у Сараеве й Прышціне. Ведаеце, вы маеце вялікія праблемы, але ў вас бітва між палітычнымі партыямі, у вас няма такой этнічнай падзеленасьці, як на Балканах. З гэтага пункту гледжаньня беларуская сытуацыя дае больш падставаў для аптымізму за Балканы.

Я ўзгадаў, што мы рабілі маніторынг кастрычніцкіх выбараў на прэзыдэнта ў Сэрбіі — і тут таксама шмат падабенстваў зь Беларусяй. З аднаго боку, у Беларусі вялікія палітычныя праблемы — уціск прэсы й апазыцыі, празьмерная ўлада Лукашэнкі. Зь іншага боку, факт, што гэта не этнічны канфлікт, дае спадзяваньні на будучыню — калі мэдыі, прынамсі, нейкая іхная частка, адлучаць сябе ад удзелу ў палітычнай барацьбе".

(Цыганкоў: ) "У кнізе "Polls Apart" адзначаецца, што дзяржаўныя мэдыі прасоўваюць пазыцыю рэжыму. Зрэшты, такая ацэнка дзяржаўных СМІ нам звыклая.

Аднак можа выглядаць нязвыкла крытыка беларускай недзяржаўнай прэсы, якую мы бачым у кнізе. Спадар Дэвіс паведаміў мне, што наўмысна не ўжываў словазлучэньня "незалежная прэса" — замест гэтага зьвярнуўся да паняцьця "апазыцыйная прэса".

Якія парады вы хацелі б даць беларускім журналістам?"

(Дэвіс: ) "Гэта не мая задача — даваць парады. Я падкрэсьліваю, што маніторынг рабілі ня ў Лёндане, а ў Менску. Гэта вельмі складаная задача, ніхто й ня кажа, што гэта лёгка — ствараць сапраўды незалежныя СМІ. Гэта доўгачасовы працэс.

Але грамадзтва павінна заахвочваць тых нешматлікіх журналістаў, якія імкнуцца быць не чыёйсьці зброяй, ня нечым ворагам, а проста журналістамі, што хочуць паведамляць пра падзеі.

Беларускія СМІ маюць вялікія эканамічныя праблемы. Калі шмат мэдыяў, дык зразумела, што журналісцкі заробак будзе даволі нізкі, наклад выданьняў невысокі, рэклямы няшмат.

Я скажу не зусім тое, што многія хочуць пачуць, але — каб пабудаваць моцныя недзяржаўныя СМІ, вам лепей мець меней мэдыяў, але мацнейшых".

(Цыганкоў: ) "І яшчэ адна цытата з кнігі "Падзеленае галасаваньне":

"Як журналісцкая арганізацыя, якая працавала ў многіх рэгіёнах, мы лічым, што мэдыі павінны найперш аддзяліцца ад палітычнага працэсу — каб быць компасам падзеяў і назіральнікам пераменаў. Свабодная, а не вузкапартыйная прэса ёсьць перадумовай грамадзянскай супольнасьці й дэмакратычнага разьвіцьця".

XS
SM
MD
LG