Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПАКАЗАЎСЯ ЗАКАНСЬПІРАВАНЫ "ЗУБАР"


Валер Каліноўскі, Менск

Прадстаўнікам беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі адмаўляліся называць месца сустрэчы па тэлефоне — толькі асабіста. Калі ж усе сабраліся ля Опэрнага тэатру ў Менску, арганізатары правялі прысутных да помніка Марату Казею. Там прадстаўнік арганізацыі "Зубар" зрабіў заяву для прэсы:

(Прадстаўнік "Зубра": ) "Вы прысутнічаеце на прэсавай канфэрэнцыі руху "Зубар". Гэта рух новага тыпу. Пра злачынствы дыктатарскага рэжыму вы ўсе добра ведаеце — выкраданьне людзей, ціск на журналістаў, зьнішчэньне мовы й культуры народу Беларусі, допыты й зьдзекі зь вязьняў. Мільёны людзей даведзеныя да галечы".

Назва "Зубар" відавочна пасуе арганізацыі экалягічнага тыпу. Сапраўды, гэтая тэма зьяўляецца адной з галоўных у праграмнай заяве руху:

(Прадстаўнік "Зубра": ) "Аўтарытарныя ўладары заўсёды былі ворагамі прыроды. Пад пагрозу ставіцца існаваньне волата беларускай прыроды — зубра.

Зубры — не каровы. Зубры не жывуць у няволі. Натуральнае асяродзьдзе для зубра — лес, натуральнае асяродзьдзе для чалавека — свабода. Лукашэнка зьнішчае лясы й душыць свабоду", — заявіў актывіст незарэгістраванага руху "Зубар".

Арганізацыя "Зубар" пасьпела выявіць сябе толькі ў прапагандзе сваёй назвы. Прыблізна ў двух дзясятках беларускіх гарадоў былі заўважаныя графіці з надпісам "Зубар" і адпаведныя налепкі. З гэтай прычыны чатыры прадстаўнікі гэтай таямнічай арганізацыі ўжо пацярпелі ад праваахоўчых органаў:

(Прадстаўнік "Зубра": ) "Супраць чатырох нашых сяброў распачалі крымінальныя справы. Прычына — графіці "Зубар" на сьценах дамоў у гарадах Беларусі. Але супраціў рэжыму будзе мацнець з кожным днём".

Заява кажа, што сутнасьць дзеяньняў новага руху — негвалтоўнасьць:

(Прадстаўнік "Зубра": ) "Лес дапамог партызанам уратаваць Беларусь ад прыгнёту. Сёньня мы будзем абараняць нашыя лясы й нашую свабоду!

Для нас непрымальны гвалт. Наш шлях — негвалтоўны супраціў дыктатуры. Сотні Зубраў — патрыётаў Беларусі — пачалі гэтую працу. Крадзяжу прыродных багацьцяў будзе пакладзены канец! Дыктатура разваліцца! Будзем разам, і сёлета Беларусь стане свабоднай!" — пасьля таго, як прадстаўнік руху "Зубар" зрабіў гэтую заяву, ён сышоў, не адказаўшы ні на адно пытаньне журналістаў, нават не назваўшы свайго прозьвішча.

Аляксей Шыдлоўскі, які склікаў журналістаў на гэтую сустрэчу, таксама няшмат змог патлумачыць:

(Шыдлоўскі: ) Я ня ў курсе, прабачце".

(Карэспандэнт: ) "Ці ўваходзіце вы ў гэтую арганізацыю?"

(Шыдлоўскі: ) "Не, я журналіст, мяне папрасілі сабраць журналістаў сёньня. Вось і ўсё".

(Карэспандэнт: ) "А хто гэты чалавек, зь якім мы сустракаліся сёньня?"

(Шыдлоўскі: ) "Ня ведаю. Гэта ранейшы знаёмы мой, ня помню, як завуць. Ён папрасіў захаваць інкогніта".

(Карэспандэнт: ) "А чаму яны захоўваюць інкогніта? Хто тыя чатыры чалавекі, на якіх завялі крымінальныя справы?"

(Шыдлоўскі: ) "Інфармацыя будзе раскіданая заўтра кожнаму пэрсанальна".

Такім чынам, таямніца вакол дзейнасьці новага кансьпіратыўнага руху негвалтоўнага супраціву застаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG