Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФСАЮЗЫ ЗАКЛІКАЮЦЬ СВАІХ СЯБРОЎ НА АКЦЫЮ 14-ГА ЛЮТАГА


Міхал Стэльмак, Менск

Сядзіба Фэдэрацыі па праспэкце Машэрава, 21 у Менску сталася своеасаблівым штабам прафсаюзаў па арганізацыі мітынгу. Сёньня гэты штаб наведалі дзясяткі прадстаўнікоў прафсаюзных камітэтаў сталіцы, каб атрымаць падрабязную інфармацыю пра мітынг 14 лютага.

Вось што паведаміў нашаму радыё загадчык арганізацыйнага аддзелу Фэдэрацыі Анатоль Лявіцкі:

(Лявіцкі: ) "Актыву даручаецца паведаміць нізавому прафсаюзнаму актыву й шараговым членам прафсаюзу пра мэты акцыі, месца правядзеньня і як выканаць шматлікія патрабаваньні заканадаўства.

Надрукавалі адпаведную колькасьць улётак, якія распавядаюць, як дабрацца да месца акцыі, пра мэты мерапрыемства. Маем людзей, якія будуць раздаваць гэтую літаратуру".

(Карэспандэнт: ) "Ці складана арганізаваць інфармаваньне сяброў Фэдэрацыі?"

(Лявіцкі: ) "Складанасьці ёсьць. Дзяржаўнай прэсе загадалі не дапусьціць акцыі, казаць, што акцыя праводзіцца з палітычнымі мэтамі", — зазначыў Анатоль Лявіцкі.

Ён не захацеў удакладніць, колькі прафсаюзных улётак Фэдэрацыя зьбіраецца распаўсюдзіць у працоўных калектывах. Між тым, паводле інфармацыі зь іншых крыніцаў, гэтая колькасьць роўная лічбе сяброў Фэдэрацыі, што жывуць у Менску.

Нягледзячы на разгалінаванасьць у Менску прафсаюзных структураў, ахапіць 700 000 працоўных сталіцы — задача складаная. Прыкладам, прафкам аднаго з найбуйнейшых прадпрыемстваў гораду — Менскага трактарнага заводу, атрымаў сёньня ўлёткі толькі апоўдні. Іх сюды, як паведаміў мне старшыня прафкаму Анатоль Кудзялевіч, дастаўлена 20 000 асобнікаў.

Менавіта столькі трактарабудаўнікоў зьяўляецца сябрамі галіновага прафсаюзу аўтасельгасмашу. Зараз цяжка сказаць, ці здолее мясцовы прафкам данесьці інфармацыю пра мітынг да кожнага працаўніка за два дні да пачатку акцыі. Бо форма інфармаваньня тут досыць пасыўная — вырашылі гэтыя 20 000 улётак распаўсюдзіць праз заводзкі прафсаюзны актыў. Ня выключана, што ў гэты працэс можа ўмяшацца адміністрацыя МТЗ.

Рэч у тым, што раніцай заводзкі прафкам, паводле словаў ягонага лідэра Анатоля Кудзялевіча, наведаў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства, які цікавіўся дэталямі прафсаюзнай агітацыі.

Яшчэ больш складаная сытуацыя з інфармаваньнем працоўных пра акцыю пратэсту 14 лютага склалася на Менскім маторным заводзе. Тут прафкам прадпрыемства, які таксама ўваходзіць у галіновы прафсаюз аўтасельгасмашу, выказаўся супраць удзелу ў мітынгу і таму адмаўляецца распаўсюджваць улёткі Фэдэрацыі.

Затое ейную ініцыятыву на маторным заводзе ўхваліў альтэрнатыўны прафсаюз — мясцовая суполка Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Гаворыць ягоны старшыня Валеры Захарчанка:

(Захарчанка: ) "Многія людзі абураныя такім рашэньнем прафкаму аўтасельгасмашу і зьбіраюцца пайсьці на мітынг. Рэч у тым, што акцыя пратэсту для маторабудаўнікоў зараз мае надзённы характар і ўхіленьне ад яе супярэчыць інтарэсам сяброў прафсаюзу.

Там 15-20 чалавек прафкаму за людзей прынялі рашэньне", — выказаў сваё абурэньне лідэр Свабоднага прафсаюзу Валеры Захарчанка.

XS
SM
MD
LG