Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"БОЛЬШ КАХАНЬНЯ" - НОВЫ МУЗЫЧНЫ АЛЬБОМ, ПРЫМЕРКАВАНЫ ДА ДНЯ СЬВЯТОГА ВАЛЯНЦІНА


Ягор Маёрчык, Менск

Да сьвята закаханых прымеркаваная прэзэнтацыя адмысловага музычнага альбому ў клюбе "Акварыюм". Моладзь прагне каханьня, любові, што й падкрэсьлівае назва дыску — "Больш каханьня". А калі дакладней, першае слова пішацца па-ангельску: "more". Праз гэта ўкладальнікі альбому маніфэстуюць повязь беларускай моладзі, іхных жаданьняў з Эўропай, дэмакратычным сьветам.

На дыску сабралі найпапулярныя беларускія песьні пра каханьне ў выкананьні гуртоў "Крыві", "NRM", "Крама", "Новае неба", "Нэўра Дзюбэль", а таксама песьні менш вядомых гуртоў — "Цмокі", "Харлі", "Белы Сон". Сабраныя пад адной вокладкай, песьні прэзэнтуюць каханьня шырока — аж да любові да радзімы.

Адзін з укладальнікаў дыску, прадусар Беларускай музычнай альтэрнатывы Сяргей Бялевіч распавядае пра прынцыповае адрозьненьне гэтага музычнага зборніку:

(Бялевіч: ) "Да кожнай касэты прыкладаецца адзін прэзэрватыў, бо мы спадзяемся, што пад тую музыку, што ўвайшла ў альбом, можна будзе кахацца з задавальненьнем. Безумоўна, гэта таксама, каб са здароўем у моладзі было ўсё добра. На жаль, у Беларусі няма мануфактураў, што вырабляюць прэзэрватывы, то даводзіцца замежныя прыкладаць — амэрыканскія і, відаць, швэдзкія".

Выпуск альбому "Больш каханьня", як і ягоная сёньняшняя прэзэнтацыя, —толькі частка шырокай праграмы сьвяткаваньня Дня Сьвятога Валянціна. На заўтра заплянавалі разнастайныя акцыі ў 32 гарадох Беларусі. Кожная зь іх мае палітычны акцэнт. Чаму? Тлумачыць намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Мы робім акцэнт на падзеі, што чакаюць нас сёлета. Гэта найперш выбары на прэзыдэнта — на іх цяпер працуе моладзевая кааліцыя "Пераменаў!". Мэта акцыі — ізноў нагадаць моладзі пра неабходнасьць пераменаў.

Моладзь, вядома, хоча новага жыцьця, лепшага. Лепшага прэзыдэнта — ня такога, што зараз".

Як звычайна, асноўныя падзеі будуць адбывацца ў сталіцы. Зранку маладыя людзі (ужо традыцыйна) наведаюць зь віншаваньнямі 18 дыпляматычных прадстаўніцтваў. Гэтым яны ізноў выявяць сваю падтрымку ідэі ўваходжаньня Беларусі ў Эўропу і прагу моладзі да свабоды.

Свае віншаваньні й салідарнасьць яны выкажуць і прафсаюзам, якія ў гэты ж дзень на плошчы Бангалёр будуць адстойваць свае правы.

Апагеем сьвяткаваньня мусіць стаць моладзевая імпрэза на пляцы Свабоды. Праграму пакуль што трымаюць у сакрэце, бо, як з горкай іроніяй адзначаюць арганізатары, цалкам верагодна, што нечаканыя карэктывы ўнясе гарадзкая міліцыя, як гэта здаралася мінулымі гадамі.

Зрэшты, разумеючы, што акцыя будзе мець палітычнае адценьне, Менгарвыканкам забараніў праводзіць яе ў цэнтры гораду.

XS
SM
MD
LG