Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ КАПІТАЛ АСЯДАЕ Ў ЗАМЕЖНЫХ БАНКАХ


Ігар Карней, Менск

Амэрыканскія аналітыкі мяркуюць, што большая частка грашовых актываў на рахунках афшорных банкаў мае даволі сумніўнае паходжаньне (аднак жа тыя грошы ахоўвае таямніца ўнёскаў).

Значная колькасьць капіталу паходзіць з так званых праблемных рэгіёнаў сьвету, дзе дзейнасьць бізнэсовых структураў абмежаваная эканамічна ці базуецца на карупцыі ды крымінале.

Як раней, найбольш прывабны для міжнароднага бізнэсу Кіпр. Лібэральнае мясцовае заканадаўства не глядзіць на паходжаньне некаторых сумаў: з зарэгістраваных тут летась 24 000 фірмаў толькі 1 000 прысутнічала фізычна. Астатнія працавалі ў віртуальным рэжыме.

Беларускі капітал даўно перастаў давяраць уласныя зьберажэньні айчынным банкам. Да таго ж, легальны бізнэс мае на ўвазе, што паводле вынікаў году прыйдзецца аддаць дзяржаве 80–90% прыбыткаў.

Да таго ж, заўсёды існуе небясьпека трапіць пад артыкул калі не Крымінальнага, дык Адміністрацыйнага кодэксу: колькасьць фіскальных органаў ужо ці ня роўная колькасьці камэрцыйных структураў.

Прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін лічыць, што паступовае кананьне бізнэсу абумоўлена менавіта антыпрадпрымальніцкай палітыкай уладаў.

(Карагін: ) "І Нацбанк, і ўрад вельмі жорстка ставяцца да пераводу сродкаў. У прыватнасьці, ёсьць забарона на разьлікі праз афшорную зону “Інгушэція”, існуе цэлы шэраг банкаўскіх інструкцыяў.

Заканадаўства забараняе вывозіць сродкі за мяжу больш як на 60 дзён. Так што нашы прадпрыемствы ўсяляк стрымліваюцца ў сэнсе выкарыстаньня мэханізму афшорных зонаў (хоць гэта мог быць адзін з інструмэнтаў вырашэньня эканамічных інтарэсаў прадпрыемства ў краіне, дзе ня вельмі высокая сацыяльная нагрузка). Вядома, сумнеўныя праекты таксама актыўна карыстаюцца такімі паслугамі".

(Карэспандэнт: ) "Дарэчы, шараговыя грамадзяне мабыць ужо й ня памятаюць, што ў нас ёсьць уласныя прататыпы афшораў — Свабодныя эканамічныя зоны “Берасьце” й “Менск”. Чаму беларускія бізнэсоўцы не ўкладаюць грошай у айчынныя тэрыторыі?"

(Карагін: ) "Свабодная эканамічная зона — дастаткова цікавы мэханізм акумуляваньня сродкаў, калі б не даволі высокі парог для патэнцыйных інвэстараў — 50 000 даляраў у статутным фондзе.

Саюз прадпрымальнікаў ня раз прапаноўваў абмежавацца 5 000 даляраў, бо грошы трэба браць са звароту, а не з агульнай масы. Але мяне найбольш трывожыць тое, што 70% суб’ектаў гаспадараньня не выжываюць цягам нават трох гадоў. Гінуць, зьнікаюць, сыходзяць з рынку. Дастаткова згадаць, як апошнія 4 гады адбывалася перарэгістрацыя — цалкам бессыстэмная, нелягічная апэрацыя, якой многія проста не перанесьлі".

Гэта быў прэзыдэнт Саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін.

Што да памераў беларускага капіталу, які апошнім часам стала пускае карані ў замежжы, то эканамісты вызначаюць ягоныя памеры па-рознаму — ад дзясяткаў да сотняў мільёнаў даляраў. Няшмат у параўнаньні зь іншымі краінамі, але бізнэс меў магчымасьць рэальна разьвівацца ў Беларусі толькі да Лукашэнкі.

Найбольшыя сумы з прычыны пакуль адносна празрыстых палітыка-эканамічных межаў з Расеяй канцэнтруюцца менавіта там. Шмат сродкаў захоўваецца ў банкаўскіх установах Літвы й Латвіі. Усе астатнія грошы інвэставаныя менавіта ў афшорныя тэрыторыі — ад Гібралтару да Віргінскіх выспаў.

Дарэчы, кіраўнік адной зь юрыдычных фірмаў, што займаецца рэгістрацыяй кампаніяў у замежжы, пацьвердзіў: попыт на афшорныя тэрыторыі стабільны цягам менавіта трох–чатырох апошніх гадоў. Гэта якраз той тэрмін, калі прадпрымальнікі ў Беларусі неафіцыйна апынуліся па-за законам.

XS
SM
MD
LG