Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ АГП, УЛАДЫ НЯ ХОЧУЦЬ СЛУХАЦЬ ПАТРАБАВАНЬНЯЎ ГРАМАДЗЯНАЎ


Любоў Лунёва, Менск

У скарзе сябры АГП паведамляюць, што Менгарвыканкам доўгі час беспадстаўна забараняе ім ладзіць акцыі альбо дазваляе іх толькі ў парку Дружбы народаў.

Пры гэтым выканкам спасылаецца на ўнутранае рашэньне № 1330 ад 17 сьнежня 1999 году. На думку заяўнікаў, гэтае рашэньне не адпавядае Канстытуцыі, міжнародным абавязкам Беларусі й беларускаму заканадаўству. Яно парушае правы грамадзянаў і юрыдычных асобаў на правядзеньне сходаў, мітынгаў ды іншых публічных мерапрыемстваў, таму зьяўляецца неправамоцным і незаконным.

Гаворыць намесьнік старшыні АГП Аляксандар Дабравольскі:

(Дабравольскі:) "Беларускія ўлады хочуць адмежавацца ад сваіх грамадзянаў, каб ня чуць, што грамадзяне думаюць і хочуць, чаго патрабуюць ад уладаў.

Мы лічым, што менавіта таму Менгарвыканкам пасылае ўсіх пікетчыкаў (нават калі яны хочуць пікетаваць амэрыканскую ці расейскую амбасаду) на плошчу Бангалёр, на сабачую пляцоўку. І гэта выклікала шмат пратэстаў, але ніякай станоўчай рэакцыі ўладаў пакуль што не было. Мы прапаноўваем аб'яднаць намаганьні, каб аспрэчыць у судзе пастанову Менгарвыканкаму.

Мы разьлічваем, што судовая ўлада будзе мець магчымасьць паказаць сваю самастойнасьць і забясьпечыць выкананьне правоў грамадзянаў.

Калі ж гэтага ня здарыцца, мы маем цьвёрды намер зьвяртацца ў міжнародныя інстанцыі, каб Рэспубліка Беларусь, якая падпісала шэраг міжнародных пагадненьняў у галіне правоў чалавека, адказвала за дзеяньні сваіх уладаў. Каб міжнародная супольнасьць таксама змагла прымусіць беларускія ўлады выконваць свае падпісаныя абавязацельствы", — паведаміў Радыё Свабода Аляксандар Дабравольскі.

Новая скарга АГП апратэстоўвае не прыватнае, а базавае рашэньне Менгарвыканкаму, на якое ён звычайна спасылаецца ў адказах на заяўкі партыі.


XS
SM
MD
LG