Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА "ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ АБЕДЫ" ДЛЯ ШКОЛЬНІКАЎ ГРОШАЙ НЯМА


Казімер Яноўскі, Гомель

Бясплатнае гарачае харчаваньне школьнікаў, што жывуць на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях, прадугледжана адмысловым Законам пра сацыяльную абарону насельніцтва ў сувязі з Чарнобыльскай катастрофай.

Да сёлета выдаткі на харчаваньне браў на сябе рэспубліканскі бюджэт. Сродкі немалыя, бо ў рэгіёне практычна няма чыстых тэрыторыяў, а ў школах вучыцца больш за 70 000 дзяцей.

З 1 студзеня парадак зьмянілі: цэнтральныя ўлады пераклалі фінансаваньне харчаваньня школьнікаў на мясцовыя бюджэты. Гэта яшчэ больш ўскладніла разьлікі аддзелаў адукацыі з прадпрыемствамі грамадзкага харчаваньня. Сродкаў у мясцовых бюджэтах сёлета бракуе, як ніколі.

Паводле інфармацыі галоўнага спэцыяліста ўправы спажывецкага рынку й паслугаў Алы Гаварушкі, зараз раённыя аддзелы адукацыі Гомеля за сталаваньне школьнікаў вінны грамадзкаму харчаваньню амаль 300 мільёнаў рублёў. Яшчэ 200 мільёнаў за прадукты павінны вярнуць гандлю аддзелы адукацыі гарадоў абласнога падпарадкаваньня.

Надзвычай вострая праблема разьлікаў за харчаваньне школьнікаў у сельскай мясцовасьці. Аблспажыўсаюз забесьпечвае прадуктамі школы, але школы не заплацілі яму за студзень 617 мільёнаў рублёў. Зь іх ліку школы Хойніцкага раёну — 69 мільёнаў, Буда-Кашалёўскага — 65 мільёнаў, Рэчыцкага й Калінкавіцкага — па 60 мільёнаў рублёў.

Адсутнасьць своечасовага фінансаваньня адмоўна ўплывае на якасьць харчаваньня. Нават калі б фінансаваньне было поўным і своечасовым, усё адно ў школах нельга дамагчыся абедаў, якія адпавядалі б мэдычным нормам па калярыйнасьці, насычэньні неабходнымі вітамінамі.

Вось што распавяла кіраўніца ўправы грамадзкага харчаваньня Аблспажыўсаюзу Ліля Менская.

(Менская: ) "Натуральныя нормы спажываньня прадуктаў, якія зацьвердзіла Міністэрства аховы здароўя, не адпавядаюць тым грашовым сродкам, якія ўстанавілі на харчаваньне школьнікаў Міністэрствы фінансаў і адукацыі. Яны не супадаюць прыкладна на траціну.

Каб цалкам забясьпечыць натуральныя нормы прадуктаў для дзяцей на забруджаных тэрыторыях ад 1 кюры і вышэй, нам не хапае 30% сродкаў", —сказала спадарыня Менская.

Абласны выканаўчы камітэт і ягоная фінансавая ўправа ня раз ставілі пытаньне пра аднаўленьне фінансаваньня гарачага харчаваньня для школьнікаў забруджаных раёнаў з агульнанацыянальнага бюджэту. Аднак ініцыятыву гамельчукоў у сталіцы, і найперш у Міністэрстве фінансаў, не падтрымліваюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG