Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВІЦЕ ДОЎГА. НОВЫЯ САКРЭТЫ ДОЎГАЖЫХАРСТВА


Мікола Іваноў, Прага

Герой старажытнага грэцкага міту Тыфоніюс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё пераўтварылася для яго ў пакуты. Як жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці? Як зрабіць стараць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосць?

(Іваноў: ) Хочаце ведаць, колькі вам гадоў не паводле пашпарту, а ў сапраўднасьці? Што такое рэальны біялягічны ўзрост чалавека? Якім чынам можна яго падлічыць? Як уплывае на ваш біялягічны ўзрост генэтычная спадчыннасьць?

Cёньня ў перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства” мы працягваем размову пра тое, як можна вызначыць біялягічны ўзрост чалавека.
Прыгадаем, што храналягічны ўзрост чалавека, так званы пашпартны ўзрост, не заўсёды, а, дакладней кажучы, амаль ніколі, не адпавядае яго сапраўднаму біялягічнаму ўзросту. Усведамленьне свайго біялягічнага ўзросту для кожнага можа стаць падставай выбару адпаведнага стылю жыцьця і рэальнай папраўкі стану здароў’я.

Амэрыканская грамадзка-мэдычная арганізацыя Realage распрацавала спэцыяльны кампутарны тэст дзеля выяўленьня сапраўднага біялягічнага ўзросту чалавека, зь якім мы і пачалі вас знаёміць у мінулай перадачы сэрыі “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

З 27 пытаньняў, запрапанаваных экспэртамі Realage, мы адказалі на 7. Гэта былі пытаньні, датычныя асабістых дадзеных, суадносінаў паміж вагой цела і ростам, маіх адносінаў да курэньньня і спажываньня алькаголю.

Пасля адказу на кожнае пытаньне кампутар бязьлітасна высвечваў на экране мой біялягічны ўзрост. Электронная машына спраўна зьніжала яго за доўгае жыцьцё ў шлюбе, за трыманьне ў адпаведных рамках вагі цела, за ўстрыманьне ад курэньня, але адразу ж прыбаўляла дадатковыя гады за маё складанае дзяцінства, за злоўжываньне часам алькаголем і за тое, што даволі часта даводзіцца працаваць сярод курцоў. У выніку пад канец мінулай перадачы на рахунку майго біялягічнага ўзросту было крыху больш за 49 гадоў. Прыгадаю, што мой храналягічны (пашпартны) ўзрост – 52 гады.

І вось прыйшла чарга адказваць на пытаньні, датычныя генэтычнай спадчыннасьці. Сярод пытаньняў: узрост бацькоў, наяўнасьць спадчынных хваробаў у сям’і і сьмяротнасць сярод сваякоў.

На шчасьце, тут у маім асабістым выпадку ўсё было даволі добра. Мая нябошчыца маці пражыла 82 гады, а бацька і сёньня ў неблагім здароў’і і рыхтуецца сьвяткаваць свой 87-ы дзень нараджэньня. Кампутар за адказ на гэтыя пытаньні зьнізіў мой біялягічны ўзрост адразу на 2,5 гады. Але ўжо пры адказе на наступнае пытаньне я страціў цэлы год з папярэдняга здабытку. Прыйшлося прыгадаць, што два браты майго бацькі і сястра маці памерлі ад раку.

Крыху памаладзелым (кампутар паказваў мой біялягічны ўзрост 47,7 гады), я прыступаю да адказу на наступную групу пытаньняў.

Датычаць яны стылю жыцьця чалавека. Кампутар запытаўся: колькі гадзінаў у суткі вы сьпіцё, як рэгулярна прыймаеце полівітаміны, як харчуецеся:

Высьветлілася, што сплю я замала – усяго 6 гадзінаў. За гэта мой біялягічны ўзрост павысіўся амаль на чвэрць году. У камэнтары Realage я пазней прачытаў, што спаць рэкамэндуецца як мінімум 8 гадзінаў за суткі. І лепш за ўсе сну прысьвячаць начныя гадзіны.

З прыёмам полівітамінаў, шчыра мушу прызнаць, мне пашанцавала. Неяк мой сын прыехаў са ЗША і пачаў мяне крытыкаваць за тое, наколькі я неадукаваны, што не прымаю полівітамінаў. Я і цяпер стаўлюся да іх прыёму скептычна. Але на ўсялякі выпадак, каб не крыўдзіць сына і не выглядаць такім ужо невукам, я пачаў прымаць гэтыя вялікія жоўтыя пілюлі. Дарэчы, сын прывёз іх з Амэрыкі цэлую кучу. І вось цяпер ад Realage я атрымаў цэлых паўтара году зьніжэньня майго біялягічнага ўзросту за рэгулярны прыем полівітамінаў.

Пытаньні, датычныя характару харчаваньня, былі сфармаваныя наступным чынам:

- Колькі разоў на тыдзень вы сьнедаеце?
- Колькі разоў на дзень у вашым мэню прысутнічаюць валакністыя прадукты (хлеб грубага памолу, крупы ці рыс)?
- Колькі разоў у дзень харчуецеся садавінай?
- Як часта на працягу дня спажываеце гародніну?
- Колькі разоў на тыдзень ясьцё стравы, у склад якіх уваходзяць таматы і таматныя прадукты?
- Колькі разоў у тыдзень вы спажываеце стравы з чырвонага мяса?
- Як часта ясьцё рыбу?

Прызнаюся, што я дасюль ня ведаў, наколькі важную ролю для агульнага стану здароў’я чалавека адыгрывае сьняданак перад працай. Я звычайна толькі на працы недзе каля 11-й першы раз ем.

Realage ў сваім камэнтары настойліва раіць мне зьмяніць гэтую дрэнную звычку. Недаацэньваў я дасюль і значэньне памідораў у якасьці эфэктыўнага прыроднага антыаксыданта. На думку Realage, я мушу значна павялічыць спажываньне памідораў, кетчупу ці іншых памідоравых прадуктаў.

Затое чырвонае мяса вельмі рэдкае страва на маім стале. Я люблю рыбу, гародніну, садавіну. Люблю чорны хлеб, ахвотна ем кашы, рыс. Таму пазытыўныя моманты ў маім штодзённым меню перавысілі нэгатыўныя. І ў выніку я атрымаў 0,6 году зьніжэньня майго біялягічнага ўзросту.

46,8 году – такі біялягічны ўзрост высьвяціў кампутар
пасля адказаў на гэтую групу пытаньняў.

Падсумуем: вынік мой неблагі. Але, калі б я мог пазбавіцца дрэнных звычаяў (няесці сьняданак і кароткі начны сон) можна было быць яшчэ маладзейшым.

Праўда, усё гэта ў маіх сілах. І цяпер згодна з парадамі Realage я рыхтуюся змяніць гэтыя аспэкты свайго жыцьця.

Пазьней я пачаў адказваць на пытаньні, датычныя хваробаў, на якія хварэў, лекаў, што спажываў і спажываю цяпер, заняткаў спортам, транспартных сродкаў, якімі падарожнічаю, стрэсавых сытуацыяў і іншыя. Пра тое, што атрымалася ў выніку, на якім узроўні Realage канчаткова вызначыла мой сапраўдны біялягічны ўзрост вы даведаецеся ў наступнай перадачы “Жывіце доўга. Новыя сакрэты доўгажыхарства”.

А цяпер у нашай традыцыйнай рубрыцы “навіны мэдычнага жыцьця” пачнем зь некаторых парадаў амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і:

заняткі спортам (джогінг, аэробіка, плываньне, фітнс) адзін з найлепшых сродкаў прадухіленьня сярод жанчынаў рака малочнай залозы. Дасьледваньні амэрыканскіх навукоўцаў дзвюх спэцыяльна абраных групаў жанчынаў сьведчаць, што ў групе, дзе ўсе жанчыны рэгулярна займаліся спортам, захворваньні на рак грудзяў была амаль у два разы меншая, чым сярод тых, хто спортам не займаўся зусім;

-штодзённае спажываньне як мінімум 700 мікраграмаў фоліявай кіслаты, якая ўваходзіць у склад, напрыклад, фасолі, цыбулі, часныку, шчаўя, можа дапамагчы вам надоўга захаваць мозг маладым. Нізкі ўзровень фоліявай кіслаты ў крыві можа выклікаць расьсеянасьць, а таксама спрыяць узьнікненьню хваробы Альтгаймэра.

дасьледваньні брытанскіх лекараў на 22 тысячах пацыентаў выявілі, што жанчыны значна лягчэй прызвычайваюцца да нікатыну, чымся мужчыны. Кабетам таксама цяжэй адмовіцца ад курэньня. У выніку, калі агульная колькасць ракавых захворваньняў сярод жанчынаў у Вялікабрытаніі за апошнія гады скарацілася, сьмяротнасць ад раку легкіх сярод жанчынаў павялічылася на 36%;

Амэрыканскія лекары высветлілі, што ў аптымістаў і пэсымістаў галаўны мозг працуе па-рознаму. У выніку амаль гадавога дасьледваньня дзьвюх групаў добраахвотнікаў, высвятлілася, што фармаваньне мозгу песымістаў – гэта вынік дзеяньня розных неспрыяльных фактараў, у тым ліку хваробаў. Мозг аптымістаў у параўнаньні з пэсымістамі працуе значна спраўней. Гэтае дасьледваньне, як спадзяюцца лекары, можа дапамагчы распрацаваць новыя мэтады лячэньня дэпрэсіяў.

Сёньня, калі амаль увесь сьвет захапляецца цудоўнымі лекамі “антыаксыдантамі”, (гэта лекі якія ачышчаюць кроў чалавека ад празмернай вязкасьці), Realage прыгадвае, што адным з найбольш эфэктыўных антыаксыдантных сродкаў зьяўляюцца памідоры. Той, хто ня менш як 10 разоў на тыдзень харчуецца памідорамі, можа эфэктыўна прадухіліць хваробы сэрдэчна-судзінавай сыстэмы;

Брытанскія мэдыкі пачалі прымяняць у сваёй практыцы новы мэтад увядзеньня ў арганізм анальгетыкаў. Лек змяшчаецца ў аэразольную ўпакоўку, і хворы замест балючага уколу папросту ўдыхае яго. Асабліва эфэктыўна гэты сродак прымяняецца падчас лячэньня дзяцей.

XS
SM
MD
LG